Журналіст, тэлевядоўца Сяргей Дарафееў разважае, як расьсейваецца «аўра Лукашэнкі», дае ацэнку працы беларускага тэлебачаньня, гаворыць пра небясьпеку гвалтоўнага разьвіцьця падзей і тлумачыць, чаго яму бракуе ў дзеяньнях абʼяднанага штабу.
Сьцісла
- Выбар, які ўжо робяць усе беларусы, — гэта ня выбар адной пэрсоны, гэта цывілізацыйны выбар.
- Сёньня беларускі парадак дня — адзін з ключавых на балта-чарнаморскай восі.
- Журналістыкі як такой на беларускіх каналах сёньня няма. Тэлебачаньне ў Беларусі — частка агульнай дзяржаўнай адміністрацыйнай сыстэмы кіраваньня.
- На беларускім тэлебачаньні па-ранейшаму дастаткова таленавітых людзей, але яны «скаваныя адным ланцугом». Гэтую песьню я часта ўспамінаю, калі бачу фрагмэнты эфіру БТ.
- У мяне быў пэрыяд кароткачасовага вяртаньня ў Беларусь. І тады я атрымаў ясны сыгнал, што мне лепей нават асабістымі пытаньнямі ў Беларусі не займацца і трэба зьехаць.
- Мы перажываем апошнія месяцы паскоранае грамадзянскае сасьпяваньне. І тут для мяне ёсьць небясьпека. Бо гэтае грамадзянскае сасьпяваньне мы пакуль мала зьвязваем з сасьпяваньнем нацыянальным. Мала пакуль беларускасьці ў ім.
- Калі аналізаваць усе заявы з адкрытых крыніцаў, усе дзеяньні (альбо іх адсутнасьць) і беларускай улады, і Крамля, і ЗША, ЭЗ, то вымалёўваецца характар калі не кіраванага, то карэктаванага беларускага пратэсту
- Як чалавеку, які думае крытычна, мне не хапае стратэгіі. Сьвятлана кажа, што галоўнае — зьмяніць уладу, а потым правесьці сумленныя выбары, але гэта тактычныя пытаньні. А стратэгія якая?
«Мне сытуацыя бачыцца вельмі небясьпечнай»
— Лідзія Ярмошына ўсё яшчэ старшыня ЦВК, неўзабаве шостыя прэзыдэнцкія выбары ў гісторыі незалежнай Беларусі. Ведаю, што ты ўважліва сочыш за падзеямі ў Беларусі, перажываеш за тое, што адбываецца, робіш звароты праз сацсеткі. Якой табе бачыцца сытуацыя напярэдадні галасаваньня 9 жніўня? Як ацэньваеш шанец на перамены?
— Сцэнар можа быць любы. Можа быць нават кроў, бо мы бачым БТРы, наведваньне вайсковых частак. Пакуль гэта толькі сыгналы, магчыма, гэта нейкае папярэджаньне, тым ня менш сыгналы гучныя. Гэта можа быць лайт-варыянт, і тады могуць быць пэўныя дамоўленасьці, пра якія мы калі і даведаемся ў будучыні, то вельмі дазавана. Я не выключаю, што на хаду падзеяў можа паўплываць карэляцыя настрояў у шэрагах сілавікоў і настрою вуліцы. За апошнія 20 гадоў гісторыі незалежнай краіны ні Менск, ні Беларусь ня бачылі мітынгу, які б сабраў больш за 60 тысяч чалавек у адным месцы. І гэта не музычны фэстываль, open air ці пэрформанс. Гэта палітычнае мерапрыемства, якое бачылі людзі ў пагонах. Там, напэўна, былі іх сябры, знаёмыя, дзеці саміх сілавікоў, якія, прыйшоўшы дадому, прынесьлі атмасфэру і свае адчуваньні.
Мне сытуацыя бачыцца вельмі небясьпечнай. Ёсьць дастаткова варыянтаў дзеяньняў тых, хто падтрымлівае альтэрнатыўных кандыдатаў, ёсьць і поліварыянтнасьць дзеяньняў самой улады. Шанцы на перамены, прынамсі цяпер, ацэньваць складана. Сёньня беларускі парадак дня адзін з ключавых на балта-чарнаморскай восі (Літва, Польшча, Беларусь і Ўкраіна). Цяпер у эфірах эўрапейскіх тэлеканалаў падзеі ў Беларусі калі не хэдлайнэры, то прынамсі адны з галоўных у навінавых блёках. У эўрапейскіх друкаваных СМІ таксама на першых палосах фатаздымкі беларускіх пратэстаў, Лукашэнкі і альтэрнатыўных кандыдатаў.
Што тычыцца майго бэкграўнду і маіх адчуваньняў, то я іх магу будаваць на сваіх уражаньнях зь мінулага, калі я працаваў на АНТ. Я пэрыядычна вёў канцэрты і пратакольныя мерапрыемствы, дзе асабіста бачыў Аляксандра Рыгоравіча. Гэты чалавек, канечне, мае неверагодную харызму. У гэтым я згодны са Сьвятланай Калінкінай, якая некалькі гадоў таму напісала, што калі трапляеш пад гэтую харызму, пачынаеш верыць і пранікацца тым, што ён гаворыць, калі знаходзісься ў адной залі ці недзе побач. І са мной такое было, калі я толькі прыйшоў на АНТ у 2004 годзе, падобныя адчуваньні былі і ў 2005, 2006 годзе. І кожны раз пасьля такой сустрэчы, калі пакідаеш залю, прыём, застаесься сам-насам з сабой, зьяўляюцца пытаньні, тут і там бачыш нестыкоўкі, задумваесься, і гэтая аўра паступова расьсейваецца.
«Людзі, якія вырашылі займацца інфармацыйным вяшчаньнем на цэнтральных тэлеканалах, першапачаткова ведалі, на што ішлі»
— Сяргей, ты быў, напэўна, адзіным журналістам дзяржаўнага тэлебачаньня, які працаваў у інфармацыйна-аналітычным вяшчаньні і публічна не пагадзіўся з тым, што адбываецца. Дагэтуль усе памятаюць жывы эфір у выбарчую ноч 19 сьнежня і твае пытаньні Ярмошынай пра фальсыфікацыі і пратэсты людзей. Цяпер шмат вядоўцаў сышлі ці былі звольненыя зь дзяржаўных тэлеканалаў, усе яны працавалі ў забаўляльным вяшчаньні, але са службы навінаў, з аналітычных праграмаў не сыходзіць ніхто. Чым ты гэта тлумачыш?
— Не хацеў бы даваць некаму ацэнкі. Дапускаю, што людзі, якія вырашылі займацца інфармацыйным вяшчаньнем на цэнтральных тэлеканалах, адпачатку ведалі, на што ішлі, задумваліся, што ім прыйдзецца рабіць у часы падобнай сацыяльна-палітычнай турбулентнасьці. Што тычыцца мяне, то праграмы, якія я рабіў на тэлеканале АНТ, крыху адрозьніваліся.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Як тэлеканал АНТ стаў рупарам праўладнай прапагандыПасьля звальненьня 10 гадоў таму да мяне падыходзілі некаторыя калегі ў калідоры і шэптам казалі, што падтрымліваюць мяне, што гэта быў важны эфір, дзякавалі мне. І азіраліся. Гэта было пацешна, хоць прыроду такіх асьцярогаў зразумець было магчыма. У маім аповедзе ключавое слова — «шэптам». Праз 10 гадоў гэты шэпт можа і прагрымець. Я нічога не выключаю ў будучыні і нічому ня буду зьдзіўляцца. Я нікога ні да чога не заклікаю, проста ацэньваю настроі. Калі такія настроі былі 10 гадоў таму, то, магчыма, цяпер на фоне таго, што адбываецца на вуліцах беларускіх гарадоў, гэтыя настроі абвастрыліся.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Мясіць бэтон на будоўлі стабільнасьці ня будзе каму» — журналіст Сяргей Дарафееў зьвярнуўся да «людзей зь беларускага тэлевізара»
«Беларускае тэлебачаньне — гэта па-ранейшаму ня месца, дзе нараджаюцца новыя ідэі не лякальнага, а эўрапейскага ўзроўню»
— За 10 гадоў пасьля адʼезду ты зрабіў бліскучую карʼеру, працаваў на вядучых тэлеканалах. Як прафэсіянал як ацэньваеш тое, як працуюць дзяржаўныя тэлеканалы ў Беларусі, па розных парамэтрах?
— Я даўно гаварыў, што журналістыкі як такой на беларускіх каналах сёньня няма. Ёсьць некаторыя яе праявы ў рамках розных фарматаў. А тэлебачаньне ў Беларусі — частка агульнай дзяржаўнай адміністрацыйнай сыстэмы кіраваньня, і, на маю думку, гэта сродак апавяшчэньня. Ці было так 10 гадоў таму? Безумоўна, было. Але было жаданьне гаварыць і быць пачутым, каб людзі разумелі, што адбываецца, хаця б часткова, каб у іх была магчымасьць выбару ў той ці іншай сытуацыі. Я пра гэта спрабаваў гаварыць у ток-шоў «Выбар», у рамках свайго фармату я каталізаваў гэтую магчымасьць. Прынамсі, мне так думалася, і час паказвае, што нешта зрабіць удалося.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Хачу быць са сваім народам» — былая вядучая Пытлева пра два лягеры і пра норавы на БТБеларускае тэлебачаньне — гэта па-ранейшаму ня месца, дзе нараджаюцца новыя ідэі не лякальнага, а эўрапейскага ўзроўню. І гэта нічога ня мае агульнага з фармаваньнем іміджу краіны ў 21 стагодзьдзі. Безумоўна, няма эканамічных умоваў для падобнай дзейнасьці. Я гэта добра разумею, але нават сьціплы рэклямны рынак Беларусі можа ствараць тое, што будзе знаходзіць у прагрэсіўнай часткі аўдыторыі водгук. І гэтага таксама няма. Як кажуць, кантэнт — кароль, ідэя — каштоўная сама па сабе. Я добра ведаю, калі ідэі могуць тануць у тым тым, што называецца «Сяргей, ты думаеш не сыстэмна». Я не хачу сказаць, што ўсё дрэнна на беларускім тэлебачаньні, але магло б быць нашмат лепей. Тут ува мне гаворыць пэрфэкцыяніст. На беларускім тэлебачаньні па-ранейшаму дастаткова таленавітых людзей, але яны «скаваныя адным ланцугом». Гэтую песьню я часта ўспамінаю, калі бачу фрагмэнты эфіру беларускага тэлебачаньня.
«Я б не гаварыў пра нейкае „партызанства“, хутчэй пра падыход „Вы ж разумееце“»
— Журналістка Тацяна Мартынава, мадэратарка суполкі «Хватит бояться», казала пра тое, што журналісты там часам «партызаняць»... Што вы думаеце пра «партызанства», ці заўважнае яно аўдыторыі, ці плённае?
— Гэта асабістая думка Тацяны Мартынавай. Я б не гаварыў пра нейкае «партызанства», я б казаў пра падыходы «Вы ж разумееце», «У мяне ёсьць сямʼя і крэдыт», «Буду пісаць паміж радкоў», «Раблю што магу, галоўнае, не хлушу», і гэтак далей. Падыходаў шмат. Калі ў Даўлатава запыталі пра савецкіх пісьменьнікаў, якія «больш чым пісьменьнік, больш чым паэт», ён трапна адказаў, што ў нас пісьменьнікі — гэта цэлая ўстанова, і на гэтую ўстанову людзі глядзяць з надзеяй, а сама літаратура бярэ на сябе задачы інтэлектуальнай трактоўкі навакольнага асяродзьдзя. Я думаю, што тое самае можна сказаць пра журналістаў, якія ў цяперашніх умовах спрабуюць заставацца журналістамі. Гаворка пра незалежныя мэдыя, безумоўна.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Чаму і як стваральніца фб-суполкі «Хватит бояться!» зьехала зь Беларусі
«Паўтара-два гады таму ў мяне быў пэрыяд кароткачасовага вяртаньня ў Беларусь з асабістых прычынаў»
— З кім ты падтрымліваеш сувязь у Беларусі? Ці зьвярталіся да цябе па кансультацыю ці зь іншымі прапановамі прадстаўнікі розных кандыдатаў?
— Я кантактую са сваімі калегамі па тэлебачаньні. Не з усімі. Зь некім часам камунікую, зь некім сьпісваюся, віншуем адзін аднаго са сьвятамі, у тым ліку прафэсійнымі. Калі я прыяжджаю ў Менск, што бывае вельмі рэдка, то мы пэрыядычна сустракаемся выпіць кавы і пагаварыць. На тэмы каньюнктуры і інфармацыйнай палітыкі я імкнуся не гаварыць, каб іх не падставіць. Я разумею, што да іх прыцягнутая ўвага, у тым ліку калі яны гавораць са мной праз тэлефон. Проста самім фактам кантакту са мной не хачу падстаўляць.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Настоящее время» Сяргея Дарафеева ПОЎНАЕ ВІДЭАЯ не рэвалюцыянэр і ня змоўшчык, але ў страху вочы вялікія, таму я з гэтымі людзьмі не гавару пра падзеі ў Беларусі. Ніхто з альтэрнатыўных кандыдатаў, іх штабоў не зьвяртаўся да мяне, я ні з кім не размаўляў. Паўтара-два гады таму ў мяне быў пэрыяд кароткачасовага вяртаньня ў Беларусь з асабістых прычын. Я нідзе не працаваў у Беларусі, я проста дапамагаў бацькам, якім была востра патрэбная мая дапамога. Я тады атрымаў ясны сыгнал, што мне лепей нават асабістымі пытаньнямі ў Беларусі не займацца і трэба зьехаць.
Пасьля аднаго такога непрыемнага інцыдэнту бацькі праплакалі ўсю ноч. «Гэта той выпадак, калі ты далёка, і мы ня будзем прыслухоўваемся кожную хвіліну, ці не спыняецца ліфт на нашай пляцоўцы, нам нам будзе спакайней, бо за мяжой табе будзе больш бясьпечна». Прыкладна так сказалі бацькі, і я зьехаў.
«Я многа мог бы даць Беларусі. Гэта зямля, дзе я нарадзіўся і дзе апошнія 10 гадоў у маіх паслугах не было патрэбы»
— Мне некалькі разоў ужо даводзілася чуць ад людзей, якія былі вымушаныя зьехаць зь Беларусі, што цяпер яны ўпершыню пачалі абмяркоўваць ня тое што канкрэтныя пляны, але ў прынцыпе магчымасьць вяртаньня, бо адчуваюць, што сытуацыя можа зьмяніцца. Ці думалі вы пра магчымасьць вяртаньня, і калі так, што вы маглі б зрабіць для Беларусі са сваім вялікім досьведам?
— Я шмат што мог бы даць Беларусі. Гэта зямля, дзе я нарадзіўся, дзе апошнія 10 гадоў у мах паслугах не было патрэбы і мне давалі зразумець, што чым я далей, тым лепей. Чым мог, усе гэтыя дзесяць гадоў дапамагаў з-за мяжы. Давайце дачакаемся 9 жніўня. Ня трэба прысьпешваць падзеі. Шчыра скажу, 9 жніўня я чакаю з асьцярогай. Узровень гэтай асьцярогі нашмат вышэйшы за ўсё астатняе і мае магчымыя пляны на будучыню. Ці гатовы я? Ці цягне мяне на радзіму? Безумоўна, цягне, я сумую па Беларусі, па Менску, па смаку, колеры і паху вуліц, дрэваў, па кантактах са студэнтамі, калегамі, для якіх прынцыпы — ня проста гучныя словы. Канечне, я гатовы шмат даць беларускім мэдыя. Ёсьць жаданьне і досьвед. Але дачакаемся 9 жніўня.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Дарафееў: Працаваць на БТ пасьля 19 сьнежня – вось што злачынства
«Калі тысячы людзей выйдуць на вуліцы, ці ведаюць альтэрнатыўныя кандыдаты, што рабіць, як гэтых людзей зьберагчы?»
— У чым вы бачыце фэномэн папулярнасьці Сьвятланы Ціханоўскай з паплечніцамі?
— Давай па парадку, спачатку трэба гаварыць не пра папулярнасьць, а пра фон, на якім яна ўзьнікла. Людзі ссумаваліся па магчымасьці гаварыць, аналізаваць, магчыма, памыляцца, што нармальна. З другога боку, лексыка плошчы, якая гучыць адусюль, небясьпечная. На тым фоне, на якім вырасла папулярнасьць, цяперашні выбар, які належыць зрабіць усім беларусам, — гэта ня выбар адной пэрсоны. Мы добра разумеем, што гэта цывілізацыйны выбар, выбар шляху.
Мы перажываем у апошнія месяцы паскоранае грамадзянскае сасьпяваньне. І тут для мяне ёсьць небясьпека. Бо гэтае грамадзянскае сасьпяваньне мы пакуль мала зьвязваем з сасьпяваньнем нацыянальным. Мала пакуль беларускасьці ў ім. Мне асабіста яе бракуе. Для фармаваньня здаровага інстытуцыянальнага асяродзьдзя нацыянальная ідэнтычнасьць неабходная таксама. Я пакуль ня чую ад альтэрнатыўных кандыдатаў у тым належным памеры, як мне б хацелася, словаў пра неабходнасьць стварэньня ўмоваў для росту ўсьвядомленасьці гэтай нацыянальнай ідэнтычнасьці. Я гавару не пра крайні нацыяналізм, а пра здаровую долю нацыянальнага зьместу.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Меншай хлусьнёй мы хочам перамагчы вялікую хлусьню». Дашкевіч пра тое, калі адбудуцца пераменыГрамадзкі раскол, стомленасьць за 26 гадоў, якая падаграваецца страхам і адсутнасьцю рэальных эканамічных посьпехаў, — усё гэта прывяло да таго, што чаканьне пераменаў пачало канвэртавацца ў сымпатыі. І сапраўды, грамадзтва не ўспрымае Сьвятлану Ціханоўскую як палітыка, як лідэра. Яна сама пра гэта кажа. Грамадзтва ўспрымае яе як сымбаль, як драйвэра пераменаў.
Што тычыцца маіх адчуваньняў, то альтэрнатыўны ўладзе рух носіць выразны адбітак тэхналягічнасьці. Цяпер многія пра гэта гавораць і пішуць. Гэта нармальна ў 21 стагодзьдзі, пасьпяховыя камунікацыі — гэта тэхналёгія, так жывуць ва ўсім сьвеце. Калі аналізаваць усе заявы з адкрытых крыніцаў, усе дзеяньні (альбо іх адсутнасьць) і беларускай улады, і Крамля, і ЗША, ЭЗ, то вымалёўваецца характар калі не кіраванага, то карэктаванага беларускага пратэсту. Мне хочацца верыць, што гэтыя тэхнолягі — зь Беларусі, прынамсі прабеларускія.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Якой будзе Плошча-2020Як чалавек, які думае крытычна, магу дадаць, што мне не хапае стратэгіі. Сьвятлана кажа, што галоўнае — зьмяніць уладу, а потым правесьці сумленныя выбары, але гэта тактычныя пытаньні. А стратэгія якая? Я пакуль не пабачыў, прынамсі пра яе наўпрост не гавораць. Я дапускаю, што не гавораць, каб не раскрываць карты перад уладай ці зь іншай прычыны, але факт застаецца фактам. Калі тысячы людзей выйдуць на вуліцы, ці ведаюць альтэрнатыўныя кандыдаты, што рабіць, як гэтых людзей зьберагчы? Гэта вельмі важныя пытаньні, на якія адказаў я не пачуў. Больш за тое, Беларусь сёньня, як і Ўкраіна, — скрыжаваньне самых розных геапалітычных інтарэсаў, і калі ня будзе яснасьці цяпер, у сцэнар грамадзянскага і дзяржаўнага станаўленьня змогуць умешвацца ўсе, хто гэтага захоча.
— Падобныя пытаньні задае Юры Дракахруст у сваім блогу на Свабодзе, адказы на іх мы атрымаем або не атрымаем 9 жніўня.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Пяць вострых пытаньняў да Ціханоўскай і аб’яднанага штабу перад 9 жніўняПрэзыдэнцкія выбары — 2020 у Беларусі. Што важна ведаць
- Шостыя ў гісторыі сувэрэннай Беларусі выбары прэзыдэнта прызначаныя на нядзелю, 9 жніўня 2020 году.
- 65-гадовы Аляксандар Лукашэнка кіруе дзяржавай 25 гадоў. Ніводныя прэзыдэнцкія выбары (2001, 2006, 2010, 2015), апроч першых (1994 год), не прызналі свабоднымі і справядлівымі на міжнародным узроўні.
- Старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына адхіліла прапановы праваабаронцаў аб дыстанцыйных прэзыдэнцкіх выбарах у час эпідэміі COVID-19, бо «часу для прыняцьця гэтых захадаў ужо няма». Лукашэнка ня бачыў падставаў пераносіць выбары праз пандэмію.
- ЦВК зарэгістраваў 15 ініцыятыўных груп з 55 заявак.
- Аўтару YouTube-канала «Страна для жизни» Сяргею Ціханоўскаму Цэнтральная выбарчая камісія адмовіла ў рэгістрацыі ініцыятыўнай групы, бо ён адбываў 15 сутак арышту і ня мог асабіста падаць дакумэнты. Тады сваю ініцыятыўную групу ў ЦВК заявіла жонка блогера Сьвятлана Ціханоўская.
- 29 траўня на перадвыбарчым пікеце жонкі затрымалі Ціханоўскага і яшчэ 9 чалавек. Лукашэнка казаў пра акалічнасьці затрыманьня за 4 гадзіны да таго, як яно адбылося.
- 11 чэрвеня ў «Белгазпрамбанку» і шэрагу іншых кампаній прайшлі ператрусы. У Камітэце дзяржкантролю заявілі, што завялі крымінальныя справы аб легалізацыі сродкаў, атрыманых злачынным шляхам, і аб ухіленьні ад сплаты падаткаў у асабліва буйным памеры. Старшыня КДК Іван Тэртэль сьцьвярджаў, што да гэтых спраў мае дачыненьне патэнцыйны кандыдат у прэзыдэнты Віктар Бабарыка. Роўна за 4 гадзіны да заявы Дзяржкантролю Аляксандар Лукашэнка расказаў пра акалічнасьці «справы „Белгазпрамбанку“».
- 18 чэрвеня Віктара Бабарыку і яго сына, кіраўніка ініцыятыўнай групы Эдуарда Бабарыку затрымалі.
- 14 ліпеня ЦВК зарэгістраваў кандыдатамі ў прэзыдэнты Аляксандра Лукашэнку, Сьвятлану Ціханоўскую, Ганну Канапацкую, Андрэя Дзьмітрыева і Сяргея Чэрачня. Не зарэгістравалі Віктара Бабарыку і Валера Цапкалу.
- Ад пачатку выбарчай кампаніі праваабаронцы налічылі больш за 1300 затрыманых: удзельнікі «ланцугоў салідарнасьці», сябры ініцыятыўных груп, актывісты, палітыкі, блогеры, журналісты і проста мінакі на вуліцы. Сотні чалавек пакаралі адміністрацыйнымі арыштамі і аштрафавалі.