Тысячы супрацоўнікаў «Гродна Азот» сустрэліся з кіраўніцтвам гораду. ФОТА, ВІДЭА

Тысячы супрацоўнікаў «Гродна Азот» выйшлі, каб сустрэцца з кіраўніцтвам заводу і гораду. Яны дамагліся, каб сустрэча праходзіла па-за тэрыторыяй заводу і каб пусьцілі незалежную прэсу.

На сустрэчы было 3–4 тысячы чалавек.

Дзьве рэчы, якія агучыў генэральны дырэктар Ігар Бобрык, — гэта разабрацца з гвалтам над мірнымі грамадзянамі і вырашыць пытаньне з затрыманымі работнікамі хімічнага прадпрыемства. Людзі патрабуюць таксама сумленных выбараў.

Супрацоўнікі скандавалі: «Свабоду», «Выбары», «Ганьба», «Уходи».

«Я не хачу, каб у гэтым горадзе пралівалася кроў», — сказаў старшыня Горадзенскага гарвыканкаму Мечыслаў Гой.

Намесьнік начальніка УУС Горадзенскага аблвыканкаму Валянцін Асіповіч сказаў, што ўсе работнікі «Гродна Азот» ужо вызваленыя, за ноч вызвалілі 90 чалавек. Гендырэктар Бобрык паабяцаў, што вызваляць і сваякоў работнікаў.

Работніца «Гродна Азот» Алена Жэжа, якая працуе на заводзе 30 гадоў разам з мужам, эмацыйна, са сьлязьмі прасіла спыніць гвалт, гатовая была стаць на калені перад кіраўніцтвам і сілавікамі.

Пажылыя мужчыны, якія доўгі час працуюць на прадпрыемстве, хваляваліся, голас перарываўся, у некаторых сьлёзы на вачах. Яны сказалі, што перажываюць за сваіх блізкіх, за сваіх дзяцей, будучыню ў краіне, што хочуць адчуваць сябе дома ў сваёй краіне і самастойна вырашаць яе лёс.

Работнік «Гродна Азот» расказаў, што ягоная жонка працавала назіральніцай на выбарах. Пасьля выбараў кіраўніцтва сказала ёй выключыць тэлефон і зьехаць за мяжу ў бясьпечнае месца, бо назіральнікаў пачалі затрымліваць.

Работнікі «Гродна Азот» патрабуюць:

  • прызнаць выбары несумленнымі;
  • вызваліць усіх палітзьняволеных і затрыманых падчас пратэстаў, а ня толькі работнікаў «Гродна Азот»;
  • прыбраць з вуліц сілавікоў у балаклавах, каб яны адкрылі твары і насілі бэйджы з нагруднымі знакамі;
  • прыбраць з вуліц вайсковыя машыны «Тыгр»;
  • пакараць сілавікоў, вінаватых у аварыі зь пяцігадовай дзяўчынкай;
  • правесьці праверку затрыманьня і зьбіцьця горадзенскага журналіста Руслана Кулевіча.

«Аказваецца, міністру МУС можна сказаць „даруйце“, і ўсё?»

«Учора міністар МУС сказаў „даруйце“, уяўляеце? Аказваецца, міністру МУС можна сказаць „даруйце“, і ўсё? Нам за парушэньні на вытворчасьці таксама можна сказаць проста „даруйце“ і не плаціць штрафаў?» — сказаў работнік «Азоту».

«Хто будзе плаціць штрафы, якія далі затрыманым?» — пыталіся людзі.

Работнік «Азоту» запатрабаваў разабрацца з сытуацыяй, калі мужчыны стаялі на каленях перад аблвыканкамам з фатаграфіяй пацярпелай ад вайсковай тэхнікі дзяўчынкай, а іх затрымалі і зьбілі. Адзін зь іх цяпер у шпіталі.

На пытаньне, хто галасаваў за Сьвятлану Ціханоўскую, амаль усе паднялі рукі.

Работнік Юры Гаравы сказаў, што на ягоным участку, дзе ён быў назіральнікам, 207 галасоў паводле пратаколу за Ціханоўскую. Аднак ён мае ўжо больш як 400 подпісаў са свайго ўчастку за яе.

Старшыня гарвыканкаму сказаў, што ў ЦВК паступіла каля 600 зваротаў аб парушэньнях на выбарах, ідзе праверка.

Пракурор Уладзімер Клішын заявіў, што прызначыць новыя выбары можа толькі ЦВК, і ніхто ў горадзе ня можа на гэта паўплываць.

Работнікі вырашаюць, якім шляхам будуць дамагацца, каб прызналі фальсыфікацыю выбараў.

Гэтая публікацыя падрыхтаваная з выкарыстаньнем інфармацыі БелаПАН.

Ігар Бабыр, генэральны дырэктар прадпрыемства

Эмацыйная прамова работніцы Алены Жэжы

Кіраўнік горада Мечыслаў Гой у белай кашулі

Учора каля тысячы работнікаў буйнога хімічнага прадпрыемства прайшлі маршам ад заводу ў цэнтар Горадні.

Перад гэтым на «Гродна Азот» тысячы чалавек падпісаліся пад заявай аб нязгодзе з вынікамі выбараў. Супрацоўнікі сьцьвярджаюць, што большасьць тэхналягічных цэхаў ня можа спыніць працу, бо там бесьперапынная вытворчасьць. Іначай наступствы — «аж да тэхнагеннай катастрофы».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Шосты дзень пратэстаў. Масавыя шэсьці і мітынгі рабочых у Менску, Салігорску, Віцебску, Горадні. Жлобіне