Палітычныя дзеячы ЗША выступілі з заявамі, якія асуджаюць дзеяньні ўладаў Рэспублікі Беларусь у дачыненьні да ўдзельнікаў пратэстаў.
Сустаршыня Хэльсынскай камісіі ЗША сэнатар Роджэр Уікэр асудзіў фальсыфікацыі на выбарах у Беларусі і ўжываньне гвалту ў адносінах да дэманстрантаў.
«Ад самага пачатку кампаніі Аляксандар Лукашэнка бязьлітасна душыў сваіх палітычных апанэнтаў, незалежныя СМІ і простых грамадзян, якія выступаюць за перамены, — адзначыў Уікэр. — Гэтая „перамога“ на выбарах была дасягнутая шляхам абуральных маніпуляцый і махлярства, а таксама пагрозай расправы. Злучаныя Штаты падтрымліваюць народ Беларусі, які мае права рабіць свабодны выбар будучыні сваёй краіны і мірна пратэставаць».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Выбары-2020. Пратэсты, затрыманьні і салідарнасьць. Што адбываецца ў БеларусіУікэр нагаўдаў, што, на думку міжнародных назіральнікаў, у Беларусі не было свабодных і справядлівых выбараў ад таго часу, як Лукашэнка быў упершыню выбраны прэзыдэнтам у 1994 годзе.
«У мінулыя выходныя народ Беларусі паспрабаваў удзельнічаць у дэмакратычным працэсе, чакаючы, што яго галасы падлічаць сумленна, а іх выбар лідэра краіны прызнаюць, — падкрэсьліў кіраўнік сэнацкага Камітэту міжнародных адносінаў Джым Рыш. — Тое, што прэзыдэнт Лукашэнка вырашыў адказаць на выступы супраць сваёй адміністрацыі з боку апазыцыі і пратэстоўцаў гвалтам і рэпрэсіямі, — гэта бессаромнасьць. Спадар Лукашэнка павінен дазволіць правесьці дакладны падлік бюлетэняў і пайсьці ў адстаўку, калі галасаваньне пакажа, што ён ня быў перавыбраны дэмакратычным шляхам. Яму таксама варта неадкладна спыніць перасьлед супрацоўнікаў СМІ, адключэньне Інтэрнэту, арышты і гвалт у дачыненьні да тых, хто імкнецца да іншага шляху для Беларусі. Мірная перадача ўлады жыцьцёва важная для будучыні Беларусі і яе сувэрэнітэту».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Кандыдат у прэзыдэнты ЗША Байдэн: «Народ Беларусі патрабуе, каб яго голас пачулі»«Пасьля прэзыдэнцкіх выбараў, азмрочаных фальсыфікацыямі, грамадзян, якія мірна пратэставалі, з патрабаваньнем дакладнага падліку галасоў, сустракаюць паліцыянты са сьвятлашумавымі гранатамі, сьлёзацечным газам і гумовымі кулямі, — заявіў кандыдат у прэзыдэнты ад Дэмакратычнай партыі Джо Байдэн. — Рэжым Лукашэнкі абмежаваў доступ у інтэрнэт, арыштоўвае пратэстоўцаў і незалежных журналістаў і спрабуе прымусіць замаўчаць незалежных назіральнікаў. Усё гэта — ня дзеяньні палітычнага лідэра, упэўненага ў сумленнай перамозе на выбарах. Але дзякуючы адважным грамадзянам — журналістам, актывістам і звычайным людзям, якія дакумэнтавалі гэтыя экстраардынарныя падзеі, — мы ведаем праўду пра напады на дэмакратыю, якія зьдзяйсьняюцца рэжымам Лукашэнкі сёньня».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Як хапалі людзей ля месца гібелі ўдзельніка акцыі пратэсту. ШМАТ ФОТА