«Прымушалі сьпяваць гімн, хто ня ведаў — зьбівалі». У Берасьці вызвалены зь міліцыі падлетак заявіў пра катаваньні

Мітынг кандыдаткі ў прэзыдэнты Сьвятланы Ціханоўскай у Берасьці

У рэдакцыю Свабоды зьвярнуўся жыхар Берасьця Павал Д. і расказаў пра факты зьдзекаў з затрыманых падчас акцыяў пратэсту. Прозьвішча рэдакцыі вядомае.

Берасьцеец расказаў, што ўвечары 11 жніўня быў затрыманы ягоны малодшы брат-падлетак Раман. За некалькі гадзін, пакуль сваякі займаліся ягонымі пошукамі, юнак перажыў сапраўдны шок.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Берасьці людзі нясуць кветкі на месца, дзе пралілася кроў пратэстоўца

Паколькі месцаў у ізалятарах ужо няма, затрыманых павезьлі ў гаражы, дзе захоўваецца міліцэйская тэхніка. Фактычна іх ператварылі ў падпольныя катавальні, кажа Раман.

«Трымалі ў гаражы на каленях з рукамі за галавой, памяшканьне было забітае цалкам — так разумею, у камэрах папросту бракуе месцаў. Зьбіваюць безупынна, сапраўдны садызм. Параўнальна зь іншымі я атрымаў у косьці можа ня так моцна, але ад бездапаможнасьці перад гэтай невытлумачальнай сілай проста хацелася плакаць».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Прымушаюць людзей маліцца і малоцяць дручкамі». Аповед расейскага журналіста, якога затрымалі ў Менску

Калі назаўтра Раман з бацькамі і братам прыйшлі на судова-мэдычную экспэртызу, то сустрэлі многіх падлеткаў з таго гаражу, усе моцна зьбітыя. Павал кажа, што на падставе зафіксаванага пабіцьця накіраваная заява ў Сьледчы камітэт.

«Калі ў ноч на 12 жніўня нам яго аддалі, адразу ж раніцай пайшлі фіксаваць пабіцьцё і ў судмэдэкспэртызе пазнаёміліся з такімі ж гаротнікамі. Куча дзяцей па 15-16 гадоў зьбітыя на горкі яблык. Але на гэтым вычварэнцы не спыняюцца. Катуюць шокерамі, прымушаюць сьпяваць афіцыйны гімн Беларусі, а калі хто ня ведае словаў, дубасяць нагамі і дручкамі. Дзіцёнку 15 гадоў, а ён увесь сіні ад пабояў, зьдзекуюцца, як нейкія гестапаўцы», — не хавае абурэньня Павал.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Да 20 тысяч чалавек. У Берасьці мітынг Ціханоўскай правялі ў сасновым бары. Фотарэпартаж

За паўгадзіны, пакуль мэдыкі фіксавалі пабіцьцё ягонага брата, у чаргу сталі яшчэ пяць чалавек. І цягам дня ідуць усё новыя і новыя ахвяры міліцэйскага гвалту.

«Дзяцей хапаюць проста на вуліцы, калі нават і блізка няма ніякіх акцыяў. Гойсаюць па дварах, як тыя сабакі, нэўтралізуюць у запас. Спыняюць моладзь пад маркай праверкі заплечнікаў ці кішэняў, прымушаюць адкрыць тэлефон. Чапляюцца да любога кантэнту, а затым скручваюць і зьбіваюць да страты прытомнасьці», — кажа жыхар гораду Павал.

Рэакцыя МУС

Прэсавы сакратар МУС Беларусі Вольга Чамаданава выслухала ад карэспандэнта Свабоды інфармацыю пра гэты выдапак у Ленінскім РАУС Берасьця, яна паведаміла, што паступаюць і іншыя скаргі на ўжываньне гвалту, яна іх фіксуе і перадае кіраўніцтву ведамства, абяцала рэакцыю пазьней.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Бацькам непаўналетніх дзяцей далі па 15 сутак, дзеці засталіся адны. Гісторыя тарану легкавіка міліцэйскім джыпам у Менску

Раман Д. перастаў выходзіць на сувязь увечары 11 жніўня, толькі ўначы сям’і затэлефанавалі зь міліцыі, каб прыехалі і забралі свайго «непаўналетняга апазыцыянэра». Як кажа Павал, брата проста выкінулі на вуліцу — ніякіх пратаколаў ніхто не складаў, пратрымалі як закладніка. Вопісу маёмасьці таксама не было, таму даказаць зьнікненьне мабільнага тэлефона не было як.