40 праваабарончых групаў, у тым ліку Acess Now і чальцы кааліцыі #KeepItOn — глябальнай сеткі праваабарончых арганізацый, якія працуюць над спыненьнем практык адключэньня інтэрнэту — заклікалі Аляксандра Лукашэнку забясьпечыць адкрыты і бясьпечны доступ да інтэрнэту ў Беларусі падчас прэзыдэнцкіх выбараў 9 жніўня 2020 году. Такі адкрыты ліст быў накіраваны ўраду Беларусі 5 жніўня 2020 году.
У лісьце выказваецца занепакоенасьць пагаршэньнем сытуацыі з правамі чалавека ў Беларусі, у тым ліку паведамленьнямі аб меркаваных перашкодах у працы мабільнага Інтэрнэту, адвольнымі арыштамі і затрыманьнямі журналістаў, а таксама перасьледам праваабаронцаў і прадстаўнікоў апазыцыі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Карыстальнікі «Белтэлекам» скардзіліся на праблемы з доступам у ноч на 31 ліпеня. Кепска працуюць Google і YoutubeАрганізацыі, якія падпісалі пэтыцыю, заклікаюць урад прыняць тэрміновыя меры, каб пакласьці канец далейшым парушэньня правоў чалавека.
«Каб выбары былі сумленнымі і дэмакратычнымі, людзям трэба падаць доступ да інфармацыі, даць магчымасьць задаваць пытаньні і атрымліваць інфармацыю, перш чым ісьці на выбары», — кажа Фелісьена Антонія, каардынатарка кампаніі #KeepItOn у Access Now. «Адключэньне інтэрнэту падчас маючых адбыцца выбараў скрадзе ў людзей іх свабоду волевыяўленьня, пазбавіць іх права ўдзельнічаць у фармаваньні сваёй будучыні і скрадзе любы шанец запатрабаваць ад лідэраў падсправаздачнасьці. Мы заклікаем урад не адключаць інтэрнэт».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Тое, што яны б убачылі, жахнула б іх». Як і чаму ўлады змагаюцца з альтэрнатыўным падлікам галасоўАўтары звароту заклікаюць улады Беларусі абараняць асноўныя правы чалавека, у тым ліку свабоду выказваньняў, свабоду прэсы, доступ да інфармацыі і свабоду мірных сходаў. Яны заклікаюць прэзыдэнта Беларусі разгледзець наступныя рэкамэндацыі, каб забясьпечыць празрыстасьць і актыўны ўдзел у маючых адбыцца выбарах:
- Пераканацца, што інтэрнэт, у тым ліку сацыяльныя сеткі і іншыя лічбавыя камунікацыйныя плятформы, застаецца адкрытым, даступным і бясьпечным па ўсёй Беларусі на працягу ўсіх выбараў.
- Распарадзіцца аб вызваленьні ўсіх палітычных зьняволеных і актывістаў, якія цяпер утрымліваюцца рознымі праваахоўнымі органамі Беларусі.
- Устрымацца ад далейшых пагроз і вэрбальнага гвалту ў дачыненьні да журналістаў і забясьпечыць, каб праваахоўныя органы не ўжывалі ніякага фізычнага гвалту ў дачыненьні да журналістаў, у тым ліку падчас асьвятленьня дэманстрацый і выбараў, і дазваляць журналістам бясьпечна асьвятляць афіцыйныя падзеі.
- Працаваць у супрацоўніцтве з рознымі інтэрнэт-правайдэрамі Беларусі, каб усе людзі мелі доступ да якаснага, бясьпечнага, свабоднага і адкрытага інтэрнэту на працягу ўсяго пэрыяду выбараў і пасьля яго.
- Даручыць розным інтэрнэт-правайдэрам, якія дзейнічаюць у краіне, інфармаваць інтэрнэт-карыстальнікаў аб любых збоях і працаваць кругласутачна, каб ліквідаваць любыя выяўленыя збоі, якія могуць паўплываць на якасьць паслуг інтэрнэт-правайдэраў.
- Забясьпечыць захаваньне асноўных правоў чалавека для ўсяго народу Беларусі на працягу ўсіх выбараў і пасьля іх.