Кітай заявіў, што ня мае намеру рабіцца «другімі ЗША»

Ван І

Кіраўнік МЗС КНР Ван І заявіў, што Кітай «не экспартуе ідэалёгію» і ня ўмешваецца ў справы іншых краін.

Кіраўнік кітайскай дыпляматыі раскрытыкаваў ЗША за спробы пачаць новую «халодную вайну» паміж дзьвюма найбуйнейшымі эканомікамі сьвету, адзначыўшы, што яго краіна «ня мае намеру рабіцца другімі ЗША».

У інтэрвію дзяржаўнаму інфармацыйнаму агенцтву «Сіньхуа» член Дзяржаўнай рады КНР і міністар замежных спраў Ван І заявіў, што «сёньняшні Кітай — гэта не былы Савецкі Саюз».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Дзяржсакратар ЗША: сьвет ня будзе ў бясьпецы, пакуль Кітай ня зьменіцца

«Мы не маем намеру рабіцца другімі ЗША. Кітай не экспартуе ідэалёгію і ніколі ня ўмешваецца ва ўнутраныя справы іншых краін», — сказаў ён.

Напружанасьць у адносінах ЗША і Кітаю ў апошнія месяцы ўзмацнілася ў сувязі з такімі пытаньнямі, як гандаль, правы чалавека і ўздым кітайскіх тэхналягічных кампаній, што прымусіла Кітай заявіць, што адносіны дасягнулі самай нізкага пункту за некалькі дзесяцігодзьдзяў.