Пра тое, што муж загінуў, жонка даведалася ад журналістаў увечары 12 жніўня. 34-гадовы Аляксандар Тарайкоўскі загінуў на Пушкінскай позна ўвечары 10 жніўня.
Паводле афіцыйнай вэрсіі, у яго ў руках узарвалася выбуховая прылада. Сваякі ў гэта ня вераць.
Па словах жонкі, 10 жніўня каля 20:00 яны вярнуліся з дачкой з прагулкі.
«Ён быў вельмі абураны тым, што людзей затрымліваюць, страляюць. Даведаўся, што там зьбіраюцца людзі, і сказаў, што пойдзе ў сваю кватэру ў тым раёне, — апавядае жанчына. — Пры ім нічога не было: шорты, белая майка, тэлефон. Пашпарт ягоны ў мяне. У яго там кватэра побач».
Каля 22:30 Аляксандар пазваніў жонцы і сказаў, што ідзе дахаты. З гэтага моманту сям’я ня мела аніякіх зьвестак, шукалі яго ў шпіталях і базах затрыманых.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Гумавую кулю пакінуў сабе на памяць». Што расказваюць параненыя падчас пратэстуУ вэрсію, што муж загінуў ад выбуховай прылады, жанчына ня верыць.
«Нічога пры ім не было, нічога гэтага ён ня ўмее. Пайшоў у майцы, шортах, з тэлефонам, — кажа яна. — Ня мог ён нічога такога зрабіць».
Жанчына кажа, што з Аляксандрам яны афіцыйна не расьпісаныя, маюць 3-гадовую дачку. Але ў яго ёсьць бацька, сястра.
«Чаму ім не паведамілі? У яго тэлефон быў, можна ж было ў тэлефоне паглядзець нумары, камусьці пазваніць», — пытаецца жанчына.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Начны пратэст у Менску. ШМАТ ФОТАКалі 13 жніўня яны пасьля званка журналістаў зьвярнуліся ў Сьледчы камітэт, ім сказалі, што Аляксандар лічыцца неапазнаным. Аднак ужо празь некалькі гадзін пасьля ягонай сьмерці МУС і СК распаўсюдзілі інфармацыю пра ягоную судзімасьць, а значыць, яго ідэнтыфікавалі.
Аляксандар быў асуджаны на 7 гадоў за нанясеньне цяжкіх цялесных пашкоджаньняў, якія пацягнулі за сабой сьмерць. Жанчына кажа, што адседзеў увесь тэрмін і неўзабаве судзімасьць мусілі зь яго зьняць.
«Ён заступіўся за маці. Яе зьбіў сужыцель, а ён заступіўся, і вось так. Мы асабліва не гаварылі ніколі пра гэта», — кажа жанчына.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Звыш 1000 навукоўцаў зьвярнуліся да ўладаў з заклікам спыніць гвалт і вызваліць палітвязьняў«Мы са школы былі ўтраіх, — апавядае сябра Аляксандра. — Аднаго я пахаваў, калі Саша быў на зоне праз кавалера маці, які зьбіў яе да паўсьмерці, а Саша ў стане афэкту біў яго. Ён заўжды стараўся працаваць не на дзяржаву. Рабіў аўтамабільныя фіранкі. Зрабіў сайт hober.by, адкрыў ІП і спрабаваў пракарміць сям’ю і малую дачку. Заўсёды быў упарты, але вельмі жыцьцярадасны чалавек. Рэальна стараўся жыць, спрабуючы забыць сваё мінулае. Зрабіў рамонт у кватэры. Выплаціў бацькавы даўгі за кватэру і з чыстым сумленьнем пайшоў з жыцьця, змагаючыся за шчасьлівую будучыню беларускага народу.
Вы раскажыце пра яго. Ён мусіў жыць. Ён мусіў падняць малую дачку». Сябар кажа, што на відэа, дзе зафіксаваны момант сьмерці чалавека, той вельмі падобны да Аляксандра.
На вэрсію разрыву ў руках Аляксандра выбуховай прылады ягоны сябар рэагуе так:
«Што за трызьненьне?! Ён працуе ў тым раёне. У яго бацька за 150 мэтраў адтуль жыве», — кажа сябар.
Your browser doesn’t support HTML5
Жанчына кажа, што пры апазнаньні цела не пабачыла ранаў, якія нагадвалі б выбух выбуховай прылады. Паводле афіцыйнага заключэньня, Аляксандр памёр ад страты крыві.
«Я так разумею, што калі б яму ў час аказалі дапамогу, ён бы мог выжыць, — кажа яна. — А яны ж яму ніякай дапамогу не аказвалі, адразу сталі цягнуць».
Не ўдалося высьветліць, чаму за ўвесь гэты час сваякам Аляксандра не паведамілі пра ягоную сьмерць. Сьледчы, які апытваў жанчыну, сказаў, што не вядзе гэтую справу і ня можа адказаць на гэтае пытаньне.
Жонцы хтосьці даслаў відэа з сацсетак, дзе відаць момант гібелі Аляксандра. Яна паглядзела яго яшчэ да апазнаньня цела, якое адбылося пасьля 16 гадзіны 13 жніўня.
«Я паглядзела відэа яшчэ да апазнаньня, яшчэ быў спадзеў, што гэта ня ён. Я ня ведаю, чаму ён выйшаў наперад, адзін. Напэўна, ня думаў, што будуць страляць. Факт, што яго забілі, хто будзе пакараны? Цяпер будуць казаць, што ён сам вінаваты? Ён выйшаў бяз зброі, чаму вы не стралялі па нагах, па руках?! — кажа жонка. — У мяне пытаньне, ці будзе заведзеная крымінальная справа, ці будзе хто за гэта пакараны?»
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Не магу глядзець на тое, што адбываецца ў маёй краіне», — міліцыянт, які звольніўся на знак пратэсту супраць гвалту