Сьвятлану Ціханоўскую вывезьлі з краіны беларускія ўлады, яе ад’езд дазволіў вызваліць начальніцу яе штабу Марыю Мароз, затрыманую напярэдадні выбараў, заявіла Tut.by давераная асоба Ціханоўскай Вольга Кавалькова.
11 жніўня Сьвятлана Ціханоўская апублікавала відэазварот да беларусаў:
«У Сьвятланы не было выбару, беларускія ўлады вывезьлі яе з краіны. Важна, што яна на волі і жывая. Выезд Сьвятланы дазволіў вызваліць Марыю Мароз, якая была закладніцай у гэтай сытуацыі, яны зьехалі разам», — казала Кавалькова.
Аднак у закладніках працягвае знаходзіцца частка каманды Сьвятланы Ціханоўскай, адзначыла Вольга Кавалькова.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Штаб Ціханоўскай: восем чалавек з каманды затрымаліПаводле Кавальковай, рашэньне Ціханоўскай пакінуць краіну нічога не мяняе.
«Сьвятлана перамагла на выбарах, мы ўсе перамаглі, мы зрабілі немагчымае. Там, дзе камісіі палічылі галасы сумленна, Ціханоўская набрала ад 60% да 70%, у Новай Баравой — 90%, гэтаму ёсьць дакумэнтальныя пацьверджаньні — копіі пратаколаў.
Яе выезд з краіны не адмяняе нашай перамогі і паразы ўлады, беларусы ніколі ня прымуць Аляксандра Лукашэнкі прэзыдэнтам, у яго перамогу людзі ня вераць. Улады павінны гэта прызнаць і пачаць дыялёг; калі няма дыялёгу, то ў людзей ёсьць адзіны выбары — гэта пратэсты», — заявіла Кавалькова.
Яна лічыць, што цяпер у эскаляцыі пратэсту вінаватыя выключна ўлады, якія не пакінулі людзям выбару. Кавалькова заклікала іх спыніцца і пайсьці на дыялёг. «Як бы нам усім ні было цяжка, нам трэба адмовіцца ад гвалту, мы павінны абараняць нашу перамогу легальнымі, негвалтоўнымі спосабамі», — дадала яна.
Кавалькова заклікала ўсе дэмакратычныя сілы і прыхільнікаў пераменаў аб’ядноўвацца і паабяцала, што 11 жніўня штаб Ціханоўскай будзе праводзіць экстраныя кансультацыі і дамаўляцца аб сумесных дзеяньнях.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Гумавую кулю пакінуў сабе на памяць». Што расказваюць параненыя падчас пратэсту
Кавалькова: На працягу дня Ціханоўская зробіць заяву, у якой растлумачыць прычыны свайго ад‘езду
Пазьней Вольга Кавалькова ў інтэрвію агенцтву «Інтэрфакс-Захад» пацьвердзіла, што, на яе думку, «Сьвятлана прыняла рашэньне выехаць з краіны пад ціскам беларускіх уладаў». «Да яе паходу ў ЦВК ні пра які ад'езд не ішло гаворкі», — падкрэсьліла яна.
Давераная асоба сьцьвярджае, што ў ЦВК зь Ціханоўскай праводзіў размову «прадстаўнік улады», якога Кавалькова адмовілася назваць. «Я не магу зараз назваць, але гэта быў прадстаўнік улады», — сказала яна.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Ня дай бог апынуцца перад выбарам, перад якім апынулася я». Пасьля ад’езду Ціханоўская апублікавала відэазваротКавалькова лічыць, што «ў гэтай сытуацыі ў Сьвятланы ўжо не было выбару». Пры гэтым яна яшчэ раз падкрэсьліла, што «Ціханоўская не плянавала пакідаць Беларусь».
Паводле Кавальковай, на працягу дня Ціханоўская зробіць заяву, у якой растлумачыць прычыны свайго ад‘езду зь Беларусі ў Літву.
Адміністрацыя прэзыдэнта Літвы падтрымлівае сувязь зь Ціханоўскай
Адміністрацыя літоўскага прэзыдэнта падтрымлівае сувязь са Сьвятланай Ціханоўскай, паведаміў прадстаўнік кіраўніка краіны.
«Адміністрацыя прэзыдэнта падтрымлівае пастаянную сувязь са Сьвятланай Ціханоўскай, якая прыбыла ў Літву. Цяпер яна адпачывае. Прэзыдэнт быў праінфармаваны аб прыбыцьці Ціханоўскай у Літву ў аўторак», — паведаміў BNS прадстаўнік прэзыдэнта Літвы Гітанаса Наўседы Антанас Бубняліс.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Сьвятлана Ціханоўская зьехала ў ЛітвуРаніцай 11 жніўня стала вядома, што кандыдатка ў прэзыдэнты Беларусі Сьвятлана Ціханоўская зьехала ў Літву. Пра гэта ў Твітэры паведаміў міністар замежных спраў Літвы Лінас Лінкявічус.
Прэс-сакратарка штабу Ціханоўскай Ганна Красуліна паведаміла Свабодзе, што пакуль асабіста не змагла зь ёй зьвязацца, але заявіла, што ад’езд Ціханоўскай «нічога не мяняе».
«Яна зрабіла, што змагла, падняла і натхніла народ, дамаглася электаральнай перамогі. Далей людзі будуць дзейнічаць безь яе, яны пратэстуюць не за Ціханоўскую, а за сябе, свае семʼі і свой народ», — сказала Красуліна.
Як далей будзе дзейнічаць штаб, Красуліна пакуль сказаць не гатовая, але яна ўпэўнена, што пратэсты працягнуцца.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Другая ноч пратэсту ў Беларусі. Больш гвалту, страляніны і барыкадаў. Адзін загінулы10 жніўня Сьвятлана Ціханоўская разам з прадстаўнікамі аб’яднанага штабу пайшла падаваць у ЦВК скаргу аб парушэньнях падчас правядзеньня выбараў. Яна прабыла ў ЦВК больш за 3 гадзіны. Паводле прэс-сакратаркі штабу Ганны Красулінай, пасьля таго як Ціханоўская выйшла з ЦВК, яна сказала: «Я прыняла рашэньне» - і зьехала ў невядомым кірунку.
Скаргу зарэгістравалі, паведаміў пасьля сустрэчы адвакат Віктара Бабарыкі Максім Знак. Паводле яго, Ціханоўскую нібыта папярэдзілі пра недапушчальнасьць дзеяньняў, якія спрыяюць масавым беспарадкам. Ён кажа, што кандыдатка ў прэзыдэнты на волі і сама пракамэнтуе ўсё пазьней.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ціханоўская выйшла з ЦВК, сказала «Я прыняла рашэньне» і зьехала ў невядомым кірунку10 жніўня кіраўнік КДБ Беларусі Валеры Вакульчык заявіў, што з прычыны магчымых правакацыяў і замаху на жыцьцё Ціханоўскай ведамства выдзеліла 120 падрыхтаваных супрацоўнікаў для аховы аб'яднанага штабу ў дзень выбараў прэзыдэнта.
«Напярэдадні вечарам з так званага аб’яднанага штабу намі была атрыманая інфармацыя аб тым, што яны асьцерагаюцца правакацыі і замаху на жыцьцё Ціханоўскай. Літаральна перад гэтым ГУБАЗіК МУС па лініі барацьбы з экстрэмізмам перахапіў паведамленьне: патрэбна сакральная ахвяра», — заявіў Вакульчык у этэры тэлеканалу АНТ.