Хто можа спыніць хвалю гвалту ў Беларусі? Хто кіруе пратэстамі? Як будзе разьвівацца пратэст?
Гэтыя пытаньні ў «Праскім акцэнце» абмяркоўвалі палітычныя аналітыкі Віталь Цыганкоў і Валер Карбалевіч. Перадача запісвалася ўчора. Празь некалькі гадзінаў пасьля запісу Віталя і яго жонку Вольгу зьбілі і затрымалі.
Дракахруст: Што можа спыніць тую хвалю жахлівага гвалту, якую мы цяпер назіраем у Беларусі?
Цыганкоў: Самы просты адказ — улада можа даць загад не чыніць гвалту з боку праваахоўных структураў. Ужываньне гвалту мела на мэце запалохаць грамадзтва. Людзі ж выказваюць свой пратэст, яны не ідуць браць штурмам нейкія ўрадавыя будынкі, шмат пратэстаў адбываецца ў мікрараёнах. Калі АМАП ня будзе біць, хапаць, страляць, то людзі выкажуцца і, магчыма, разыдуцца з адчуваньнем сваёй маральнай перамогі.
Лукашэнка напярэдадні выбараў увесь час казаў пра вайну і Майдан. Дык ён яе і зладзіў. І цяпер яму вырашаць, ці трэба працягваць, бо пачаліся нэгатыўныя для яго наступствы. Ён у першыя дні хацеў ужываньнем сілы напалохаць грамадзтва. Іншы адказ — крыху фантастычны, які быў бы ідэальным у нейкай іншай краіне — гэта перамовы, калі ўлада прызнае, што ў пратэстоўцаў ёсьць нейкая свая рацыя і зь імі трэба дамаўляцца. Калі не самому Лукашэнку, дык нейкаму яго прадстаўніку. Ну, і, напэўна, самы фантастычны варыянт: калі нейкі палкоўнік арыштоўвае ўзурпатара і шмат пытаньняў гэтым здымаецца.
Дракахруст: Ну, ёсьць і яшчэ адзін варыянт — гэта перамога пратэстоўцаў, перамога тых, хто лічыць, што прэзыдэнтам была абраная Ціханоўская. Наколькі гэта імаверна?
Карбалевіч: Цяпер ужо можна гаварыць пра грамадзянскую вайну. Лік ідзе на сотні параненых, ёсьць забітыя. Вынікаў сапраўды тры: ці кампраміс, ці перамога аднаго з бакоў. Вы спыталіся пра перамогу фактычна рэвалюцыі. Але ёсьць і варыянт перамогі ўлады, калі ўлада раздушыць народны супраціў.
Звычайна грамадзянская вайна — гэта канфлікт паміж часткамі грамадзтва. Зараз у Беларусі гэтага няма, ёсьць канфлікт паміж грамадзтвам і ўладай, рэжымам. Другога боку грамадзтва няма. Але гэты кансалідаваны рэжым пакуль не дае збояў, асабліва сілавыя структуры безагаворачна выконваюць усе загады Лукашэнкі. Тая жорсткасьць, якую мы бачым, — сілавым структурам дадзены дазвол і індульгенцыя на самыя жорсткія дзеяньні. Сілавікі паводзяць сябе як акупацыйная армія на чужой тэрыторыі. Чужога народу не шкада. Так што пакуль рана казаць пра перамогу грамадзтва.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Было страшна, калі на мяне накіравалі стрэльбу». Што кажуць удзельнікі пратэстаў у МенскуДракахруст: Віталь, вы назіралі за пратэстамі, размаўлялі зь іх удзельнікамі. Хто для людзей лідэры? Чыіх заклікаў, парадаў, загадаў яны слухаюцца? Сьвятлана Ціханоўская пакінула краіну. Але варта сказаць, што яна не пазыцыянавала сябе як лідэр пратэстаў, дый не заклікала да іх. Хто, калі не яна? Сьцяпан Сьвятлоў, уладальнік тэлеграм-каналу NEXTA? Вы казалі пра магчымыя перамовы Лукашэнкі з пратэстоўцамі. А з кім яму перамаўляцца — са Сьвятловым?
Цыганкоў: Лідэраў абсалютна няма, гэта дэцэнтралізаваны пратэст. У сацыяльных сетках зьявіліся развагі, што нічога кепскага ў гэтым няма, маўляў, людзі, не прасіце аднолькавых нечых загадаў. Рабіце тое, што лічыце патрэбным і магчымым: раскідайце ўлёткі, станавіцеся ў ланцуг салідарнасьці, мігайце тэлефонам.
Быў адключаны інтэрнэт, людзі перамаўляліся, абмяркоўвалі, куды ісьці і што рабіць. Працаваў Telegram час ад часу. Тыя, хто хоць нешта ведаў, атрымлівалі інфармацыю з Telegram-каналаў. Было там некалькі анархістаў, яны больш спрактыкаваныя, яны расказвалі, як станавіцца ў счэпку. Але яны ня лідэры.
Што тычыцца палітычных установак, то я іх таксама ня чуў. На бел-чырвона-белыя сьцягі і стужкі ўсе рэагавалі вельмі пазытыўна. Крычалі аднолькава і «Позор», і «Ганьба», і «Верым! Можам! Пераможам!» — беларускамоўны заклік, які крычалі і расейскамоўныя людзі. Ні лідэраў, ні ідэалягічнага складніку ў гэтага пратэсту няма, акрамя аднаго — выбары сфальсыфікаваныя, мы супраць гвалту міліцыі, Лукашэнка — сыходзь. Людзі пакуль аб’яднаныя толькі гэтым.
Мы з вамі, Юры, памятаем гарбачоўскую перабудову, 1989–1990 год. Тады пад сьцягам БНФ аб’ядналіся самыя розныя людзі, з рознымі ідэалягічнымі каштоўнасьцямі. Але яны былі аб’яднаныя мэтай скінуць камуністычную ўладу. Штосьці падобнае адбываецца цяпер. Людзі аб’ядналіся дзеля адной мэты: адправіць Лукашэнку ў адстаўку.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Гэты пажар Лукашэнка не пагасіць», — расейскі апазыцыйны палітык МілоўДракахруст: Калі няма канкрэтнага цэнтру пратэсту, то ўзьнікае праблема, з кім перамаўляцца па пытаньні выхаду з крызісу. Зь Ціханоўскай? Мы ведаем, дзе яна і што яна сказала. Ці не азначае гэта, што шлях палітычнага вырашэньня крызісу адсутнічае?
Карбалевіч: Штаб Ціханоўскай нават пры адсутнасьці самой Ціханоўскай мог стаць такім цэнтрам. Аднак пакуль ён ухіляўся ад таго, каб ачоліць пратэст. Хоць апошнія заявы адтуль робяцца ўсё больш рашучымі.
Аднак, думаю, галоўная праблема ня ў гэтым. Калі б Лукашэнка захацеў пачаць дыялёг, то ён бы вызваліў Ціханоўскага, Бабарыку, Статкевіча, Севярынца, сеў бы зь імі за стол і прапанаваў шукаць выйсьце. Аднак праблема ў тым, што Лукашэнка адмаўляецца бачыць у другім баку палітычнага суб’екта.
Глядзіце, як сам Лукашэнка і дзяржаўныя мэдыя камэнтуюць апошнія падзеі. Маўляў, гэта не народ выйшаў на вуліцы. Гэта «правакатары», «адмарозкі», «авечкі», «п'яныя», «абкураныя», «наркаманы». Дый яны нібыта кіруюцца з-за мяжы. У гэтым галоўная праблема. Лукашэнка адмаўляецца прызнаваць, што супраць яго выступіў народ.
Дракахруст: Віталь, вось вы прысутнічалі на гэтых пратэстах. Ці можаце вы даць сацыяльны, дэмаграфічны партрэт людзей, якія пратэстуюць?
Цыганкоў: Там прысутнічалі самыя розныя людзі. 70–80% — гэта моладзь. Там былі хлопцы з рабочых раёнаў. Кажучы амэрыканскаю моваю, «рэднэкі». Ёсьць людзі з нэгатыўным стаўленьнем да міліцыі. Яны не хавалі, што гатовыя дужацца з АМАПам. Была і інтэлігентная публіка, былі людзі зь бел-чырвона-белымі сьцяжкамі. То бок у асноўным гэта ня тая публіка, якая шмат гадоў хадзіла на акцыі апазыцыі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: БелАЗ пачне страйк з панядзелка, калі патрабаваньні рабочых будуць праігнараваныяДракахруст: Гучалі заклікі да страйку. І былі першыя прыкметы. На Жлобінскім мэталюргічным заводзе быў інцыдэнт. На менскіх заводах нешта адбывалася. Мы з вамі памятаем, як у красавіку 1991 году адбыўся ўсеагульны страйк, калёны рабочых рушылі да цэнтру Менску. Цяпер гэтага няма. Чаму?
Карбалевіч: У 1991 годзе быў востры крызіс эліт, іх раскол. Дырэктары некаторых прадпрыемстваў адчынялі брамы заводаў і выпускалі рабочых на вуліцу. Цяпер усё па-іншаму.
Ёсьць дзьве праблемы, якія стрымліваюць страйкі на дзяржпрадпрыемствах. Па-першае, кантрактная сыстэма зьвязвае рукі рабочым. Яны баяцца страціць працу. Па-другое, дзяржпрадпрыемствы ў большасьці нерэнтабэльныя і моцна залежаць ад дзяржаўнай дапамогі. І выступаць супраць улады, якая іх фактычна трымае на плыву? А без урадавай падтрымкі шмат прадпрыемстваў проста існаваць ня могуць. Тым больш што апанэнты Лукашэнкі шмат гаварылі пра прыватызацыю.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Хто даў каманду „фас“?». У Горадні работнікі «Хімвалакна» выказалі кіраўніцтву гораду ўсё, што думаюцьДракахруст: Якая дынаміка пратэсту? І дынаміка жорсткасьці ўладаў?
Карбалевіч: Колькасьць людзей, якія пратэставалі ў другую ноч, была трохі меншая, чым у першую. То бок, пакуль ня бачу нарастаньня пратэставай хвалі. Але тут няма нейкіх лінейных заканамернасьцяў. Існуе несупадзеньне альгарытмаў. У першую ноч на вуліцы выйшла шмат людзей. А сходы на прадпрыемствах пачаліся на другі-трэці дзень.
Думаю, моцна паўплывала на сытуацыю адключэньне інтэрнэту. Шмат людзей, якія не маглі карыстацца складанымі схемамі пераадоленьня блякаваньня, апынуліся ў інфармацыйным вакуўме. На тры дні Беларусь вярнулася ў даінтэрнэтную эпоху. Асноўнай крыніцай інфармацыі зноў стала беларускае дзяржаўнае тэлебачаньне. Вось сёньня да мяне зьвярталіся знаёмыя зь Менску і пыталіся: дык якія ж сапраўдныя вынікі выбараў?
Цыганкоў: Тая дынаміка, якая асабліва заўважная, гэта дынаміка росту гвалту, найперш з боку супрацоўнікаў МУС. У першы дзень выкарыстаньне сьвятлашумавых гранат і гумовых куляў было рэдкім, у другі дзень гэта стала нормай. Сілавікі проста шалелі ад сваёй беспакаранасьці. Стралялі па вокнах, зь якіх ім нешта крычалі. Ці бегалі за машынамі, які сыгналілі, і разьбівалі ім шкло. Таксама ёсьць дынаміка больш жорсткага адказу дэманстрантаў. Сёньня мы бачым ланцугі салідарнасьці жанчын.