Цягам вечара 10 жніўня і ночы на 11 жніўня па краіне працягнуліся масавыя пратэсты, зьвязаныя з прэзыдэнцкімі выбарамі.
Пратэсты і гвалтоўныя разгоны дэманстрантаў адбываліся ў шэрагу гарадоў Беларусі, у тым ліку ў Бабруйску, Берасьці, Віцебску, Гомлі, Горадні, Магілёве, Бярозе, Мазыры.
Найбольш паведамлялі пра пратэсты і затрыманьні ў Менску. Два асноўныя цэнтры пратэсту ўтварыліся каля плошчы Бангалор, пад унівэрсамам «Рыга», і між станцыямі мэтро «Спартыўная» і «Пушкінская». Пра затрыманьні паведамлялі таксама ў цэнтры гораду, у Каменнай горцы, Уруччы і Маяку Менску.
Барыкады на «Рызе» сілавікі разьбіралі прынамсі чатыры разы — дэманстранты адыходзілі, затым вярталіся і будавалі новыя.
Супраць дэманстрантаў ужывалі дручкі, сьвятлошумавыя гранаты, вадамёты, гумовыя кулі. Выбухі было чуваць у розных частках гораду прынамсі да 2 ночы.
Міністэрства ўнутраных справаў прызнала сьмерць аднаго пратэстоўца — каля 23 гадзінаў 10 жніўня на вуліцы Прытыцкага ў Менску чалавек загінуў ад выбуху. МУС сьцьвярджае, што гэта выбухнула самаробная прылада, якую той хацеў кінуць у сілавікоў. Аднак прысутныя журналісты адзначаюць, што ў той час сілавікі стралялі ў бок дэманстрантаў шумавымі гранатамі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Менску загінуў удзельнік акцыі пратэстуЖурналісты сьцьвярджаюць, што людзі ў вайсковай форме стралялі прыцэльна па іх, хоць яны былі ў камізэльках «Прэса», самае моцнае раненьне атрымала карэспандэнтка «Нашай нівы» Натальля Лубнеўская — прабітая нага, але костка не перабітая.
Дзеяньні сілавікоў адносна дэманстрантаў сталі больш агрэсіўнымі, спэцсродкі сталі ўжывацца часьцей, але і дэманстранты сталі часьцей будаваць барыкады, кідаць розныя прадметы ў сілавікоў. Відавочцы ў Берасьці бачылі, як у сілавікоў запусьцілі фаервэрк, а ў Менску казалі, што бачылі прынамсі адзін «кактэйль Молатава», які дэманстранты кінулі ў бок сілавікоў, і самаробную піратэхніку, якую кідалі ў машыны-вадамёты. Адносна апошняга пратэстоўцы казалі, што «гэта адказ на тое, што ў іх кідалі гранаты».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Гумавую кулю пакінуў сабе на памяць». Што расказваюць параненыя падчас пратэсту ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Выбары-2020. Пратэсты, затрыманьні і салідарнасьць. Што адбываецца ў Беларусі