Каманда папулярнага ўкраінскага сьпевака Алега Віньніка пацьвердзіла Свабодзе, што яго запрасілі ў Беларусь на канцэрт 8 жніўня.
Улады Берасьця анансавалі канцэрт 8 жніўня на вясьлярным канале а 19:00, на якім разам з Алегам Віньнікам чакаецца выступ расейскай поп-выканаўцы Юльяны Каравулавай. Падобныя канцэрты анансавалі ў Менску і іншых абласных гарадах.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Парк Дружбы народаў занялі вайскоўцы. Ціханоўскай не далі зладзіць мітынг-канцэрт у Менску«Так, запрасілі, але ня ведаю, хто запрашаў. на якіх умовах», — сказала PR-мэнэджарка Алега Віньніка Алена Ткач і параіла зьвярнуцца да дырэктара сьпевака.
У той жа час і дырэктар арганізацыі канцэртаў Сяргей Букшын таксама ня змог удакладніць, на чыё запрашэньне і на якіх умовах Алег Віньнік едзе ў Беларусь: «Ня маю ўяўленьня».
На пытаньне, ці не асьцерагаецца каманда Алега Віньніка, што ягоны выступ будзе адбывацца ў межах агітацыйнай кампаніі за Аляксандра Лукашэнку, Сяргей Букшын адказаў: «Пры чым тут я? Пры чым тут Лукашэнка? Дзе ён, а дзе я», і кінуў слухаўку.
Удзел Алега Віньніка ў канцэрце ў Берасьці ніякім чынам не пазначаны ў афіцыйнай афішы сьпевака. Вядома, што 31 ліпеня ён правёў вялікі «высокатэхналягічны» канцэрт у Кіеве на стадыёне «Алімпійскі» з нагоды свайго дня нараджэньня. На жнівень не заплянавана ніводнага ягонага канцэрту ні ва Ўкраіне, ні за яе межамі. Найбліжэйшы канцэрт мусіць адбыцца 19 верасьня ў Чарнігаве.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Напярэдадні выбараў па ўсёй Беларусі пройдуць канцэрты зорак расейскай эстрады ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Саладуха, «Дасягненьні раёну», «Беларусіяда». Чым занялі ўсе менскія пляцоўкі для вулічнай агітацыі на выбарах