Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ціханоўская не прызнала перамогі Лукашэнкі: «Я з народам, я нікуды ня зьехала»


Сьвятлана Ціханоўская на прэсавай канфэрэнцыі 10 жніўня 2020 г.
Сьвятлана Ціханоўская на прэсавай канфэрэнцыі 10 жніўня 2020 г.

Аб’яднаны штаб паведаміў, што не пагаджаецца зь лічбамі галасаваньня, агучанымі Лідзіяй Ярмошынай. Раніцай 10 жніўня Сьвятлана Ціханоўская правяла прэс-канферэнцыю, на якой выклала сваё стаўленьне да падзеяў вечара 9 жніўня ў Менску.

Кандыдат у прэзыдэнты Сьвятлана Ціханоўская лічыць сябе пераможцай на выбарах кіраўніка дзяржавы. Сваю выснову яна аргумэнтавала колькасьцю ахвотных за яе прагаласаваць на ўчастках: «Вы бачылі, што адбывалася на ўчастках. У нас ёсьць зьвесткі незалежных назіральнікаў».

Штаб Ціханоўскай лічыць, што ў краіне павінны быць празрыста пералічаныя галасы выбарнікаў.

Ціханоўская адзначыла, што цяпер найважнейшае — спыніць гвалт у краіне.

«Тое, што ўчора адбывалася, гэта недапушчальна, — сказала Ціханоўская. — Гэта проста злачынства. Да нас ішла супярэчлівая інфармацыя пра тое, што ёсьць загінулыя. Я спадзяюся, што гэтая інфармацыя не пацьвердзіцца. Калі яна пацьвердзіцца, то гэта будзе пачатак канца (для ўлады. — РС)... Мы прасілі ўлады не ўжываць гвалтоўных мэтадаў. Мы не былі пачутыя... Я была ўпэўненая, што ўлада ня пойдзе на такі крок. Я хачу выказаць падтрымку ўсім тым, хто пацярпеў. Мы будзем усім пацярпелым дапамагаць у гэтай сытуацыі».

З словаў кандыдаткі ў прэзыдэнты, яна не ведае, ці варта ёй выходзіць на вуліцу ў тым выпадку, калі пратэсты ў Менску будуць працягвацца.

«Вы хочаце, каб я выйшла на вуліцу? Вам ад гэтага будзе лягчэй? Вы думаеце, што гэта ня ўзмоцніць супрацьстаяньне? Я ня ведаю, як адказаць на гэтае пытаньне. Я з народам, я нікуды ня зьехала».

Паводле Марыі Калесьнікавай, аб’яднаны штаб будзе працягваць працу. «Усё толькі пачынаецца, — сказала Калесьнікава. — Мы гатовыя да доўгатэрміновага пратэсту».

Сьвятлана ЦІханоўская і Марыя Калесьнікава
Сьвятлана ЦІханоўская і Марыя Калесьнікава

Яна таксама паведаміла, што ўначы спрабавала зьвязацца з кіраўніком адміністрацыі прэзыдэнта Сергеенкам і міністрам унутраных справаў Караевым.

«Я ведаю, што наш зварот з просьбай спыніць ужываньне гвалту дайшоў да адрасатаў, — сказала Калесьнікава. — Аднак мы дагэтуль не атрымалі ад іх адказу».

Калесьнікава паведаміла, што ў аб’яднаным штабе будуць чакаць канчатковых вынікаў галасаваньня, якія агучаць 14 жніўня. Пасьля гэтага будуць прадпрымаць наступныя дзеяньні. З лічбамі, агучанымі Лідзіяй Ярмошынай раніцай 10 жніўня, у аб’яднаным штабе не пагаджаюцца.

Увечары 9 жніўня ў Менску, усіх абласных цэнтрах і іншых гарадах Беларусі прайшлі стыхійныя акцыі пратэсту. Паводле Міністэрства ўнутраных справаў, пратэсты зафіксавалі ў 33 гарадах, каля 3000 чалавек затрымалі, зь іх каля тысячы ў Менску. «У выніку сутыкненьняў» пацярпелі 50 грамадзянаў і 39 супрацоўнікаў міліцыі, некаторыя шпіталізаваныя. Праваабарончы цэнтар «Вясна» паведаміў, што адзін чалавек загінуў падчас пратэсту мінулай ноччу ў Менску. У Міністэрстве ўнутраных справаў Беларусі заявілі, што падчас акцыяў пратэсту ніхто не загінуў.

Паводле зьвестак ЦВК, на выбарах прэзыдэнта Беларусі дзейны кіраўнік дзяржавы Аляксандр Лукашэнка набраў 80,23% галасоў.

Усяго ўдзел у галасаваньні ўзялі 5.798.908 чалавек (84,23%).

Паводле папярэдніх зьвестак ЦВК, за Лукашэнку голас аддалі 4.652.423 выбарнікі, за Сьвятлану Ціханоўскую — 574.312 (9,9%), за Ганну Канапацкую — 97.926 (1,68%), Андрэя Дзьмітрыева — 60.543 (1,04%), Сяргея Чэрачня — 65.784 (1,13%), супраць усіх выказаліся 6,02% выбарнікаў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG