Ранкам 8 жніўня ў вёсцы Браніслаў Жыткавіцкага раёну затрымалі назіральніка Яўгена Шчура.
Тры дні таму ён правёў ноч у ізалятары часовага ўтрыманьня і пазьней быў асуджаны за «дробнае хуліганства», бо «наўмысна, з хуліганскіх памкненьняў, ня маючы прычын наведваньня школы, ігнараваў патрабаваньні дырэктара школы пакінуць рэжымны аб’ект».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Жыткавічах судзілі назіральніка, які «з хуліганскіх памкненьняў, без прычыны наведваў школу»«Мне патэлефанаваў Яўген Шчур раніцай, каля 9:30. Сказаў, што ў хату ягонай маці ў вёсцы Браніслаў, дзе ён цяпер знаходзіўся, грукаюць міліцыянты. Праз дзьверы яны паведамілі, што недзе ў вёсцы на асфальце зьявіўся надпіс „Стоп, таракан!“ і Яўген можа быць датычны да гэтага. Мне Яўген сказаў, што ён не рабіў ніякіх надпісаў. У хуткім часе сувязь зь ім зьнікла», — паведаміў Свабодзе праваабаронца Леанід Судаленка.
Ён мяркуе, што такім чынам мясцовыя ўлады і міліцыя хочуць не дапусьціць Яўгена да назіраньня ў асноўны дзень галасаваньня 9 жніўня.
За «беспрычыннае наведваньне» будынка школы Яўген Шчур атрымаў на судзе штраф у памеры 3 базавых велічынь.
У пасёлку Васілевічы Рэчыцкага раёну 7 жніўня затрымалі назіральніка Андрэя Доўжыка. 7 жніўня ён расказваў Свабодзе пра пагрозы з боку міліцыі пасадзіць яго на «суткі».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Генпракуратура прапанавала заблякаваць сайт альтэрнатыўнага падліку бюлетэняў «Голас». Ці спрацуе гэта?«Я акрэдытаваўся на ўчастку № 40 у Васілевічах. Але на ўчастак мяне не дапусьцілі. Я напісаў скаргу на імя старшыні камісіі і пайшоў яе аддаваць. Да мяне падышоў міліцыянт і сказаў, што я перашкаджаю працы камісіі, хаджу тут. Ён сказаў, што калі я яшчэ раз зьяўлюся на ўчастку, то ён мяне пасадзіць на «суткі», — апавядаў Андрэй Доўжык.
Неўзабаве пасьля размовы ён перастаў выходзіць на сувязь, ягоны тэлефон недасяжны.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Беларусі працягваюць затрымліваць актывістаў і назіральнікаў за выбарамі. Сьпіс абнаўляецца