Акрэдытавалі 181 назіральніка, на ўчасткі пусьцілі ня больш за 15. БХК зьвярнуўся ў Генпракуратуру

Алег Гулак, архіўнае фота

Старшыня Беларускага Хэльсынскага камітэту Алег Гулак 5 жніўня тэрмінова зьвярнуўся ў Генэральную пракуратуру са зваротам аб перашкодзе законнай дзейнасьці грамадзкага аб’яднаньня, паведамляюць «Праваабарончы за свабодныя выбары».

Зварот тычыцца масавых адмоваў назіральнікам ад БХК у «рэалізацыі іх законных правоў» у назіраньні за прэзыдэнцкімі выбарамі. Копію звароту таксама накіравалі ў Міністэрства юстыцыі Беларусі.

Як адзначае Алег Гулак, усяго ва ўчастковых выбарчых камісіях Беларусі акрэдытавалі 181 назіральніка БХК, але да фактычнага назіраньня на ўчастках для галасаваньня дапусьцілі ня больш за 15 назіральнікаў і толькі на кароткі час, паводле вызначаных камісіямі графікаў.

«Пры гэтым відавочна, адмова ў доступе да назіраньня за ходам галасаваньня не накіравана на прадухіленьне распаўсюджваньня рэсьпіраторных інфэкцый, у тым ліку COVID-19, бо многія чальцы УВК, а таксама прысутныя на ўчастках для галасаваньня назіральнікі не выконваюць рэкамэндацый Міністэрства аховы здароўя ў правядзеньні санітарна-супрацьэпідэмічных захадаў», — адзначае Гулак.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Кампанія «Права выбару» зафіксавала паўтысячы парушэньняў за два дні датэрміновага галасаваньня 

Гэтыя дзеяньні ўчастковых выбарчых камісій БХК расцэньвае як грубае парушэньне патрабаваньняў выбарчага заканадаўства (артыкул 13 Выбарчага кодэксу), а таксама як перашкоду законнай дзейнасьці БХК і просіць:

  • прыняць захады, якія забясьпечаць права БХК назіраць за хадой выбараў на ўчастках для галасаваньня;
  • зьвярнуць увагу працоўных груп тэрытарыяльных органаў пракуратуры па наглядзе за выкананьнем заканадаўства аб выбарах, што сябры выбаркамаў павінны на прытрымлівацца выбарчага заканадаўства, у прыватнасьці, патрабаваньняў арт. 13 Выбарчага кодэксу;
  • пры неабходнасьці — прымаць адпаведныя меры пракурорскага рэагаваньня, а ў выпадку выяўленьня прыкметаў злачынства па арт. 194 Крымінальнага кодэксу («Перашкода законнай дзейнасьці грамадзкіх абʼяднаньняў») — заводзіць крымінальную справу.

Беларускі Хэльсынкскі камітэт разам з праваабарончым цэнтрам «Вясна» рэгулярна ладзіць кампаніі незалежнага назіраньня за выбарамі ў Беларусі «Праваабаронцы за свабодныя выбары», мэта якіх — ацэнка выбарчага працэсу з пункту гледжаньня беларускага заканадаўства і міжнародных стандартаў свабодных і дэмакратычных выбараў, інфармаваньне беларускай грамадзкасьці і міжнароднай супольнасьці аб ходзе выбарчай кампаніі і выніках назіраньня.

Прэзыдэнцкія выбары — 2020 у Беларусі. Што важна ведаць

  • Шостыя ў гісторыі сувэрэннай Беларусі выбары прэзыдэнта прызначаныя на нядзелю, 9 жніўня 2020 году.
  • 65-гадовы Аляксандар Лукашэнка кіруе дзяржавай 25 гадоў. Ніводныя прэзыдэнцкія выбары (2001, 2006, 2010, 2015), апроч першых (1994 год), не прызналі свабоднымі і справядлівымі на міжнародным узроўні.
  • Старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына адхіліла прапановы праваабаронцаў аб дыстанцыйных прэзыдэнцкіх выбарах у час эпідэміі COVID-19, бо «часу для прыняцьця гэтых захадаў ужо няма». Лукашэнка ня бачыў падставаў пераносіць выбары праз пандэмію.
  • ЦВК зарэгістраваў 15 ініцыятыўных груп з 55 заявак.
  • Аўтару YouTube-канала «Страна для жизни» Сяргею Ціханоўскаму Цэнтральная выбарчая камісія адмовіла ў рэгістрацыі ініцыятыўнай групы, бо ён адбываў 15 сутак арышту і ня мог асабіста падаць дакумэнты. Тады сваю ініцыятыўную групу ў ЦВК заявіла жонка блогера Сьвятлана Ціханоўская.
  • 29 траўня на перадвыбарчым пікеце жонкі затрымалі Ціханоўскага і яшчэ 9 чалавек. Лукашэнка казаў пра акалічнасьці затрыманьня за 4 гадзіны да таго, як яно адбылося.
  • 11 чэрвеня ў «Белгазпрамбанку» і шэрагу іншых кампаній прайшлі ператрусы. У Камітэце дзяржкантролю заявілі, што завялі крымінальныя справы аб легалізацыі сродкаў, атрыманых злачынным шляхам, і аб ухіленьні ад сплаты падаткаў у асабліва буйным памеры. Старшыня КДК Іван Тэртэль сьцьвярджаў, што да гэтых спраў мае дачыненьне патэнцыйны кандыдат у прэзыдэнты Віктар Бабарыка. Роўна за 4 гадзіны да заявы Дзяржкантролю Аляксандар Лукашэнка расказаў пра акалічнасьці «справы „Белгазпрамбанку“».
  • 18 чэрвеня Віктара Бабарыку і яго сына, кіраўніка ініцыятыўнай групы Эдуарда Бабарыку затрымалі.
  • 14 ліпеня ЦВК зарэгістраваў кандыдатамі ў прэзыдэнты Аляксандра Лукашэнку, Сьвятлану Ціханоўскую, Ганну Канапацкую, Андрэя Дзьмітрыева і Сяргея Чэрачня. Не зарэгістравалі Віктара Бабарыку і Валера Цапкалу.
  • Ад пачатку выбарчай кампаніі праваабаронцы налічылі больш за 1300 затрыманых: удзельнікі «ланцугоў салідарнасьці», сябры ініцыятыўных груп, актывісты, палітыкі, блогеры, журналісты і проста мінакі на вуліцы. Сотні чалавек пакаралі адміністрацыйнымі арыштамі і аштрафавалі.