Вечарам 9 жніўня, пасьля заканчэньня галасаваньня на прэзыдэнцкіх выбарах, каля стэлы «Менск — горад-герой» сабраліся групы людзей, каб выказаць сваё незадавальненьне несумленнай, на іх думку, выбарчай кампаніяй. Іх сустрэлі праваахоўнікі, якія спрабавалі разагнаць пратэст, ужывалі розныя спэцсродкі — у тым ліку сьвятлашумавыя гранаты і вадамёты. Шматлюдныя пратэсты, сутычкі і затрыманьні адбыліся таксама ва ўсіх абласных цэнтрах і шэрагу буйных гарадоў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Выбары-2020. Пратэсты, затрыманьні і салідарнасьць. Што адбываецца ў БеларусіАгульную колькасьць пратэстоўцаў цяжка ацаніць — яны не былі цэнтралізаваныя, былі расьсеянымі па розных месцах у Менску, пратэсты ў розны час адбываліся ў розных гарадах. Ад раніцы 9 жніўня, у тым ліку падчас пратэстаў, практычна адсутнічаў доступ да сацыяльных сетак і мэсэнджэраў, былі праблемы з доступам да інтэрнэту на вуліцах.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Начны пратэст у Менску. ШМАТ ФОТАА 2-й гадзіне ночы 10 жніўня прэс-сакратарка Міністэрства ўнутраных справаў Вольга Чамаданава паведаміла Свабодзе, што несанкцыянаваныя акцыі «яшчэ ня скончаныя», таму падлічыць затрыманых яна яшчэ ня можа. Зарыманні сапраўды працягнуліся і пасьля таго.
У шпіталі хуткай дапамогі Свабодзе сказалі, што ня могуць назваць колькасьць параненых — спаслаліся на адсутнасьць кіраўніцтва. Сьведкі кажуць, што бачылі ня менш за 10 параненых.
Цягам хваляваньняў у Менску адбылося некалькі арганізаваных разгонаў з выкарыстаньнем дручкоў і шчытоў, сьвятлашумавых гранатаў, вадамётаў і іншых спэцсродкаў. Карэспандэнты бачылі некалькіх параненых. На вачах карэспандэнтаў Свабоды выкарысталі ня менш за 10 сьвятлошумавых гранатаў
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Наша Ніва»: гумовая куля трапіла ў дзяўчынуПаводле сьведкаў, адна машына канвойнай службы ўнутраных войскаў, шэры аўтазак, пад’ехала да натоўпу пратэстоўцаў ззаду — тыя яе абступілі, каб не прапусьціць, але кіроўца толькі паскорыўся. Некаторыя пратэстоўцы не пасьпелі адскочыць і былі параненыя. У машыне пратэстоўцы разьбілі шыбы. Адзін з пратэстоўцаў зачапіўся за дворнікі машыны — тая правезла яго паўтара дзясятка мэтраў, рэзка затармазіла і скінула, той упаў, ударыўшыся галавой.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Калі ласка, спыніце гвалт». Зварот Ціханоўскай да беларускіх грамадзян і сілавікоў у ноч на 10 жніўняПаводле падлікаў карэспандэнтаў Свабоды, толькі каля стэлы ў Менску было прыблізна 3000 чалавек, але людзі былі і на вуліцах паблізу — яны не маглі трапіць да стэлы празь блякаваньне. На праспэкце Машэрава пратэстоўцы спрабавалі сабраць барыкады з падручных сродкаў, адбіваліся ад атакаў АМАП. Як назіраў карэспандэнт Свабоды, калі вадамёты рушылі натоўп дэманстрантаў, іх спыніў звычайны маршрутны гарадзкі аўтобус, які перагарадзіў дарогу, што дало пратэстоўцам магчымасьць уцячы.
Бяляцкі: пратэст быў хаатычны і без адзінага цэнтру, сілы былі няроўныя
Праваабарончы цэнтар «Вясна» налічыў 60 прозьвішчаў затрыманых у часе разгону. Паводле праваабаронцаў, у дзень выбараў былі затрыманыя прынамсі 120 чалавек.
Як кажа старшыня «Вясны» Алесь Бяляцкі, праз праблемы з сувязьзю і раздробленасьці акцыяў немагчыма сабраць поўную інфармацыю пра колькасьць затрыманых. Ёсьць сьведчаньні, што затрыманыя журналісты.
Бяляцкі асабіста назіраў падзеі ў Менску. Ён заявіў Свабодзе: на ягоную думку, дэманстранты ня мелі адзінага кіроўнага цэнтру, дзейнічалі групамі, але хаатычна. Міліцыя ўжыла супраць іх «увесь спэктар наяўных спэцсродкаў, што было празьмерным: сілы былі няроўнымі».
Адзін з пратэстоўцаў, 35-гадовы Аляксандар, распавёў Свабодзе, што ў адрозьненьне ад папярэдніх акцыяў, дэманстранты адбіваліся, адбівалі затрыманых паплечнікаў, спрабавалі стварыць барыкады. На яго думку, людзей справакавала на пратэсты тое, што «гэта ня выбары, а фальсыфікацыя, злачынства, зьдзек з народу». Ён думае, што колькасьць галасоў за Лукашэнку ў некалькі разоў завысілі, за Ціханоўскую — занізілі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ціханоўская паведаміла пра афіцыйную перамогу ў першым туры на некаторых участкахПрэзыдэнцкія выбары — 2020 у Беларусі. Што важна ведаць
- Шостыя ў гісторыі сувэрэннай Беларусі выбары прэзыдэнта прызначаныя на нядзелю, 9 жніўня 2020 году.
- 65-гадовы Аляксандар Лукашэнка кіруе дзяржавай 25 гадоў. Ніводныя прэзыдэнцкія выбары (2001, 2006, 2010, 2015), апроч першых (1994 год), не прызналі свабоднымі і справядлівымі на міжнародным узроўні.
- Старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына адхіліла прапановы праваабаронцаў аб дыстанцыйных прэзыдэнцкіх выбарах у час эпідэміі COVID-19, бо «часу для прыняцьця гэтых захадаў ужо няма». Лукашэнка ня бачыў падставаў пераносіць выбары праз пандэмію.
- ЦВК зарэгістраваў 15 ініцыятыўных груп з 55 заявак.
- Аўтару YouTube-канала «Страна для жизни» Сяргею Ціханоўскаму Цэнтральная выбарчая камісія адмовіла ў рэгістрацыі ініцыятыўнай групы, бо ён адбываў 15 сутак арышту і ня мог асабіста падаць дакумэнты. Тады сваю ініцыятыўную групу ў ЦВК заявіла жонка блогера Сьвятлана Ціханоўская.
- 29 траўня на перадвыбарчым пікеце жонкі затрымалі Ціханоўскага і яшчэ 9 чалавек. Лукашэнка казаў пра акалічнасьці затрыманьня за 4 гадзіны да таго, як яно адбылося.
- 11 чэрвеня ў «Белгазпрамбанку» і шэрагу іншых кампаній прайшлі ператрусы. У Камітэце дзяржкантролю заявілі, што завялі крымінальныя справы аб легалізацыі сродкаў, атрыманых злачынным шляхам, і аб ухіленьні ад сплаты падаткаў у асабліва буйным памеры. Старшыня КДК Іван Тэртэль сьцьвярджаў, што да гэтых спраў мае дачыненьне патэнцыйны кандыдат у прэзыдэнты Віктар Бабарыка. Роўна за 4 гадзіны да заявы Дзяржкантролю Аляксандар Лукашэнка расказаў пра акалічнасьці «справы „Белгазпрамбанку“».
- 18 чэрвеня Віктара Бабарыку і яго сына, кіраўніка ініцыятыўнай групы Эдуарда Бабарыку затрымалі.
- 14 ліпеня ЦВК зарэгістраваў кандыдатамі ў прэзыдэнты Аляксандра Лукашэнку, Сьвятлану Ціханоўскую, Ганну Канапацкую, Андрэя Дзьмітрыева і Сяргея Чэрачня. Не зарэгістравалі Віктара Бабарыку і Валера Цапкалу.
- Ад пачатку выбарчай кампаніі праваабаронцы налічылі больш за 1300 затрыманых: удзельнікі «ланцугоў салідарнасьці», сябры ініцыятыўных груп, актывісты, палітыкі, блогеры, журналісты і проста мінакі на вуліцы. Сотні чалавек пакаралі адміністрацыйнымі арыштамі і аштрафавалі.