Аляксей Грос атрымаў Гран-пры ў музычным конкурсе «Славянскі базар-2016». Тысячы прыхільніц, сюжэты на дзяржканалах, запрашэньні на канцэрты, слава на ўсю краіну. А цяпер — пасьля таго, як ён выказаўся ў падтрымку апазыцыі, — яго сталі рэзка здымаць з ужо заплянаваных канцэртаў і адлічылі з унівэрсытэту.
Зь ім у Менску размаўляла карэспандэнт тэлеканалу «Настоящее время» Ірына Рамалійская. У пятніцу Ірыну выслалі зь Беларусі за працу без акрэдытацыі і забаранілі ўезд на тэрыторыю Беларусі цягам 10 гадоў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Зь Беларусі выслалі журналістаў тэлеканалу «Настоящее время»— У мяне былі нейкія допісы, рэпосты — я проста выказаў тое, як на аўтазаках альбо на незразумелых аўтамабілях пад’яжджаюць да людзей, пакуюць іх, вязуць у незразумелым кірунку. Мне здаецца, кожны сьвядомы грамадзянін павінен на гэта рэагаваць. І гэта абсалютна нармальная, адэкватная рэакцыя, пасьля якой мяне зьнялі з аднаго мерапрыемства, з другога, з трэцяга, пятага. І гэта працягваецца па сёньняшні дзень. Многія мерапрыемствы, якія знаходзяцца пад патранажам дзяржавы, учыняюць [такія дзеяньні ў дачыненьні да мяне].
— Напрыклад?
— Напрыклад, Рэчыца, у горадзе Салігорску — там вісяць афішы з маім тварам. У адміністрацыю паступае званок зь Міністэрства культуры. Адкуль — ніхто асабліва ня кажа, не раскрываюць карты — людзі ўсяго баяцца, знаходзячыся на такіх пасадах. Паступае званок, і кажуць, што трэба выкрасьліць такога чалавека. Я да гэтага часу не разумею: чаму, за што і як. Але, тым ня менш, гэта паслужыла падставай для таго, каб выказацца.
Далей — мяне адлічылі задняй датай з Унівэрсытэту культуры. Зноў-такі, я не зьяўляюся нейкім прыкладам для перайманьня, выдатнікам. Былі хвасты, але мы вельмі добра ўзаемадзейнічалі з дэканам, з рэктарам, і заўсёды вырашаліся нейкія моманты, нейкія даўгі. Мне маглі паведаміць — я прыходзіў, дамаўляўся з выкладчыкам, вучыў патрэбную дысцыпліну і здаваў. А тут так незразумела — бязь нейкага паведамленьня. Вельмі непрыемна і незразумела.
— А калі вы рабілі гэтыя рэпосты, вы разумелі, чым гэта можа скончыцца?
— Я нават ня думаў пра гэта.
— Зрабілі б цяпер так?
— Безумоўна, вядома. Я ня тое каб заклікаю. Я лічу, што гэта павінен рабіць любы грамадзянін любой краіны, любы чалавек. Гэта ненармальна, калі [такое] адбываецца на тваіх вачах. Гэта раўназначна, калі на дзяўчыну нападае нейкі маньяк — а мы проста праходзім побач. Таму я лічу, што абавязаны кожны з нас. А той, хто на гэта не рэагуе, — гэта раўназначна злачынству.
— Што будзеце рабіць далей? Якія вашы пляны ў жыцьці, калі для вас закрытыя мерапрыемствы?
— Я абсалютна не перажываю з гэтай нагоды, што зачыняюцца мерапрыемствы. Адны дзьверы зачыняюцца — іншыя адчыняюцца. Дзякуючы гэтай сытуацыі я ўспомніў далёкіх знаёмых, зь якімі раней сустракаўся, кантактаваў, зьявіліся новыя людзі, якія падзяляюць тую ж пазыцыю, новыя знаёмствы. Ня будзе гэтых пляцовак — будуць іншыя. Я артыст, мая задача — ствараць. Творчасьць — гэта мае перажываньні ўнутраныя. Ня тое каб гэта камэрцыйная ці некамэрцыйная гісторыя — гэта проста хочацца, па натхненьні. Ты робіш так, як ты адчуваеш. Калі гэта выклікае рэзананс — файна. Цябе клічуць на пляцоўку, мне здаецца, не таму, што ты там чыйсьці [пратэжэ], а таму, што ў цябе клёвы матэрыял. Так павінна быць. Таму я абсалютна не хвалююся. Мы пішам аранжыроўкі, я займаюся вакалам — вось зараз пайшоў у школу выкладаць вакал. Мы пішам песьні. Тут ніякай праблемы няма. Калі трэба, я буду круціць шаўрму — я казаў пра гэта ў адным з інтэрвію. Мяне не палохае праца. Я працаваў і на даху, я мыў машыны раней, пасьля студэнцтва. Таму мяне гэта абсалютна не палохае.
Я хацеў раней зьехаць з краіны — было вельмі шмат думак, напэўна, месяцы тры. Ёсьць сваякі ў Польшчы, ёсьць добрыя сябры, знаёмыя ў Маскве, у Піцеры, у Амэрыцы. Але тут столькі сяброў і знаёмых. І дзякуючы ўсяму, што тут адбываецца, я разумею, што я ня ў меншасьці, я разумею, што гэта ня я іншаземец у гэтай краіне, я разумею, што я хачу жыць і разьвівацца ў гэтай краіне, я люблю гэтую краіну. Я ганаруся тым, што я беларус. Усё, што тут адбываецца, вельмі натхняе. Я бачу радасьць і надзею ў людзей.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Цесьця пасадзілі, муж хаваецца, у бацькоў АМАП шукаў самагон. Як выжывае сям’я прыхільнікаў Ціханоўскай