Учора ў Гомлі прайшоў шэраг затрыманьняў давераных асобаў і прыхільнікаў Сьвятланы Ціханоўскай.
Міліцыя і АМАП шукалі давераную асобу кандыдаткі Тацьцяну Канеўскую, якая была адной з заснавальніц руху «Маці 328».
Вечарам 6 жніўня ў хату Канеўскіх уварвалася міліцыя і АМАП.
«Прайшло два ператрусы. У першым удзельнічалі 18 чалавек, — расказаў Свабодзе Аляксандар Канеўскі, сын Тацьцяны. — Яны не патлумачылі прычын візыту, спыталіся толькі, дзе мая маці. Я ня ведаў, дзе яна. Яны перавярнулі ўсю хату, гарышча, падвал, прыбудовы. На якой падставе, не адказвалі. Сказалі, што «нам паступіў сыгнал, што тут робіцца злачынства». Потым нехта зь іх крыкнуў: «Шукайце труп!» — і ўсе зноў кінуліся «шукаць труп».
Паралельна ператрусы прайшлі ў старэйшага сына Тацьцяны, які жыве асобна, і ў яе сяброўкі.
«Прыбеглі яны зноў — міліцыя з АМАПам, а 6-й раніцы сёньня. Зноў „нешта шукалі“. На не дазвалялі карыстацца тэлефонамі, патрабавалі пісаць тлумачальную, дзе мая маці. Я ня ведаю, дзе яна, і дзякуй Богу, што ня ведаю», — дадаў Аляксандар.
Учора ў Гомлі затрымалі давераную асобу Ціханоўскай Юрыя Ўласава і яе прыхільнікаў Дзьмітрыя Івашкова, Аляксандра Шабаліна, Андрэя Хільчыка.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Гомлі і Мазыры затрымалі каля 10 актывістаў «Краіны для жыцьця»Івашкову пры затрыманьні парвалі вопратку, пашкодзілі нагу, руку і твар. Яго вазілі ў шпіталь і накладалі швы. Потым завезьлі ў ізалятар часовага ўтрыманьня.
Андрэй Хільчык ранкам выйшаў з дому, і на яго напаў АМАП. Пазьней яго асудзілі на 15 сутак за «непадпарадкаваньне міліцыі».
У Юрыя Ўласава праходзіў ператрус нібыта ў крымінальнай справе. Міліцыя патлумачыла, што ў лістападзе 2019 году ён публічна абражаў міліцыянтаў. Цяпер Уласаў у ІЧУ.
Сёньня 15 сутак атрымаў на судзе затрыманы назіральнік Уладзімер Няпомняшчых — таксама нібыта за «непадпарадкаваньне міліцыі».
Лёс астатніх затрыманых пакуль невядомы.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Новыя затрыманьні і суды над назіральнікамі і актывістамі за два дні да выбараў. СЬПІС, абнаўляеццаТаксама міліцыя пачала затрымліваць тых, хто раней удзельнічаў у «ланцугах салідарнасьці». Трапілі ў ІЧУ Аляксандр Ламешка і Віталь Кулеш.
5 сутак арышту атрымаў жыхар Гомля Кірыл. Ягоная маці прасіла не называць прозьвішча.
«Ён ніколі ні ў чым не ўдзельнічаў, ніякай палітыкі, ніякіх акцый. Учора пад домам яго пільнавала міліцыя. Адзіная можа быць прычына — ён раней быў футбольным фанатам. Але па палітыцы ён дакладна нідзе не ўдзельнічаў», — патлумачыла маці. Кірыла судзілі за «дробнае хуліганства».
Прэзыдэнцкія выбары — 2020 у Беларусі. Што важна ведаць
- Шостыя ў гісторыі сувэрэннай Беларусі выбары прэзыдэнта прызначаныя на нядзелю, 9 жніўня 2020 году.
- 65-гадовы Аляксандар Лукашэнка кіруе дзяржавай 25 гадоў. Ніводныя прэзыдэнцкія выбары (2001, 2006, 2010, 2015), апроч першых (1994 год), не прызналі свабоднымі і справядлівымі на міжнародным узроўні.
- Старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына адхіліла прапановы праваабаронцаў аб дыстанцыйных прэзыдэнцкіх выбарах у час эпідэміі COVID-19, бо «часу для прыняцьця гэтых захадаў ужо няма». Лукашэнка ня бачыў падставаў пераносіць выбары праз пандэмію.
- ЦВК зарэгістраваў 15 ініцыятыўных груп з 55 заявак.
- Аўтару YouTube-канала «Страна для жизни» Сяргею Ціханоўскаму Цэнтральная выбарчая камісія адмовіла ў рэгістрацыі ініцыятыўнай групы, бо ён адбываў 15 сутак арышту і ня мог асабіста падаць дакумэнты. Тады сваю ініцыятыўную групу ў ЦВК заявіла жонка блогера Сьвятлана Ціханоўская.
- 29 траўня на перадвыбарчым пікеце жонкі затрымалі Ціханоўскага і яшчэ 9 чалавек. Лукашэнка казаў пра акалічнасьці затрыманьня за 4 гадзіны да таго, як яно адбылося.
- 11 чэрвеня ў «Белгазпрамбанку» і шэрагу іншых кампаній прайшлі ператрусы. У Камітэце дзяржкантролю заявілі, што завялі крымінальныя справы аб легалізацыі сродкаў, атрыманых злачынным шляхам, і аб ухіленьні ад сплаты падаткаў у асабліва буйным памеры. Старшыня КДК Іван Тэртэль сьцьвярджаў, што да гэтых спраў мае дачыненьне патэнцыйны кандыдат у прэзыдэнты Віктар Бабарыка. Роўна за 4 гадзіны да заявы Дзяржкантролю Аляксандар Лукашэнка расказаў пра акалічнасьці «справы „Белгазпрамбанку“».
- 18 чэрвеня Віктара Бабарыку і яго сына, кіраўніка ініцыятыўнай групы Эдуарда Бабарыку затрымалі.
- 14 ліпеня ЦВК зарэгістраваў кандыдатамі ў прэзыдэнты Аляксандра Лукашэнку, Сьвятлану Ціханоўскую, Ганну Канапацкую, Андрэя Дзьмітрыева і Сяргея Чэрачня. Не зарэгістравалі Віктара Бабарыку і Валера Цапкалу.
- Ад пачатку выбарчай кампаніі праваабаронцы налічылі больш за 1300 затрыманых: удзельнікі «ланцугоў салідарнасьці», сябры ініцыятыўных груп, актывісты, палітыкі, блогеры, журналісты і проста мінакі на вуліцы. Сотні чалавек пакаралі адміністрацыйнымі арыштамі і аштрафавалі.