11 жніўня на Магілёўшчыне працягнуліся пратэсты супраць вынікаў прэзыдэнцкіх выбараў і брутальныя затрыманьні. Тым часам праваабаронцы падлічылі, што ў Магілёве і Бабруйску за два папярэднія дні за кратамі апынуліся больш за 550 чалавек — рэкордная колькасьць затрыманых за часы незалежнасьці.
УЖЫВУЮ Выбары-2020. Ціханоўская зьехала. Што адбываецца ў Беларусі
Ня ўсім удаецца адразу адшукаць арыштаваных родзічаў. У міліцыі і ізалятары такіх зьвестак ім не даюць. Не адразу паведамляюць і пра прысуды.
Бралі тых, хто здымаў затрыманьні і меў белыя павязкі на руцэ
У Магілёве затрымлівалі падчас зачыстак цэнтральных вуліц. Спачатку экіпаваныя міліцыянты бралі ў аблогу плошчу перад гандлёвым цэнтрам «Атрыюм», што насупраць гарвыканкаму. Затым ланцугом прачэсвалі прылеглыя вуліцы.
Пратэстоўцы адступалі, а потым вярталіся на свае пазыцыі. Рэйды міліцыянтаў сустракалі воклічам «Жыве Беларусь», «Банда», воплескамі. Міліцыянты хапалі ўсіх, хто трапляўся на іхным шляху. Асаблівую ўвагу яны зьвярталі на тых, хто здымаў міліцэйскія ланцугі, а таксама ў каго былі на руках белыя павязкі.
Хлопца магіляўчанкі Лізы затрымалі за такі «бранзалет». Па словах дзяўчыны, яе хлопца жорстка схапілі пад рукі, пасадзілі ў аўтобус і адвезьлі ў Кастрычніцкі аддзел міліцыі. Праз суткі ён знайшоўся ў Шклове, хоць спачатку яе запэўнівалі, што яго ўтрымліваюць у магілёўскім ізалятары.
«Я спрабавала яго выцягнуць з аўтобуса, але мяне адштурхнулі, — кажа Ліза. — Уся гэтая сытуацыя мне падалася спачатку несапраўднай. Людзі ў чорным, шлемы, схаваныя твары. Толькі калі майго хлопца павезьлі, я вярнулася ў нашу рэальнасьць».
Затрымалі па дарозе з кавярні
Магіляўчанка Тацяна настойвае: яе сын Юры Клявін ня ўдзельнічаў у пратэсьце. Увечары 9 жніўня ён у кампаніі сяброў вяртаўся з кавярні. Абыходзячы натоўп людзей, маладзёны трапілі пад аблаву экіпаваных міліцыянтаў, якія Юрыя і затрымалі. Жанчына са словаў сынавых прыяцеляў ведае, што ён без супраціву пайшоў у аўтазак, бо быў упэўнены, што нічога не парушаў. Больш за суткі маці не магла адшукаць сына.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Да 25 сутак: судовыя канвэеры ў Менску і рэгіёнах 11 жніўня«Прачакаўшы паўдня каля Ленінскага суду Магілёва і столькі ж каля ізалятара, ня вытрымаўшы, мы паехалі ў Ленінскі РАУС, куды сына даставілі па затрыманьні, — апавядае жанчына. — І там сказалі, што ён ужо ў Шклове. Там для Юрыя перадачу не ўзялі, патлумачыўшы, што неўзабаве будзе суд, таму яна яму не паложана. Калі той суд адбудзецца, нам не сказалі».
«Суды ў ізалятары — беззаконьне»
Ад 10 жніўня каля магілёўскага ізалятара шматлюдна. 11-га каля яго сабралася блізу 50 чалавек, каб перадаць пасылкі зьняволеным родзічам. Многія да адміністрацыйнай вязьніцы прыйшлі ўпершыню і адкрылі для сябе, дзе яна месьціцца ў горадзе.
Некаторыя прасілі супрацоўнікаў ізалятара паказаць ім зьняволеных родзічаў. Людзі выстойвалі ў чарзе па некалькі гадзін і апавядалі ў ёй свае гісторыі пошуку «зьніклых». Тут жа даведваліся пра суды ў ізалятары і чакалі, што родных адпусьцяць.
Сям’я магілёўцаў Гарбачовых 9 жніўня зь сябрамі ўвечары выбралася на шпацыр на Ленінскую і трапіла ў міліцэйскую аблаву. Дарослых штурхаючы завялі ў аўтазак, але іхныя дзеці пачалі лямантаваць, патрабуючы «адпусьціць матуль».
«Нейкі афіцэр зазірнуў у аўтазак і загадаў адпусьціць жанчын, параіўшы ім «бегчы адсюль, бо зноў затрымаюць», — згадвае жонка Максіма Натальля.
Яна кажа, што з машыны Максіму ўдалося патэлефанаваць жонцы і сказаць, што іх вязуць у ізалятар. Там яго 10 жніўня асудзілі на 15 сутак. Жанчына лічыць, што разгляд спраў у ізалятары — беззаконьне.
«Для судоў і праваахоўных органаў затрыманыя, прабачце, „мяса“, — абураецца яна. — Судам далі загад, і яны яго выконваюць. Я нават у амапаўцаў пытала, чаму тыя стаяць на вуліцах у ачапленьні і чаго чакаюць, а яны адказваюць: „Чакаюць загаду“. Ім загадалі, і яны кінуліся хапаць усіх без разбору».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У другую ноч пратэстаў у Віцебску затрымалі больш за сотню чалавек, — праваабаронцы
Міліцыянтам, якія ішлі ў аблаву, дарылі кветкі
Трапіла ў аблаву 10 жніўня і экскурсія з 30 чалавек, якую праводзіў старшыня гарадзкой суполкі Таварыства беларускай мовы Алег Дзьячкоў. Усіх мужчын зь яе завезьлі ў пастарунак. Сярод іх у няволі апынуўся рэжысэр Магілёўскага тэатру Ўладзімер Пятровіч. Ён «знайшоўся» ў магілёўскім ізалятары. Алега Дзьячкова знайсьці ня могуць дагэтуль.
«Мы ўсоўвалі міліцыянтам кветкі ў сашчэпленыя іхныя рукі, а наш падарунак міру падаў, — апавядае са сьлязьмі жанчына. — Я прасіла мужчын узяць, бо паўдня кветкі рвала для іх. Калі я нахіліся рамонкі сабраць, то пачула загад „Наперад“ — і міліцыянты кінуліся, ледзьве не растаптаўшы мяне...».
Ейнага мужа таксама ўзялі ў палон, але жанчына пачала крычаць, што безь яго ня пойдзе — і міліцыянты зьлітасьцівіліся. Жанчына кажа, што ён адзіны мужчына з экскурсіі, якога адпусьцілі. Потым муж казаў ёй, што міліцыянты адварочваліся, калі яна ўручала кветкі, каб не расчуліцца.
Затрыманыя ёсьць у Магілёве, Бабруйску, Бялынічах
Праваабаронцы з пазбаўленага рэгістрацыі Цэнтру «Вясна» кажуць, што за два дні пратэстаў толькі ў Магілёве затрымалі больш за 500 чалавек. Магілёўскі ізалятар разьлічаны на 180 чалавек, і ён ужо запоўнены. Актывісты здолелі высьветліць імёны дзьвюх соцень зьняволеных ня толькі ў Магілёве, але і ў Шклове, Дрыбіне, Чэрыкаве і іншых райцэнтрах вобласьці.
Праваабаронца Аляксей Колчын настойвае: лічбу 200 трэба «сьмела множыць на 3», і «гэта будзе прыблізная колькасьць зьняволеных».
Паводле зьвестак актывістаў, якія ўдалося атрымаць пакуль толькі ў судах Магілёва і Шклова, на 11 жніўня асуджана 60 чалавек, яны атрымалі ад 7 да 15 сутак адміністрацыйнага арышту. Разглядалі іхныя справы ў ізалятарах.
«Мы лічым, што гэта парушэньне галоснасьці і адкрытасьці суду. Паколькі ізалятар — рэжымны аб’ект, то родзічы, праваабаронцы і журналісты на працэсы не дапускаліся», — адзначае праваабаронца Дзьмітры Толсьцік.
Рэдактар інтэрнэт-парталу «Бабруйскі кур’ер» Анатоль Санаценка кажа, што ў Бабруйску затрымалі за два дні больш як пяцьдзесят чалавек, і «гэта дужа прыблізная лічба». Яе вывелі, абтэлефаноўваючы знаёмых. Зьвестак у міліцыі і ізалятары пра затрыманых не даюць. Вядома, што сярод зьняволеных былы палітвязень, журналіст Яўген Глагольеў-Васьковіч (асуджаны на 12 сутак) ды Яўген Юшкоўскі. 10 жніўня затрымалі былога дэпутата гарсавету Алеся Чыгіра, яму прысудзілі 15 сутак.
У Бялынічах на 10 сутак арыштавалі прадпрымальніка і актывіста «Гавары праўду» Алега Мяцеліцу, 5 сутак атрымала ягоная дачка Яўгенія.