За 26 гадоў кіраваньня Аляксандра Лукашэнкі некаторыя прадстаўнікі сярэдняга і буйнога бізнэсу адкрыта выступалі супраць яго і сыходзілі ў апазыцыю. Свабода прыгадала, як гэта было і што зь імі стала.
1994. Вывад актываў «Пушэ»
Аляксандар Пупейка, адзін з самых буйных беларускіх бізнэсоўцаў 1990-х, адчуў праблемы зь бізнэсам пасьля зьмены ўлады ў 1994 годзе. Сфэра ягоных інтарэсаў была шырокая — ад бухгальтарскіх праграм да рээкспарту аўтамабіляў і будаўніцтва. Аляксандар Пупейка ў адным з інтэрвію прызнаваўся, што яму прапаноўвалі фінансаваць перадвыбарчую кампанію Лукашэнкі ў 1994 годзе. Бізнэсовец адмовіўся.
У 1996 годзе «Пушэ» Аляксандра Пупейкі пачала вывад актываў за мяжу, а сам бізнэсовец зьехаў у Нямеччыну. У 1997 годзе супраць яго завялі крымінальную справу ў Беларусі, яго вінавацілі ў выманьваньні крэдытаў у «Белаграпрамбанку». Каля году беларускія ўлады спрабавалі дамагчыся экстрадыцыі Пупейкі, але польскія ўлады далі яму статус уцекача.
Імя Аляксандра Пупейкі значылася ў сьпісе Інтэрполу на запыт беларускага боку каля 20 гадоў, але пасьля зьнікла са сьпісу. Бізнэсовец жыве ў Нямеччыне, дзе працягвае займацца бізнэсам.
1999 год. Зьнікненьне Анатоля Красоўскага
У 1999 годзе ў Беларусі разгарэўся востры палітычны крызіс. Пасьля рэфэрэндуму 1996 году, вынікі якога дэпутаты Вярхоўнага Савету 13-га скліканьня не прызналі, беларуская апазыцыя зьбіралася правесьці альтэрнатыўныя прэзыдэнцкія выбары ў 1999 годзе. Адным з ініцыятараў гэтага быў былы кіраўнік Цэнтравыбаркаму Віктар Ганчар. Яго адкрыта падтрымліваў бізнэсовец і блізкі сябра Анатоль Красоўскі.
Пэдагог, кандыдат філязофскіх навук Анатоль Красоўскі ў 1990-я быў буйным бізнэсоўцам, выдаваў часопісы «Я+Я», «Ідэал» ды іншыя. Красоўскі актыўна дапамагаў дзіцячым фондам, падтрымліваў дзеячоў культуры і мастацтва. У жніўні 1999 году Красоўскага арыштавалі, але неўзабаве ён выйшаў на волю.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «„Зьверху“ зрабілі ўсё, каб сапраўдных пошукаў не было». Былы міліцыянт расказаў, як шукалі Захаранку, Ганчара і Красоўскага16 верасьня 1999 году Анатоль Красоўскі зьнік разам са сваім сябрам Віктарам Ганчаром. Апошні раз сяброў бачылі, калі яны сядалі ў машыну Красоўскага, выйшаўшы з лазьні позна ўвечары. За 26 гадоў афіцыйныя органы сьледзтва так і не раскрылі справу зьніклых палітыкаў.
1997–2001. Арышт і эміграцыя Ўладзімера Кудзінава
Уладзімер Кудзінаў — пасьпяховы бізнэсовец 1990-х, займаўся перапрацоўкай і перавозкай мяса і мясных прадуктаў, быў абраны дэпутатам Вярхоўнага Савету 13-га скліканьня. У 1996 годзе Кудзінаў паставіў подпіс за імпічмэнт Лукашэнку, у 1997-м яго арыштавалі. Кудзінава асудзілі на 7 гадоў па абвінавачаньні ў даваньні хабару, на волю ён выйшаў толькі ў 2001-м і зьехаў з краіны.
Цяпер Кудзінаў жыве ў Крыме і працягвае там займацца бізнэсам. Ад беларускага грамадзянства не адмовіўся.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Крымская зона. Як беларускі прадпрымальнік жыве ва ўмовах антырасейскіх санкцый
1999–2008. Тры тэрміны Андрэя Клімава
У 1990-х Андрэй Клімаў уваходзіў у пяцёрку самых вядомых прадпрымальнікаў Беларусі. Ён узначальваў акцыянэрнае таварыства «Клімаў і Ко», якое займалася будаўніцтвам, яго абралі дэпутатам Вярхоўнага Савету 13-га скліканьня.
Андрэй Клімаў актыўна выступаў за зьмену ўлады ў Беларусі і за імпічмэнт Лукашэнку. У 1996 годзе супраць кампаніі Клімава ініцыявалі масавыя праверкі МУС, КДБ і іншыя сілавыя структуры. Супраць Клімава распачалі шэраг крымінальных спраў. У 1999 годзе яго моцна зьбілі пры затрыманьні, лекары дыягнаставалі чэрапна-мазгавую траўму і траўму жывата.
Першы раз Клімава асудзілі ў сакавіку 2000 году, суд даў яму 6 гадоў зьняволеньня. Праз два гады Андрэй Клімаў выйшаў на волю ўмоўна-датэрмінова.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Забытыя. Андрэй Клімаў: «Мару памерці раней, чым перастане існаваць Беларусь»У 2005 годзе пасьля Памаранчавай рэвалюцыі ва Ўкраіне Клімаў ініцыяваў акцыю пратэсту на Дзень Волі 25 сакавіка на Кастрычніцкай плошчы, яго зноў затрымалі і далі тэрмін адзін год і шэсьць месяцаў. Клімаў выйшаў на волю ў сьнежні 2006 году.
Трэці раз Клімава арыштавалі ў 2007 годзе за артыкул, у якім улады ўбачылі «заклікі да зьвяржэньня існуючай улады», яму прысудзілі два гады ў калёніі строгага рэжыму. На волю Клімаў выйшаў толькі ў 2008 годзе. Цяпер актыўна не займаецца ні палітыкай, ні бізнэсам.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Андрэй Клімаў пра памылкі Вярхоўнага Савету падчас рэфэрэндуму 96-га, прыдворных алігархаў і пінжак Лукашэнкі
2006–2014. Разгром бізнэсу Мікалая Аўтуховіча
Вэтэран аўганскай вайны і стваральнік пасьпяховага таксапарку ў родным Ваўкавыску Мікалай Аўтуховіч адкрыта выступаў супраць Лукашэнкі, у 2004 годзе вылучыў сваю кандыдатуру на парлямэнцкіх выбарах. Пасьля гэтага ягоную фірму пачалі актыўна правяраць, а ў 2006 годзе завялі крымінальную справу за ўхіленьне ад выплаты падаткаў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Калі прыйду ў палітыку, вы пачуеце». Экс-палітвязьня Аўтуховіча памылкова «адправілі» ў эміграцыюСьпярша Аўтуховічу прысудзілі 3,5 года пазбаўленьня волі. На свабоду ён выйшаў толькі ў канцы 2008 году. Бізнэс разгромлены, а па пастанове суду Аўтуховіч яшчэ і застаўся вінен дзяржаве. Але на свабодзе бізнэсовец прабыў нядоўга. Яго зноў арыштавалі ў 2009-м ужо за незаконнае захоўваньне патронаў. У Аўтуховіча была зарэгістраваная зброя, і пры першым ператрусе не знайшлі 5 патронаў, але знайшлі пры другім. Аўтуховічу далі па году за кожны патрон, за кратамі ён адседзеў 8,5 года. Цяпер Мікалай Аўтуховіч бізнэсам не займаецца.
2010–2011. Дзьмітры Вус і яго тыпаграфія
У 1992 годзе Дзьмітры Вус заснаваў выдавецтва «Трывіюм» са спэцыялізацыяй на друку мапаў і атлясаў. У 1999–2003 Вус быў дэпутатам Менскага гарадзкога савету дэпутатаў, пасьля зноў спрабаваў балятавацца, але яго не зарэгістравалі.
У 2010 годзе Дзьмітры Вус быў зарэгістраваны кандыдатам у прэзыдэнты, праводзіў сваю кампанію сумесна зь Мікалаем Статкевічам. Пасьля выбараў 24 сакавіка ў офіс фірмы Вуса прыйшлі зь ператрусам супрацоўнікі КДБ. У 2011 годзе Дзьмітрыя Вуса асудзілі на 5,5 года пазбаўленьня волі ў калёніі ўзмоцненага рэжыму, у кастрычніку 2011 году ён выйшаў на волю пасьля памілаваньня. Палітыкай актыўна цяпер не займаецца, тыпаграфія ягоная працуе.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Кандыдат у прэзыдэнты на выбарах-2010 Дзьмітры Вус падтрымаў сёлетніх «кандыдатаў пратэсту»