Мастак Аляксей Кузьміч правёў мастацкую акцыю на выбарчым участку ў менскай школе № 44. Ён намаляваў на бюлетэні фалічны сымбаль, прымацаваў яго сабе на грудзі і так прастаяў, напалову аголены, паўхвіліны.
Аляксей Кузьміч выйшаў з кабінкі для галасаваньня ў набедранай павязцы, на грудзях прымацаваўшы бюлетэнь з намаляваным фалічным сымбалем, паведамляў Tut.by. Так ён прастаяў 30 сэкундаў, а потым сышоў з участку. На вачах у мастака была павязка, а на руках і нагах — сьляды ад чырвонай фарбы.
Каб атрымаць бюлетэнь, Аляксей Кузьміч зьявіўся на выбары ў плашчы да каленаў. У такім жа выглядзе Кузьміч выйшаў уначы ў Менск і стаў перад калёнай тэхнікі, якую выкарыстоўвалі для разгону мітынгоўцаў.
Перад правядзеньнем акцыі, якая называлася «Веру», Кузьміч паведаміў у пісьмовым выглядзе яе сэнс. Паводле мастака, у Беларусі адсутнічае выбар. Выбары «зьяўляюцца цырымоніяй эксцэнтрычнага фарсу, якая складаецца зь перасячэньня сучаснага выгляду рэлігійнага культу і (...) паводзін прыматаў».
На думку Кузьміча, у дзяржаве гэтыя інстынкты «ўзьведзеныя ў рэлігійны культ». Мэта акцыі, паводле яго, — выкрыць уладкаваньне палітычнага сьвету.
Як паведаміў Аляксей Кузьміч Свабодзе, з ранку 10 жніўня да яго ў кватэру ломяцца невядомыя. Па стане на 12:30 дзьверы ў кватэру Аляксея Кузьміча пачалі выбіваць сякерай. Па стане на 13:00 Аляксея Кузьміча затрымліваюць, да яго выехаў адвакат. Па стане на 16.00 стала вядома, што Кузьміч знаходзіцца ў пастарунку і яго будуць судзіць за хуліганства.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ціханоўская не прызнала перамогі Лукашэнкі: «Я з народам, я нікуды ня зьехала» ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Выбары-2020. Пратэсты, затрыманьні і салідарнасьць. Што адбываецца ў Беларусі