Уладзімер Лапцэвіч галадае 6-я суткі. Зьміцер Салаўёў — 4-я. Абодвух Ленінскі суд Магілёва прызнаў вінаватымі ў непадпарадкаваньні патрабаваньням міліцыі.
Уладзімеру Лапцэвічу, які супрацоўнічае зь мясцовымі і замежнымі мэдыя, прысудзіла 12 сутак адміністрацыйнага арышту судзьдзя Вікторыя Палякова. Галоўнаму рэдактару інтэрнэт-парталу «6tv.by Магілёўскі рэгіён» Зьмітру Салаўёву прысудзілі 8 сутак. Ягоную справу разглядалі ў ізалятары. Хто старшыняваў на працэсе, невядома.
У ізалятары Лапцэвічу «не паложана» чытво і цёплыя рэчы
Уладзімер Лапцэвіч галадае ад 6 жніўня. Жонка Натальля нічога ня ведае пра здароўе мужа ў няволі. Атрымаць такія зьвесткі яна ня можа. Кажа, што ён пакутуе ад гіпэртаніі і што мэдыкамэнты, якія стабілізуюць ціск, яму перадалі. На час зьняволеньня іх павінна хапіць. У ізалятар Натальля рэгулярна носіць ваду.
Цяпер перадаць яе будзе няпроста, бо каля ізалятара з раніцы зьбіраюцца да сотні чалавек, каб перадачамі падтрымаць сваіх зьняволеных родзічаў. За гадзіну прымаюць 4–6 чалавек. Натальля кажа, што першую яе перадачу з чатырох найменьняў прымалі 35 хвілін.
Па яе словах, зь цёплых рэчаў супрацоўнікі ізалятара дазволілі перадаць толькі майку з рукавамі, а пра астатняе сказалі, што гэта «рэчы ня першай неабходнасьці. Тое самае было заяўлена пра чытво, асадку і паперу.
Уладзімера Лапцэвіча затрымалі 5 жніўня, калі ён як чалец юрыдычнай службы Беларускай асацыяцыі журналістаў прыйшоў у Ленінскі аддзел міліцыі Магілёва высьветліць лёс калегі Аляксандра Буракова і праваабаронцы Аляксандра Хамратава.
На судзе 7 жніўня журналіст сьцьвярджаў, што ў міліцыі яго зьбілі. З ізалятара, дзе яму стала кепска, вазілі ў лякарню. Адтуль пра пабоі паведамілі ў Сьледчы камітэт, а той пачаў праверку і выдаў накіраваньне на судова-мэдычную экспэртызу. Лапцэвіч даводзіў, што ў ізалятары яму не даюць магчымасьці прайсьці агляд і зафіксаваць пашкоджаньні.
Хто судзіў Салаўёва і чаму на суд у ізалятар не пусьцілі жонку
Зьмітра Салаўёва затрымалі 8 жніўня супрацоўнікі ДАІ. Яны заявілі, што ён езьдзіць на скрадзенай машыне, а ў Ленінскім аддзеле міліцыі на яго склалі пратакол аб непадпарадкаваньні сілавікам. Пра галадоўку ён паведаміў жонцы Надзеі. Ад 8 жніўня яна пра мужа нічога ня ведае.
11 жніўня яна спрабавала трапіць на разгляд мужавай справы як ягоны законны прадстаўнік, але яе не пусьцілі, не патлумачыўшы прычыны. 12 жніўня ў канцылярыі Ленінскага суду Магілёва жанчыне паведамілі, што Зьмітра асудзілі на 8 сутак. Хто разглядаў справу, там ня ведаюць. У абвестцы пра суд было адзначана, што Салаўёва будуць судзіць за ўдзел у несанкцыянаваным мерапрыемстве, але пакаралі за непадпарадкаваньне.
Суразмоўніца кажа, што мужу носіць у ізалятар ваду. У яе прынялі цёплыя шкарпэткі, швэдар і газэты. Перадачы прымаюць без абмежаваньняў.
«У мужа праблемы са страўнікам, дык ён шмат п’е мінэральнай вады, — кажа Надзея Салаўёва. — У яго таксама нестабільны ціск, і ён прымае адмысловыя мэдыкамэнты. Я спадзявалася пабачыць мужа на судзе, каб перадаць іх. Цяпер буду спрабаваць гэта зрабіць заўтра, але чарга каля ізалятара вялікая».