Былы прэтэндэнт на пасаду прэзыдэнта, экс-кіраўнік Парку высокіх тэхналёгіяў Валер Цапкала — пра гвалтоўныя дзеяньні ўлады і вяртаньне жонкі ў Беларусь.
— Я лічу, што ў краіне адбываецца дзяржаўны пераварот. Лукашэнка «ўкінуў» інфармацыю пра вынікі выбараў. Яны ня проста сфальсыфікаваныя, яны жахліва сфальсыфікаваныя. Мы прывыклі да таго, што можна накінуць 10-20 працэнтаў галасоў. У нашай культуры гэта лічылася нармальным, але то, што 70% — не ўваходзіць ні ў якія рамкі. Людзі, натуральна, абураныя. Гэта справядлівае абурэньне. Лукашэнка сілай будзе спрабаваць утрымаць уладу. Былі перакрытыя ўсе ўезды ў горад, заблякаваныя, людзей з рэгіёнаў у горад не пускаюць. Таму сытуацыя наступная — ён робіць дзяржаўны, васковы пераварот.
— Сёньня вы паведамілі, што ваша жонка Вераніка Цапкала, адна з ключавых асобаў у агітацыйнай кампаніі Сьвятланы Ціханоўскай, пакінула Беларусь. Спачатку паведамлялася, што яна зьехала праз пагрозы, потым — пабачыць дзяцей. Што адбылося?
— Яна паехала, каб правесьці час са сваімі дзецьмі і вярнуцца назад. Сёньня агітацыя забароненая. Яна хацела прагаласаваць разам зь дзецьмі, бо тое, што мы робім — гэта ўсё дзеля нашых дзяцей, каб яны расьлі ў свабоднай краіне, каб яны ганарыліся, а не саромеліся краінай. Яна плянавала вярнуцца назад. Я дакладна ня ведаю пляны, магчыма, яна цяпер у дарозе ў Менск.
— Асноўны мэсыдж аб’яднанага штабу, што людзі зьмяніліся, людзі сталі актыўнымі, прагнуць пераменаў, і гэта ўжо немагчыма зьмяніць. Але ўлада, яе дзеяньні, рэакцыі не зьмянілася. З вашых кантактаў зь людзьмі ва ўладзе, якія ў вас засталіся, што вядома пра тое, што адбываецца ў сілавых структурах, ва ўрадзе, адміністрацыі прэзыдэнта?
— Наколькі я разумею чыноўнікаў, там няма вялікага жаданьня змагацца за гэтую ўладу. Сілавыя структуры стаяць перад сурʼёзнай дылемай. З аднаго боку яны давалі прысягу беларускаму народу і Канстытуцыі. З другога боку ім належыць выконваць загады начальства. І ў іх цяпер фаўстаўская зьдзелка з сумленьнем. Яны разумеюць, што выконваюць незаконныя патрабаваньні, але як паводзіць сябе ў гэтай сытуацыі, ім самім не да канца ясна.
— Ці вы ўяўлялі, калі прынялі рашэньне балятавацца на прэзыдэнта, што можа быць такое разьвіцьцё падзей. І каб ведалі, зрабілі б гэта яшчэ раз?
— Сапраўды, гісторыя ня мае ўмоўнага ладу. Я не шкадую аб тым, што я рабіў. Палітык не павінен глядзець назад і шкадаваць аб сваіх кроках, ён павінен глядзець наперад. Перад беларускім народам стаяць новыя, сурʼёзныя выклікі, і ім трэба будзе адпавядаць.
Прэзыдэнцкія выбары — 2020 у Беларусі. Што важна ведаць
- Шостыя ў гісторыі сувэрэннай Беларусі выбары прэзыдэнта прызначаныя на нядзелю, 9 жніўня 2020 году.
- 65-гадовы Аляксандар Лукашэнка кіруе дзяржавай 25 гадоў. Ніводныя прэзыдэнцкія выбары (2001, 2006, 2010, 2015), апроч першых (1994 год), не прызналі свабоднымі і справядлівымі на міжнародным узроўні.
- Старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына адхіліла прапановы праваабаронцаў аб дыстанцыйных прэзыдэнцкіх выбарах у час эпідэміі COVID-19, бо «часу для прыняцьця гэтых захадаў ужо няма». Лукашэнка ня бачыў падставаў пераносіць выбары праз пандэмію.
- ЦВК зарэгістраваў 15 ініцыятыўных груп з 55 заявак.
- Аўтару YouTube-канала «Страна для жизни» Сяргею Ціханоўскаму Цэнтральная выбарчая камісія адмовіла ў рэгістрацыі ініцыятыўнай групы, бо ён адбываў 15 сутак арышту і ня мог асабіста падаць дакумэнты. Тады сваю ініцыятыўную групу ў ЦВК заявіла жонка блогера Сьвятлана Ціханоўская.
- 29 траўня на перадвыбарчым пікеце жонкі затрымалі Ціханоўскага і яшчэ 9 чалавек. Лукашэнка казаў пра акалічнасьці затрыманьня за 4 гадзіны да таго, як яно адбылося.
- 11 чэрвеня ў «Белгазпрамбанку» і шэрагу іншых кампаній прайшлі ператрусы. У Камітэце дзяржкантролю заявілі, што завялі крымінальныя справы аб легалізацыі сродкаў, атрыманых злачынным шляхам, і аб ухіленьні ад сплаты падаткаў у асабліва буйным памеры. Старшыня КДК Іван Тэртэль сьцьвярджаў, што да гэтых спраў мае дачыненьне патэнцыйны кандыдат у прэзыдэнты Віктар Бабарыка. Роўна за 4 гадзіны да заявы Дзяржкантролю Аляксандар Лукашэнка расказаў пра акалічнасьці «справы „Белгазпрамбанку“».
- 18 чэрвеня Віктара Бабарыку і яго сына, кіраўніка ініцыятыўнай групы Эдуарда Бабарыку затрымалі.
- 14 ліпеня ЦВК зарэгістраваў кандыдатамі ў прэзыдэнты Аляксандра Лукашэнку, Сьвятлану Ціханоўскую, Ганну Канапацкую, Андрэя Дзьмітрыева і Сяргея Чэрачня. Не зарэгістравалі Віктара Бабарыку і Валера Цапкалу.
- Ад пачатку выбарчай кампаніі праваабаронцы налічылі больш за 1300 затрыманых: удзельнікі «ланцугоў салідарнасьці», сябры ініцыятыўных груп, актывісты, палітыкі, блогеры, журналісты і проста мінакі на вуліцы. Сотні чалавек пакаралі адміністрацыйнымі арыштамі і аштрафавалі.