У чым падабенства і ў чым адрозьненьні Плошчы-2010 і сёлетніх пасьлявыбарчых пратэстаў? Якія мэты пратэстоўцаў? Хто кіруе пратэстамі? Абмяркоўваюць Юры Дракахруст і Сяргей Навумчык
Сьцісла
- Нягледзячы на шумавыя гранаты і гумавыя кулі 9 жніўня, 10 жніўня людзей на вуліцы выйшла ня менш.
- Пратэсты ахапілі ня толькі сталіцу, але і рэгіёны.
- АМАП выяўляе нематываваную жорсткасьць, а пратэстоўцы — адчайную сьмеласьць.
- Штаб Ціханоўскай публічна не выступае арганізатарам пратэстаў, яны адбываюцца стыхійна.
Дракахруст: Ужо другі дзень супраць маніфэстантаў ужываюць ледзь ня ўвесь спэктар спэцсродкаў, і сьветлашумавыя гранаты, і гумавыя кулі. Але ці спыняць кулі пратэсты? І што адбываецца цяпер пасьля таго, як былі абвешчаныя папярэднія, але афіцыйныя вынікі галасаваньне — Лукашэнка крыху больш за 80%, Ціханоўская больш за 10%, амаль 11%. І вось на гэтым фоне другі дзень, нягледзячы на вельмі жорсткія рэпрэсіі, людзі ізноў выйшлі.
Навумчык: Мы бачым, што пратэсты не спыняюцца, а нарастаюць, ачагі ўзьнікаюць ці ў адным, ці ў другім, ці ў трэцім месцы. Мы бачым, што міліцыя (пад ёй я разумею і АМАП, і спэцназ, і ўнутраныя войскі, гэта ўсё ў сыстэме МУС), дзейнічае надзвычай жорстка і часта — нематывавана, калі ў кроў зьбіваюць нават тых, хто не ўдзельнічае ў пратэстах, проста ідзе па вуліцы. Страшнае відэа цяпер зьнята ў Баранавічах, калі трое АМАПаўцаў цягнуць хлопца і з разгону б’юць яго тварам аб аўтазак.
Наконт 3 тысяч затрыманых на раніцу 10 жніўня. Упершыню МУС дае такія вялікія лічбы (звычайна яны заніжаюць), і нават ёсьць сумневы, ці сапраўды гэта так, ці ня хоча ўлада застрашыць людзей.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Сотні людзей выйшлі ў Стоўпцах супраць фальсыфікацыяў на выбарахДругая асаблівасьць — пратэсты не каардынуюцца палітычнымі лідэрамі (я маю на ўвазе і штаб Ціханоўскай), яны стыхійныя. Ціханоўская не заклікала людзей выходзіць на вуліцы і сама не пайшла. Людзі выходзяць самі.
Трэцяя асаблівасьць — адчайная сьмеласьць пратэстоўцаў, калі аўтааматары тараняць тэхніку, аўтобусы блякуюць праезд для праезду спэцтэхнікі.Людзі адбіваюць затрыманых АМАПам. Пры гэтым людзі ўсьведамляюць, што не праблема іх ідэнтыфікаваць, знайсьці, пакараць — але ідуць на гэта сьвядома.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Марціновіч: Нават 3% могуць кіраваць краінай, калі палова зь іх — міліцыя і КДБДракахруст: Так, публічна і Ціханоўская, і Калесьнікава не заклікалі да нейкіх дзеяньняў. Але пэўныя пляны агучваюць тэлеграм-каналы. І ў гэтым сэнсе сытуацыя мне нагадвае сытуацыю 2011 года, акцыю «маўклівых воплескаў», якія каардынаваліся праз паблікі ў сацсетках. Тэлеграм-каналы маюць падпішчыкаў, яны выступаюць зь нейкай прапановай, і людзі прыслухоўваюцца. З другога боку, у мяне няма адчуваньня, што гэта падобна на вайсковую апэрацыю, дзе кожны ведае свой манэўр.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Былы пасол Украіны ў Беларусі не выключае, што «у разгонах бяруць удзел і расейскія вайскоўцы»Навумчык: Магчыма і так, але ж другія суткі Інтэрнэт у Беларусі фактычна не працуе. І потым, кіроўцу аўтобуса ніхто не загадвае праз тэлеграм канал, што вось цяпер заблякуйце перакрыжаваньне. І тысячы аўтамабілістаў блякуюць праспэкты самі. Гэта покліч, ініцыятыва саміх людзей.
І шумавыя гранаты, і стрэляніна людзей не напужала — людзі выходзяць, і на момант нашай гутаркі іх усё болей. І што асабліва ўнікальна, пасьля красавіка і жніўня 1991-га, калі правінцыя маўчала, — сёньня ў некаторых райцэнтрах (падкрэсьліваю, не абласных цэнтрах, а райцэнтрах) — да чатырох сотняў людзей выходзіць.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ці выстаіць дыктатура ЛукашэнкіДракахруст: Так, і гэта ўжо адрозьненьне ад 2010 году. Бо тады пратэст быў лякалізаваны. Ён быў лякалізаваны ў сталіцы, фактычна на адной плошчы. Зараз «плошчаў» шмат.Зараз і пэўнай мэты няма. Цікава, што Лукашэнка сказаў, што ў маніфэстантаў нібыта была ідэя ўзяць штурмам Палац незалежнасьці. Навошта, калі ён пусты?
Навумчык: Мала таго, пляну няма ня толькі тапанімічнага (напрыклад, ісьці да Дому ўраду ці да нечага іншага) — яго няма і палітычнага, калі казаць пра штаб Ціханоўскай. Кшталту, што, напрыклад, вось Ціханоўская павінна быць абвешчана абраным прэзыдэнтам, і яе прыхільнікі мусяць рабіць тое і тое. Ці, паколькі выбары былі сфальсыфікаваныя, людзі мусяць ісьці да будынку ЦВК і патрабаваць пераліку бюлетэняў. Нічога гэтага не было. Яснага палітычнага пляну няма. Але людзі выходзяць, бо іх падманулі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Людзей хапалі пачкамі». Што кажуць сваякі і сябры затрыманых у ВіцебскуДракахруст: Можна правесьці аналёгію, што калі Бабарыка ня быў зарэгістраваны, дык ідэя ягонага штабу была — давайце будзем пісаць скаргі ў ЦВК. Наколькі гэта было эфэктыўна, мы памятаем (ня надта), але гэта хоць нейкае супольнае дзеяньне. І гэта людзей мабілізоўвала на нешта. Цяпер штаб не выступае нават зь ідэямі такога кшталту.
Навумчык: Зараз абсалютна непрадказальная сытуацыя, якая ўжо не залежыць ад лідэраў, скажам гэтак, апазыцыі (а кандыдатку ў прэзыдэнты, якая апануе дзейнай уладзе, можна так назваць) не залежыць і ад улады. Яна залежыць ад людзей. І ў мяне за дзесяцігодзьдзі ўпершыню такое адчуваньне, што на нашых вачах зараз робіцца гісторыя. Мы ня ведаем, у які бок у выніку разгорнецца сытуацыя, але тое, што гісторыя робіцца менавіта вось цяпер — у мяне сумненьняў няма.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Дзяржаўны сакратар ЗША Майкл Пампэо: выбары ў Беларусі не былі свабоднымі і справядлівыміПрэзыдэнцкія выбары — 2020 у Беларусі. Што важна ведаць
- Шостыя ў гісторыі сувэрэннай Беларусі выбары прэзыдэнта прызначаныя на нядзелю, 9 жніўня 2020 году.
- 65-гадовы Аляксандар Лукашэнка кіруе дзяржавай 25 гадоў. Ніводныя прэзыдэнцкія выбары (2001, 2006, 2010, 2015), апроч першых (1994 год), не прызналі свабоднымі і справядлівымі на міжнародным узроўні.
- Старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына адхіліла прапановы праваабаронцаў аб дыстанцыйных прэзыдэнцкіх выбарах у час эпідэміі COVID-19, бо «часу для прыняцьця гэтых захадаў ужо няма». Лукашэнка ня бачыў падставаў пераносіць выбары праз пандэмію.
- ЦВК зарэгістраваў 15 ініцыятыўных груп з 55 заявак.
- Аўтару YouTube-канала «Страна для жизни» Сяргею Ціханоўскаму Цэнтральная выбарчая камісія адмовіла ў рэгістрацыі ініцыятыўнай групы, бо ён адбываў 15 сутак арышту і ня мог асабіста падаць дакумэнты. Тады сваю ініцыятыўную групу ў ЦВК заявіла жонка блогера Сьвятлана Ціханоўская.
- 29 траўня на перадвыбарчым пікеце жонкі затрымалі Ціханоўскага і яшчэ 9 чалавек. Лукашэнка казаў пра акалічнасьці затрыманьня за 4 гадзіны да таго, як яно адбылося.
- 11 чэрвеня ў «Белгазпрамбанку» і шэрагу іншых кампаній прайшлі ператрусы. У Камітэце дзяржкантролю заявілі, што завялі крымінальныя справы аб легалізацыі сродкаў, атрыманых злачынным шляхам, і аб ухіленьні ад сплаты падаткаў у асабліва буйным памеры. Старшыня КДК Іван Тэртэль сьцьвярджаў, што да гэтых спраў мае дачыненьне патэнцыйны кандыдат у прэзыдэнты Віктар Бабарыка. Роўна за 4 гадзіны да заявы Дзяржкантролю Аляксандар Лукашэнка расказаў пра акалічнасьці «справы „Белгазпрамбанку“».
- 18 чэрвеня Віктара Бабарыку і яго сына, кіраўніка ініцыятыўнай групы Эдуарда Бабарыку затрымалі.
- 14 ліпеня ЦВК зарэгістраваў кандыдатамі ў прэзыдэнты Аляксандра Лукашэнку, Сьвятлану Ціханоўскую, Ганну Канапацкую, Андрэя Дзьмітрыева і Сяргея Чэрачня. Не зарэгістравалі Віктара Бабарыку і Валера Цапкалу.
- Ад пачатку выбарчай кампаніі праваабаронцы налічылі больш за 1300 затрыманых: удзельнікі «ланцугоў салідарнасьці», сябры ініцыятыўных груп, актывісты, палітыкі, блогеры, журналісты і проста мінакі на вуліцы. Сотні чалавек пакаралі адміністрацыйнымі арыштамі і аштрафавалі.