Дзяржсакратар Пампэо: Мы хочам, каб усё скончылася добра для беларускага народу

Дзяржаўны сакратар ЗША Майк Пампэо

Сёньня дзяржаўны сакратар ЗША Майк Пампэо, які прыляцеў з двухдзённым візытам у Прагу, даў эксклюзіўнае інтэрвію Радыё Свабода, у якім сярод іншага адказаў на пытаньні адносна апошніх падзеяў у Беларусі.

— Вы асудзілі хаду выбараў у Беларусі, а таксама гвалт з боку сілавікоў пасьля выбараў. Што гэта азначае для будучыні амэрыканска-беларускіх адносін, у прыватнасьці, што датычыць дзьвюх рэчаў: паставак амэрыканскай нафты ў Беларусь і прыезду амбасадара ЗША ў Менск?

— Ну, нам трэба будзе над гэтым папрацаваць. Як вы сказалі, мы былі моцна занепакоеныя выбарамі і глыбока расчараваныя, што яны не былі больш свабоднымі і больш справядлівымі. Мы ўжо бачылі гэткія паводзіны раней і шкадуем, што гэта адбылося, мы назіралі за гвалтам і наступствамі, калі зь мірнымі пратэстоўцамі абыходзіліся такім чынам, што не адпавядае таму, як зь імі мусілі б абыходзіцца. Мы яшчэ ня вызначыліся наконт належнай рэакцыі, але магу вам сказаць: мы будзем працаваць разам з нашымі эўрапейскімі сябрамі, з нашымі свабодалюбівымі сябрамі, якіх у роўнай меры непакоіць тое, што здарылася. Мы хочам, каб усё скончылася добра для беларускага народу, і мы ўжывем адпаведныя захады.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Дзяржаўны сакратар ЗША Майк Пампэо: Беларусы павінны атрымаць свабоды, якіх яны патрабуюць

— Цяпер ідзе размова пра санкцыі ў рамках Эўрапейскага Зьвязу. Калі вы зьберацеся і паразважаеце пра гэтыя захады, ці будзеце вы таксама разглядаць санкцыі? Ці плянуеце вы спыніць пастаўкі нафты?

— Ну, я ўпэўнены, што мы разгледзім кожную з гэтых тэмаў. І важна вызначыць крытэры. Што, на нашую думку, мы можам зрабіць — і ня толькі Злучаныя Штаты ў аднабаковым парадку, але і ў шматбаковым парадку, каб усё скончылася добра для беларускага народу. Ці гэта будуць санкцыі, ці рашэньні аб пастаўках прадукцыі, усё гэта яшчэ трэба будзе вызначыць. Мы ўсё яшчэ пад сьвежым уражаньнем ад гэтых выбараў, і нам трэба паглядзець, як тут усё складзецца ў найбліжэйшым часе.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Дзяржаўны сакратар ЗША Майкл Пампэо: выбары ў Беларусі не былі свабоднымі і справядлівымі