Менгарвыканкам пракамэнтаваў на сваім афіцыйным сайце здарэньне на «Дні адкрытых дзьвярэй установаў дадатковай адукацыі» ў Кіеўскім сквэры ў Менску 6 жніўня, калі дыджэі ўключылі песьню «Перемен» Віктара Цоя.
«Раённае гарадзкое мерапрыемства, арганізаванае ў Кіеўскім сквэры 6 жніўня, было сарванае з удзелам двух супрацоўнікаў Менскага дзяржаўнага Палаца дзяцей і моладзі, якіх прыцягнулі для забесьпячэньня музычнага суправаджэньня сьвята ў якасьці дыджэяў, — піша Менгарвыканкам. — Гэтая акцыя прайшла паводле сцэнару перадвыбарчага штабу Сьвятланы Ціханоўскай і была накіраваная на стварэньне канфлікту зь непрадказальнымі наступствамі. Характэрна, што адзін з супрацоўнікаў прыцягваўся да адказнасьці за ўхіленьне ад прызыву на вайсковую службу».
Паведамленьне зьявілася падчас судоў над дыджэямі: пасьля «акцыі» іх затрымалі, да раніцы не было вядома, дзе яны.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Суд арыштаваў на 10 сутак дыджэяў, якія ўключылі песьню «Перемен» на афіцыйнай імпрэзе ў МенскуСупрацоўнікі Палаца дзяцей і моладзі Ўладзіслаў Сакалоўскі і Кірыл Галанаў увечары 6 жніўня ўключылі песьню «Перемен» Віктара Цоя, перабіўшы выступ баяніста Віталя Варанко. Пасьля гэтага хлопцы паднялі ўгару рукі зь белымі бранзалетамі. Іх учынак людзі сустрэлі авацыямі і воплескамі.
У дэпутата Палаты прадстаўнікоў Сяргея Клішэвіча адбылася спрэчка з гукарэжысэрамі. Клішэвіч назваў дзеяньні маладых людзей правакацыяй. Неўзабаве да стала з тэхнікай падышлі мужчыны ў касьцюмах і АМАП. Далейшы лёс дыджэяў быў невядомы.
Брат Кірыла Галанава Мікіта раніцай паведаміў, што пайшоў пісаць у РУУС заяву аб зьнікненьні, а яму далі нумар тэлефона Цэнтру ізаляцыі правапарушальнікаў на Акрэсьціна. Там пацьвердзілі, што Кірыл у іх, але прычыну затрыманьня не назвалі — паведамілі толькі, што суд пройдзе 7 жніўня.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Людзі самі арганізоўваюць тое, што ім патрэбна». Сябра штабу Ціханоўскай пракамэнтавала падзеі ў Кіеўскім сквэрыУлады занялі ўсе пляцоўкі, вылучаныя для агітацыі ў Менску, рознымі мерапрыемствамі. Гэткім чынам яны сарвалі анансаваны мітынг Сьвятланы Ціханоўскай у парку Дружбы народаў на плошчы Бангалор.
Замест яго там сьвяткавалі Дзень чыгуначных войскаў. Сьвятлана Ціханоўская з паплечніцамі вырашыла пасьля гэтага наведаць адно з афіцыйных мерапрыемстваў у Кіеўскім сквэры а 19-й гадзіне.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Па ўсёй Беларусі скасоўваюць анансаваныя ўладамі канцэрты 8 жніўняПрэзыдэнцкія выбары — 2020 у Беларусі. Што важна ведаць
- Шостыя ў гісторыі сувэрэннай Беларусі выбары прэзыдэнта прызначаныя на нядзелю, 9 жніўня 2020 году.
- 65-гадовы Аляксандар Лукашэнка кіруе дзяржавай 25 гадоў. Ніводныя прэзыдэнцкія выбары (2001, 2006, 2010, 2015), апроч першых (1994 год), не прызналі свабоднымі і справядлівымі на міжнародным узроўні.
- Старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына адхіліла прапановы праваабаронцаў аб дыстанцыйных прэзыдэнцкіх выбарах у час эпідэміі COVID-19, бо «часу для прыняцьця гэтых захадаў ужо няма». Лукашэнка ня бачыў падставаў пераносіць выбары праз пандэмію.
- ЦВК зарэгістраваў 15 ініцыятыўных груп з 55 заявак.
- Аўтару YouTube-канала «Страна для жизни» Сяргею Ціханоўскаму Цэнтральная выбарчая камісія адмовіла ў рэгістрацыі ініцыятыўнай групы, бо ён адбываў 15 сутак арышту і ня мог асабіста падаць дакумэнты. Тады сваю ініцыятыўную групу ў ЦВК заявіла жонка блогера Сьвятлана Ціханоўская.
- 29 траўня на перадвыбарчым пікеце жонкі затрымалі Ціханоўскага і яшчэ 9 чалавек. Лукашэнка казаў пра акалічнасьці затрыманьня за 4 гадзіны да таго, як яно адбылося.
- 11 чэрвеня ў «Белгазпрамбанку» і шэрагу іншых кампаній прайшлі ператрусы. У Камітэце дзяржкантролю заявілі, што завялі крымінальныя справы аб легалізацыі сродкаў, атрыманых злачынным шляхам, і аб ухіленьні ад сплаты падаткаў у асабліва буйным памеры. Старшыня КДК Іван Тэртэль сьцьвярджаў, што да гэтых спраў мае дачыненьне патэнцыйны кандыдат у прэзыдэнты Віктар Бабарыка. Роўна за 4 гадзіны да заявы Дзяржкантролю Аляксандар Лукашэнка расказаў пра акалічнасьці «справы „Белгазпрамбанку“».
- 18 чэрвеня Віктара Бабарыку і яго сына, кіраўніка ініцыятыўнай групы Эдуарда Бабарыку затрымалі.
- 14 ліпеня ЦВК зарэгістраваў кандыдатамі ў прэзыдэнты Аляксандра Лукашэнку, Сьвятлану Ціханоўскую, Ганну Канапацкую, Андрэя Дзьмітрыева і Сяргея Чэрачня. Не зарэгістравалі Віктара Бабарыку і Валера Цапкалу.
- Ад пачатку выбарчай кампаніі праваабаронцы налічылі больш за 1300 затрыманых: удзельнікі «ланцугоў салідарнасьці», сябры ініцыятыўных груп, актывісты, палітыкі, блогеры, журналісты і проста мінакі на вуліцы. Сотні чалавек пакаралі адміністрацыйнымі арыштамі і аштрафавалі.