10 жніўня Дзяржаўны дэпартамэнт ЗША выпусьціў для неадкладнага распаўсюду заяву дзяржаўнага сакратара Майкла Пампэо аб прэзыдэнцкіх выбарах у Беларусі.
У заяве сказана:
«Злучаныя Штаты глыбока занепакоеныя правядзеньнем у Беларусі 9 жніўня прэзыдэнцкіх выбараў, якія не былі свабоднымі і справядлівымі. Рэзкае абмежаваньне доступу да галасаваньня за кандыдатаў, забарона прысутнасьці мясцовых незалежных назіральнікаў на выбарчых участках, тактыка запалохваньня супраць апазыцыйных кандыдатаў і затрыманьні мірных пратэстоўцаў і журналістаў пашкодзілі гэтаму працэсу. Мы шкадуем, што назіральнікі АБСЭ / БДІПЧ не атрымалі своечасовага запрашэньня сачыць за галасаваньнем. Свабодныя і сумленныя, сапраўды канкурэнтныя выбары — аснова аўтарытэтнасьці і легітымнасьці ўсіх уладаў.
Мы заклікаем улады Беларусі паважаць правы ўсіх беларусаў на ўдзел у мірных сходах, устрымлівацца ад ужываньня сілы і вызваліць незаконна затрыманых. Мы рашуча асуджаем няспынны гвалт над пратэстоўцамі і затрыманьне прыхільнікаў апазыцыі, а таксама адключэньне Інтэрнэту, з мэтай абмежаваць магчымасьці беларускага народу абменьвацца інфармацыяй пра выбары і дэманстрацыі.
Будучы сябрамі Беларусі, мы падтрымліваем беларускую незалежнасьць і сувэрэнітэт, а таксама імкненьні беларускага народу да дэмакратычнай, квітнеючай будучыні. Для дасягненьня гэтых мэтаў улады Беларусі павінны даказаць дзеяньнямі сваю прыхільнасьць да дэмакратычных працэсаў і павагу да правоў чалавека».