Гістарычны пройгрыш Лукашэнкі

Агітацыйны мітынг у Рэчыцы

Гістарычны пройгрыш — гэта параза ня толькі асобы, а, найперш параза ідэі.

Як у Леніна ці Гітлера.

Можна прайграць на выбарах, але гістарычна выйграць. А можна заставацца пры ўладзе, але быць сьведкам згасаньня ідэі, рэалізацыі якой дамагаўся.

Галоўнай асабістай мэтай Аляксандра Лукашэнкі зь першага дня было замацаваньне пэрсанальнай улады. Асноўнай ідэяй — аднаўленьне так званай «славянскай еднасьці», напачатку — аб’яднаньне Беларусі і Расеі, дзе ён меў шанцы замяніць хворага Ельцына. Беларусі як незалежнай краіне ў такіх раскладах месца не было; стварэньне незалежнай Беларусі, распад СССР ён называў не інакш як злачынствам.

Лукашэнка пачаў з таго, з чаго, паводле лёгікі аднаўленьня імпэрыі, і мусіў пачынаць — зводзіць да мінімуму, пажадана да нуля, нацыянальную сьвядомасьць, зьнішчаць нацыянальную ідэнтычнасьць, памяць пра сапраўдную гісторыю.

Як былы афіцэр, ён ведаў правіла: калі вайсковая частка страчвае сьцяг — яна расфармоўваецца. Калі гіне большасьць салдат, калі вораг зьнішчае ўсю тэхніку — полк ці дывізія застаюцца. Калі губляюць сьцяг — усяго толькі кавалак матэрыі — яны расфармоўваюцца. І ён правёў рэфэрэндум па ліквідацыі дзяржаўнага статусу нацыянальнай сымболікі і зьмене статусу беларускай мовы.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Зьбіцьцё дэпутатаў, вяртаньне савецкіх сымбаляў, «забойства беларускай мовы». 25 гадоў таму адбыўся пераломны рэфэрэндум

Практычна чвэрць стагодзьдзя бел-чырвона-белы сьцяг і «Пагоню» улады імкнуліся сьцерці з памяці — штрафамі, арыштамі, зьбіцьцём, чым заўгодна.

І што мы бачым сёньня на шматтысячных мітынгах Ціханоўскай? Бел-чырвона-белых сьцягоў робіцца ўсё болей і болей. І я цяпер не пра Менск — а пры глыбінку, пра гарады, якія лічыліся прарасейскімі, той жа Віцебск ці Магілёў. І заўважце: пачалося не з «аб’яднанага штабу», я ўвогуле ня ведаю выпадку, калі б Ціханоўская і яе паплечніцы выкарыстоўвалі «Пагоню» ці бел-чырвона-белы Сьцяг.

Бел-чырвона-белыя сьцягі на мітынгу Ціханоўскай у Слоніме, 1 жніўня

Сьцягі прыносяць людзі. Магчыма, для некаторых зь іх— а можа, і для большасьці — такія паняцьці, як «незалежнасьць» ды «нацыянальныя каштоўнасьці» яшчэ не ўсьвядомленыя.

Але лёзунг «Лукашэнка, сыходзь!» сумяшчаецца з нацыянальнымі сьцягамі. У тым ліку і ў руках тых, каму няма 25-ці і хто нарадзіўся пад чырвона-зялёным. Іх у школе не вучылі праўдзівай гісторыі — але ў сытуацыі выбару яны ўсталі пад гэтыя сьцягі.

Чым гэта патлумачыць?

Думаю, абуджэньнем годнасьці. Не ўдалося Лукашэнку зьнішчыць нацыянальную годнасьць. Нацыянальная гісторыя аказалася мацнейшая ўладу, за хлусьлівыя падручнікі, міліцыю, суды ды дзяржаўнае тэлебачаньне.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ня трэба шукаць нацыянальнай ідэі. Ёсьць толькі адна альтэрнатыва Лукашэнку — бел-чырвона-белая


Думкі, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.