Ад раніцы 9 жніўня, дня прэзыдэнцкіх выбараў, шэраг абанэнтаў у Беларусі паведамляюць пра недасяжнасьць шматлікіх сайтаў, у тым ліку замежных сацыяльных сетак і беларускіх недзяржаўных выданьняў.
У ліку сайтаў беларускіх выданьняў і замежных мэдыя, што працуюць на беларускую аўдыторыю, аб праблемах з доступам да якіх паведамлялі 9 жніўня:
- belapan.by
- belaruspartisan.by
- belsat.eu
- euroradio.fm
- gomel.today
- kyky.org
- naviny.by
- nn.by
- svaboda.org
У дзяржаўнай кампаніі «Белтэлекам» парталу Tut.by заявілі, што ведаюць аб праблемах і што «тэхнічныя спэцыялісты працуюць над гэтым»: «Узьнікаюць праблемы з доступам да пэўных рэсурсаў і цяжкасьці пры загрузцы старонак або працы з праграмамі». Усе тры мабільныя апэратары заявілі, што праблемы з доступам назіраюцца з боку «вышэйшага правайдэра» або «зь незалежных ад іх прычынаў».
Нацыянальны цэнтар абмену трафікам сьцьвярджае, што назіралася атака на абсталяваньне, на якім разьмяшчаюцца дзяржаўныя сайты, у тым ліку КДБ і МУС. На момант публікацыі названыя сайты працуюць безь перашкодаў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Выбары-2020. Пратэсты, затрыманьні і салідарнасьць. Што адбываецца ў БеларусіПрэзыдэнцкія выбары — 2020 у Беларусі. Што важна ведаць
- Шостыя ў гісторыі сувэрэннай Беларусі выбары прэзыдэнта прызначаныя на нядзелю, 9 жніўня 2020 году.
- 65-гадовы Аляксандар Лукашэнка кіруе дзяржавай 25 гадоў. Ніводныя прэзыдэнцкія выбары (2001, 2006, 2010, 2015), апроч першых (1994 год), не прызналі свабоднымі і справядлівымі на міжнародным узроўні.
- Старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына адхіліла прапановы праваабаронцаў аб дыстанцыйных прэзыдэнцкіх выбарах у час эпідэміі COVID-19, бо «часу для прыняцьця гэтых захадаў ужо няма». Лукашэнка ня бачыў падставаў пераносіць выбары праз пандэмію.
- ЦВК зарэгістраваў 15 ініцыятыўных груп з 55 заявак.
- Аўтару YouTube-канала «Страна для жизни» Сяргею Ціханоўскаму Цэнтральная выбарчая камісія адмовіла ў рэгістрацыі ініцыятыўнай групы, бо ён адбываў 15 сутак арышту і ня мог асабіста падаць дакумэнты. Тады сваю ініцыятыўную групу ў ЦВК заявіла жонка блогера Сьвятлана Ціханоўская.
- 29 траўня на перадвыбарчым пікеце жонкі затрымалі Ціханоўскага і яшчэ 9 чалавек. Лукашэнка казаў пра акалічнасьці затрыманьня за 4 гадзіны да таго, як яно адбылося.
- 11 чэрвеня ў «Белгазпрамбанку» і шэрагу іншых кампаній прайшлі ператрусы. У Камітэце дзяржкантролю заявілі, што завялі крымінальныя справы аб легалізацыі сродкаў, атрыманых злачынным шляхам, і аб ухіленьні ад сплаты падаткаў у асабліва буйным памеры. Старшыня КДК Іван Тэртэль сьцьвярджаў, што да гэтых спраў мае дачыненьне патэнцыйны кандыдат у прэзыдэнты Віктар Бабарыка. Роўна за 4 гадзіны да заявы Дзяржкантролю Аляксандар Лукашэнка расказаў пра акалічнасьці «справы „Белгазпрамбанку“».
- 18 чэрвеня Віктара Бабарыку і яго сына, кіраўніка ініцыятыўнай групы Эдуарда Бабарыку затрымалі.
- 14 ліпеня ЦВК зарэгістраваў кандыдатамі ў прэзыдэнты Аляксандра Лукашэнку, Сьвятлану Ціханоўскую, Ганну Канапацкую, Андрэя Дзьмітрыева і Сяргея Чэрачня. Не зарэгістравалі Віктара Бабарыку і Валера Цапкалу.
- Ад пачатку выбарчай кампаніі праваабаронцы налічылі больш за 1300 затрыманых: удзельнікі «ланцугоў салідарнасьці», сябры ініцыятыўных груп, актывісты, палітыкі, блогеры, журналісты і проста мінакі на вуліцы. Сотні чалавек пакаралі адміністрацыйнымі арыштамі і аштрафавалі.