Толькі ў Менску за 11 жніўня на «суткі» асудзілі больш за 500 чалавек. Сьпіс

Людзі прыйшлі да ізалятару на Акрэсьціна шукаць затрыманых сваякоў, 12 жніўня

13 жніўня Вярхоўны суд «у сувязі са шматлікімі просьбамі» апублікаваў сьпіс тых, каго асудзілі па адміністрацыйных справах у судах Менску 11 жніўня.

У сьпісе больш за 500 прозьвішчаў, штрафаў няма, усіх асудзілі на «суткі».

Некаторым давалі 4 дні адміністрацыйнага арышту, некаторым — па 25 сутак. Найбольш часты прысуд — 15 сутак. Сьпіс цалкам можна пабачыць па спасылцы.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Фашысты так не рабілі з нашым народам». Што кажуць людзі, якія шукаюць сваякоў ля турмы на Акрэсьціна

Пасьля масавых затрыманьняў падчас пратэстаў у Менску ў сувязі з абвяшчэньнем перамогі Аляксандра Лукашэнкі на чарговых прэзыдэнцкіх выбарах сваякі затрыманых па некалькі дзён не маглі даведацца, дзе знаходзяцца іх родныя. І хоць Міністэрства ўнутраных спраў паабяцала, што «інфармацыю пра затрыманых падчас пратэстаў у Менску можна атрымаць круглыя суткі», некаторыя, хто званіў туды, не атрымлівалі ніякай інфармацыі.

Ля ізалятару часовага ўтрыманьня на Акрэсьціна зьбіраліся сотні чалавек: людзі шукалі сваіх сыноў, дачок, мужоў ці жонак, дзядзькоў, сяброў, пра якіх ужо некалькі дзён няма ніякай інфармацыі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: 36 чалавек у камэры, разьлічанай на чацьвярых. Тры дні бязь ежы