Прэс-сакратарка Міністэрства ўнутраных справаў Беларусі Вольга Чамаданава апублікавала ў Telegram заяву аб падзеях вечара 9 жніўня і ночы на 10 жніўня.
«Ачаговыя зборы» грамадзянаў зафіксавалі ў 33 гарадах — на цэнтральных плошчах і ля выбарчых участкаў.
Паводле МУС, затрыманыя каля 3000 чалавек, зь іх каля тысячы ў Менску, «у выніку сутыкненьняў» пацярпелі 50 грамадзянаў і 39 супрацоўнікаў міліцыі, некаторыя шпіталізаваныя. Міністэрства дадае, што частка пацярпелых грамадзянаў «знаходзілася ў стане алькагольнага ап’яненьня».
«Неабходна адзначыць, што ў дачыненьні да парушальнікаў баявая зброя не ўжывалася, — піша МУС. — Загінулых няма».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Праваабаронца «Вясны» паведаміў пра гібель чалавека падчас пратэсту ў Менску. МУС зьняпраўджваеМіністэрства сьцьвярджае, што ў Менску пратэстоўцы нібыта «запальвалі фаеры, раскідвалі на праезную частку шыпы, цьвікі, будавалі барыкады з мабільных турнікетаў, разьбіралі тратуарную плітку і закідвалі ёю і іншымі прадметамі праваахоўнікаў».
Асобна МУС адзначае «актыўнае процістаяньне органам правапарадку» ў Пінску, дзе, сьцьвярджаецца ў паведамленьні, «група агрэсіўна настроеных грамадзянаў з выкарыстаньнем завостраных калоў, пруткоў, камянёў і арматуры паспрабавала арганізаваць напад на супрацоўнікаў міліцыі».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Начны пратэст у Менску. ШМАТ ФОТА ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Выбары-2020. Пратэсты, затрыманьні і салідарнасьць. Што адбываецца ў БеларусіПрэзыдэнцкія выбары — 2020 у Беларусі. Што важна ведаць
- Шостыя ў гісторыі сувэрэннай Беларусі выбары прэзыдэнта прызначаныя на нядзелю, 9 жніўня 2020 году.
- 65-гадовы Аляксандар Лукашэнка кіруе дзяржавай 25 гадоў. Ніводныя прэзыдэнцкія выбары (2001, 2006, 2010, 2015), апроч першых (1994 год), не прызналі свабоднымі і справядлівымі на міжнародным узроўні.
- Старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына адхіліла прапановы праваабаронцаў аб дыстанцыйных прэзыдэнцкіх выбарах у час эпідэміі COVID-19, бо «часу для прыняцьця гэтых захадаў ужо няма». Лукашэнка ня бачыў падставаў пераносіць выбары праз пандэмію.
- ЦВК зарэгістраваў 15 ініцыятыўных груп з 55 заявак.
- Аўтару YouTube-канала «Страна для жизни» Сяргею Ціханоўскаму Цэнтральная выбарчая камісія адмовіла ў рэгістрацыі ініцыятыўнай групы, бо ён адбываў 15 сутак арышту і ня мог асабіста падаць дакумэнты. Тады сваю ініцыятыўную групу ў ЦВК заявіла жонка блогера Сьвятлана Ціханоўская.
- 29 траўня на перадвыбарчым пікеце жонкі затрымалі Ціханоўскага і яшчэ 9 чалавек. Лукашэнка казаў пра акалічнасьці затрыманьня за 4 гадзіны да таго, як яно адбылося.
- 11 чэрвеня ў «Белгазпрамбанку» і шэрагу іншых кампаній прайшлі ператрусы. У Камітэце дзяржкантролю заявілі, што завялі крымінальныя справы аб легалізацыі сродкаў, атрыманых злачынным шляхам, і аб ухіленьні ад сплаты падаткаў у асабліва буйным памеры. Старшыня КДК Іван Тэртэль сьцьвярджаў, што да гэтых спраў мае дачыненьне патэнцыйны кандыдат у прэзыдэнты Віктар Бабарыка. Роўна за 4 гадзіны да заявы Дзяржкантролю Аляксандар Лукашэнка расказаў пра акалічнасьці «справы „Белгазпрамбанку“».
- 18 чэрвеня Віктара Бабарыку і яго сына, кіраўніка ініцыятыўнай групы Эдуарда Бабарыку затрымалі.
- 14 ліпеня ЦВК зарэгістраваў кандыдатамі ў прэзыдэнты Аляксандра Лукашэнку, Сьвятлану Ціханоўскую, Ганну Канапацкую, Андрэя Дзьмітрыева і Сяргея Чэрачня. Не зарэгістравалі Віктара Бабарыку і Валера Цапкалу.
- Ад пачатку выбарчай кампаніі праваабаронцы налічылі больш за 1300 затрыманых: удзельнікі «ланцугоў салідарнасьці», сябры ініцыятыўных груп, актывісты, палітыкі, блогеры, журналісты і проста мінакі на вуліцы. Сотні чалавек пакаралі адміністрацыйнымі арыштамі і аштрафавалі.