Некалькі сотняў беларусаў пасьля закрыцьця выбарчага ўчастку ў амбасадзе ў Празе сабраліся ў цэнтры Прагі на Вацлаўскай плошчы на мітынг салідарнасьці.
На плошчу людзі перамясьціліся ад будынку беларускай амбасады. Некалькі сотняў чалавек, прастаяўшы сёньня ў чарзе па некалькі гадзінаў, так і ня здолелі патрапіць у памяшканьне, каб прагаласаваць.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У амбасадзе Беларусі ў Празе здарыўся інцыдэнт, які прыпыніў галасаваньне на прэзыдэнцкіх выбарахЯк паведаміла грамадзкая актывістка, каардынатарка суполкі «Беларусы Чэхіі» Крысьціна Шыянок, паводле вынікаў экзыт-полу ля амбасады ў Празе, які праводзіўся ўвесь час, калі ішло галасаваньне (у тым ліку і папярэдняе), Сьвятлана Ціханоўская набрала 93,67% галасоў, Аляксандар Лукашэнка — 2,11%.
Дэпутат мясцовай рады раёну Прага 9 Вацлаў Віславус выказаў салідарнасьць з тымі, хто ў Беларусі выступае за дэмакратычныя перамены.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Праскі дэпутат-беларус пра забруджаны і жывы Менск, Пірацкую партыю і беларускія табу на палітыкуАкадэмік Пэтр Главачак лічыць, што «беларусы і беларускі паказалі, што грамадзтва ў Беларусі вельмі моцнае, што Беларусь — краіна, якую ўжо нельга сьцерці з мапы Эўропы».
Паплечніца Вацлава Гаўла, вядомая чэская дысыдэнтка Пэтрушка Шустрава сказала, што «ў Беларусі выбары нарадзілі новую грамадзянскую супольнасьць... Зараз — ня час адчаю, а час аб’яднаньня».
Заяўнікам акцыі і вядоўцам выступіў пісьменьнік Макс Шчур.