Чаму песьня Віктара Цоя «Перамен» 80-х гадоў стала сымбалем пратэсту ў сёньняшняй Беларусі

Віктар Цой, 1988 год

«Перамен!» У падземных пераходах Менску дзясяткі чалавек падпяваюць вулічным музыкам. Людзі гучна ўключаюць песьню праз адчыненыя вокны кватэр альбо на хакейным матчы . А яшчэ за гэтую песьню саджаюць на суткі.

Сьцісла:

  • Песьня «Перамен» фэнамэнальна простая формай, сэнсам і лёгкая для выкананьня;
  • «Перамен» вядомая і бацькам, і дзецям;
  • Няма нічога прыкрага ў выкарыстаньні замежных песьняў як нефармальных гімнаў. Прыклад таму — беларуская «Воины света» ва Ўкраіне;
  • Беларуская агульная песьня зьявіцца, калі ў змаганьні за перамены людзі пачнуць дзейнічаць ва ўнісон.

«Перамен» так лёгка сьпяваецца, нібы толькі адным словам, і мае настолькі зразумелы сэнс, што песьня сама напрошваецца вось цяпер. І будзе яна жыць доўга, і я нічога супраць ня маю, бо песьня выбітная», — патлумачыў я знаёмым у кароткай фэйсбук-дыскусіі пра тое, што, маўляў, шкада, што гімнам пратэсту сталіся замежныя «Перамен» і «Муры».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Сем фактаў пра песьню «Муры», якая гучыць на мітынгах Ціханоўскай

А пачыналася так

Табе шаснаццаць гадоў, вакол натоўпы людзей на стадыёне «Дынама» ў Менску «адрываюцца» пад лёгкую рок-музыку, за стадыёнам высьпяваюць перамены проста на вачах. Людзі робяцца больш вольнымі ў паводзінах. Асабліва ў мастацтве: рок-гурты, арт-суполкі, літаратурныя аб’яднаньні, свабодная прэса.

Ужо былі Дзяды і першы Чарнобыльскі шлях. Ты маеш свой першы БЧБ-сьцяг, пашыты бабуляй. Зь якім ты быў на гэтым самым стадыёне зусім нядаўна на шматтысячным мітынгу БНФ. А пасьля прайшоў першым Чарнобыльскім шляхам. Гэта шалёныя перамены. 1989 год, 7 траўня, стадыён «Дынама», сцэна, на сцэне Віктар Цой з гуртом «Кіно» — і гучыць песьня (на 08:31 пачатак песьні) «Перамен».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: На канцэрце Цоя луналі беларускія сьцягі

Музычна ўсіхная, на розныя густы, з простымі словамі, але багатымі вобразамі, творчасьць Віктара Цоя імгненна заваявала папулярнасьць у савецкай імпэрыі, якой на той момант заставалася існаваць пару гадоў. Культ Цоя застаўся папулярным і пасьля 1991 году, калі былыя саюзныя рэспублікі сталіся незалежнымі дзяржавамі. З імпэрыяй гурт «Кіно» дакладна не асацыяваўся, толькі са свабодай.

У Менску дагэтуль стаіць кавалак «Сьцяны Цоя», стыхійна ўтворанай пасьля гібелі музыканта 15 жніўня 1990 году ў аўтакатастрофе. Блёкі бэтоннай сьцяны на Кастрычніцкай плошчы закрывалі будоўлю палаца Рэспублікі. Туды і несьлі кветкі і сьвечкі. Сьцяну хутка размалявалі графіці, і ўсё разам настолькі кранула ўжо досыць лібэральныя менскія ўлады, што пад самаробны мэмарыял выдзелілі месца: спачатку насупраць рэстарану «Журавінка», а пасьля перанесьлі ў сквэрык на пачатку вуліцы Кастрычніцкай.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Песьні сувэрэнітэту. Што сьпявалі беларусы 30 гадоў таму

На канец 1980-х у Беларусі былі ўжо свае выдатныя рок-гурты, напрыклад «Мроя», Ulis, «Бонда», а сьпяваньне па-беларуску для прасунутай моладзі само па сабе сталася пратэстам. Тады яшчэ супраць камуністаў і СССР. На «Кіно» я з часам падзабыўся, бо са сконам Савецкага Саюзу абрынулася «жалезная заслона» і ў незалежную Беларусь рынуўся паток новай культурнай інфармацыі.

Аднойчы на пачатку «нулявых» зьдзівіўся, што «сьцяна Цоя» ў Менску ўсё яшчэ існуе. Культ Цоя ператварыўся ў невялікую субкультуру. А песьня «Перамен» зноў сталася актуальнай. Напрыклад, яна гучыць у аматарскім кліпе да Плошчы 2006 году. Яшчэ «Перамен» актыўна выкарыстоўвалі ў «маўклівых акцыях» у 2011-м.

І вось 2020-ы. І песьня «Перамен» гучыць проста паўсюль, бо яе выбралі часткай перадвыбарнай кампаніі Сьвятланы Ціханоўскай. Яе падхопліваюць як сымбаль жаданьня выбраць новага прэзыдэнта. А значыць — сымбаль перамен. Падкрэсьлена мірных (а «Муры» таксама развучваюць на мітынгах Сьвятланы Ціханоўскай).

Калі зьявіцца беларуская песьня пратэсту

Што да ўласна беларускай песьні — яна будзе створаная ці выбраная з мноства існых, калі многія тысячы людзей пачнуць прагнуць перамен у адным рытме, як адна супольнасьць грамадзян.

Як у песьні Андрэя Мельнікава:

Гэта — тысячы моцных ног, што пячатаюць цьвёрды рытм.
Гэта — не яны, бачыць Бог: гэта — мы! Гэта — мы!

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ад «Жыве Беларусь!» да Лэдзі Гаагі — 14 песень апошніх тыдняў

Думкі, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.