«Рана 6 на 6 см, вырваны кавалак тканак», «пералом скронева-скулавай косткі». Пацярпелыя падчас пратэсту 9 жніўня

Падчас акцыі пратэсту 9 жніўня

У 3-м хірургічным аддзяленьні бальніцы хуткай мэдычнай дапамогі знаходзяцца 11 пацярпелых. Пацярпелы Віталь распавёў, што яго даставілі ў бальніцу з ранай, учора наклалі швы.

«Лекары кажуць „агнястрэл“. Што стала прычынай, можна толькі здагадвацца, афіцыйных дадзеных няма. Рана 6 на 6 см, вырваны кавалак тканак». Мы прыйшлі да станцыі мэтро «Маладзежная, пачуліся хлапкі. Усе пачалі бегчы і крычаць. Я адчуў, як анямела рука, адчуў нейкі разрыў. На паркоўцы дзяўчаты дапамаглі хутка налажыць жгут. Потым мы пайшлі да хуткай, АМАП не перашкаджаў, — распавёў Віталь.

Пацярпелага Максіма шпіталізавалі ў лякарню хуткай мэддапамогі зь пераломам скронева-скулавай косткі. Заўтра яму будуць рабіць апэрацыю. Яго прывезьлі ўчора ў бальніцу прыкладна а 10-ай вечара. Амапаўцы наляцелі на яго ў раёне вуліцы Заслаўскай. Ён пачуў, як амапаўцы крыкнулі: «Мачы казла!» і пачалі яго біць дубінкамі, пакуль ён не згубіў прытомнасьць.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Білі 5-6 амапаўцаў», — аповед менчука зь лякарні

Калі ачуняў, побач нікога не было, цякла кроў з галавы. Сам дайшоў да людзей, гэта былі журналісты, якія дапамаглі перавязаць рану, яны ж выклікалі хуткую.

«Гэта беззаконьне», — так ён ацаніў дзеяньні міліцыі.

Максім кажа, што на 5 і 6 паверсе шпіталізавана шмат пацярпелых. Да яго ўжо прыяжджалі сьледчыя, ён кажа, што насамрэч «хочуць сабраць штрафы і пачнуць прыпісваць тое, што было і чаго не было».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У вайсковым шпіталі ў Менску застаюцца 18 зьбітых падчас разгону пратэстаў

Раней адзін зь лекараў бальніцы хуткай мэдычнай дапамогі ў Менску ананімна распавёў карэспандэнту Свабоды, што адзін з пацярпелых падчас пратэстаў 9 жніўня ў Менску з траўмай галавы ляжыць у рэанімацыі.

Ёсьць яшчэ людзі ў аддзяленьнях і працягваюць паступаць 10 жніўня з РУУС. На аднаго наехаў аўтамабіль, як кажа пацярпелы, у другога дасталі ажно 7 куль.

У цэлым ва ўсіх пацярпелых стан стабільны. Пацыентаў было шмат, распавёў лекар. Сартаваньнем і разьмеркаваньнем пацярпелых займаліся 14 дактароў.