«Магу стаць пэрсонай нон-грата ў сваёй прафэсіі». Як папулярны ў Беларусі вядоўца пачаў весьці мітынгі апазыцыі

Віталь Воднеў (справа) падчас мітынгу Сьвятланы Ціханоўскай у Менскай 19 ліпеня 2020

Віталь Воднеў — папулярны ў Беларусі вядоўца. Ягоная праца — гэта карпаратывы, сьвяты, канцэрты, праграмы на радыё і тэлевізіі. Зь ім пагутарыла карэспандэнтка каналу​ «Настоящее время» Ірына Рамалійская.

Віталь кажа, што калі б хтосьці тры месяцы таму сказаў яму, што ён будзе весьці палітычныя акцыі, не паверыў бы. Цяпер ня можа ўявіць, як магло быць інакш:

— Выпадкова патэлефанавалі з штабу Бабарыка, спыталі: «Хочаш?» Я доўга ня думаў, сказаў: «Ну так, хачу». Максымум на мітынгу, які я вёў, напэўна, гэта быў самы вялікі ў Берасьці мітынг, казалі, каля 15-20 тысяч. Складана палічыць. Ну так, гэта быў цэлы лес берасьцейцаў.

— Як атмасфэра?

— Атмасфэра сьвята. Прыходзяць людзі. Я бачу гэтых людзей. Я бачу пасты, калі пішуць праўладна арыентаваныя людзі, што гэта прыходзяць замежныя грамадзяне, нейкая моладзь, нейкія незразумелыя актывісты. Не. Я быў у маленькім мястэчку Глыбокім, я бачыў, як зьбіраліся людзі. Я ня ведаю, колькі там насельніцтва, можа, 3-5 тысяч чалавек. Сабраліся больш за тысячу чалавек на мітынг. У маленькім мястчку. І людзі ішлі, віталіся адзін з адным, віталіся зь міліцыянтамі. Яны ішлі, казалі: «Добры дзень, Сямёнаўна, Іванаўна». Усе гэтыя людзі жылі заўсёды разам і прыйшлі разам на гэты мітынг.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Да 20 тысяч чалавек. У Берасьці мітынг Ціханоўскай правялі ў сасновым бары. Фотарэпартаж

Я бачу, што гэта нейкая грамадзянская хваля ўнутранага вызваленьня пайшла. Людзі перасталі баяцца, перасталі саромецца, сталі трошкі больш сябе паважаць.

— Чаму цяпер?

— Я ня ведаю, чаму цяпер. Год такі. 2020 год прайшоў па ўсім сьвеце, мы яго ніколі не забудзем. Гэта і каранавірус, і ўсе гэтыя падзеі — Black Lives Matter, ва ўсім сьвеце ідзе нейкі рух. Беларусь, напэўна, далучылася да гэтага ўсяго.

— Які для вас самы эмацыйна запамінальны момант за ўсю гэтую кампанію?

— Я стаяў за сцэнай, калі быў вялікі мітынг на 60 тысяч чалавек, я таксама прыйшоў падтрымаць сваіх калегаў, якія вялі гэтае мерапрыемства, тусаваўся за сцэнай. І калі Вераніка Цапкала апавядала гісторыю, як яе маму, хворую на рак, за руку, выпаленую хіміятэрапіяй, прыкавалі да батарэі, у нас мужыкі стаялі за сцэнай з вачыма мокрымі. Я цяпер успамінаю — у мяне дрыжыкі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Мітынг у падтрымку Ціханоўскай стаў самым масавым у Менску за 10 год

— Вы можаце страціць працу — замовы, карпаратывы?

— Хутчэй за ўсё, я ўжо страціў дзяржаўныя заказы і карпаратывы. Я скажу, што ў працэнтных суадносінах іх было ня так шмат. Так, я магу страціць працу і замовы.

— Чаму ідзяце на гэта?

— Таму што не магу не ісьці. Я думаў над гэтым пытаньнем. Я разумею, чым гэта мне пагражае. Я магу наогул стаць пэрсонай нон-грата ў сваёй прафэсіі, мне могуць ставіць палкі ў колы. Аднак я разумею, што калі б я адмовіўся ад гэтага, я б потым з чорнай зайздрасьцю глядзеў на чалавека, які робіць гэта замест мяне, думаў бы, што я павінен быць там, а я вось тут сяджу. Карацей, я вырашыў жыць у гармоніі са сваім унутраным сьветам.

Пасьля першага мітынгу, які быў у Менску, самы першы, мне ў дырэкт напісалі, напэўна, тысяча чалавек. Зь іх, можа, сто знаёмых, 900 [якія напісалі] я першы раз бачыў. Усе падтрымлівалі. Пішуць: малойца, мы табой ганарымся, Віталь, так трымаць. Давайце Інстаграм адкрыем, дырэкт. Пераважна ставяць аплядысмэнты, сотку, дзякуй.

Я, можа быць, падаў камусьці прыклад, што можна сапраўды сваю пазыцыю выказваць адкрыта, ня вельмі моцна баяцца. Рабі, што трэба, і няхай будзе, што будзе.

— Атрымліваецца ня вельмі моцна баяцца?

— Не, не атрымліваецца. Як сказаў Дэльфін ў фільме «Нават ня думай – 2»: «Дурні кшталту вас нічога не баяцца, а рэальныя людзі заўсёды на здрадзе». Страшнавата, сапраўды страшна. Я еду на машыне і гляджу ў люстэрка, ці ня едзе за мной сіні бусік. Або калі тэлефон пачынае разраджацца асабліва актыўна, я думаю: так, мяне, напэўна, праслухоўваюць.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Людзі ідуць зь мірам. Нельга іх біць!». Ціханоўская зьвярнулася да сілавікоў і ўладаў на мітынгу ў Менску

Я не разумею, чаго ім ад мяне можна дамагчыся. Я проста грамадзянін, проста выказваю сваю пазыцыю. Я стараюся не парушаць ніякіх законаў і правілаў. Усе мітынгі, на якіх я працаваў, былі дазволеныя афіцыйныя. Таму я не раблю нічога супрацьзаконнага, і гэтым сябе суцяшаю. Я не хачу думаць пра дрэннае, мне наогул ня хочацца ніякіх рэвалюцый, рухаў, масавых пратэстаў ці яшчэ чагосьці. Вядома ж, хочацца, каб усё было мірна, спакойна. Мы, беларусы, — мірныя людзі. Так пачынаецца наш гімн, і я згодны з гэтым сьцьвярджэньнем. Усе, каго я ведаю, думаюць менавіта так. Ніхто ня хоча вайны, працяглых нейкіх падзей пратэставых, яшчэ чагосьці. Усе хочуць проста трошкі выдыхнуць спакойна.

— Лукашэнка сыдзе сам?

— Не, я ня думаю, што ён сыдзе сам. Не, ня сыдзе. Наогул, калі шчыра, я ня вельмі разумею, як тысячы чалавек на плошчы могуць паўплываць на аднаго чалавека на чале дзяржавы. Яны сабраліся ў адным месцы, іх АМАП ганяе, яны нешта скандуюць. Іншы чалавек знаходзіцца ў іншым месцы. І для мяне гэтыя падзеі... я не разумею іх пункту перасячэньня.

— Такі рассынхрон з рэальнасьцю. Такое месца — і 26 гадоў адзін чалавек пры ўладзе.

— У нас усё разьвіваецца не дзякуючы, а насуперак. Там, дзе ўлада не глядзіць, — там разьвіваецца. Як толькі паглядзела — там банкруцтва, прадпрыемствы разараюцца.

— Але шмат кляснай прыгожай моладзі.

— Мне вельмі незразумела і трошкі крыўдна за беларускую творчую моладзь, таму што ў нас сапраўды вельмі шмат людзей, якія крута займаюцца творчасьцю — музыкай, мастацтвам. Калі паглядзець на расейскую сцэну, напрыклад выхадцаў з Украіны там цэлая плеяда, а беларусаў — гэта Ціма Беларускіх, Макс Корж, ну і Ляпіса нехта памятае. Ці то ўнутранай свабоды, ці то рашучасьці дзейнічаць, нейкага ўнутранага намеру — чагосьці не хапае для таго, каб адбыўся гэты творчы выбух.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У выбарчы фонд Ціханоўскай паступіла больш за ўсё грошай сярод усіх кандыдатаў у прэзыдэнты

Людзей, якія цяпер разам зь ім (Бабарыкам. — РС) сядзяць у турме, я ведаў яшчэ лепш. У нас быў праект зь «Белгазпрамбанкам», і 10 гадоў замест карпаратываў для іх VIP-кліентаў яны іх вывозілі катацца на лыжах зімой, а ўвосень — на яхтах. Я як вядоўца зь імі езьдзіў, яны мяне бралі. Яны ўсе лыжнікі, а я — сноўбардыст, мы зь імі езьдзілі катацца на лыжах. Замест таго, каб зьбірацца і піць алькаголь і есьці, яны вывозілі людзей на спартовыя мерапрыемствы. Амаль 10 гадоў. Мы сёлета павінны былі ехаць. Перад выездам закрылі межы, гэта ўсё дэзарганізавалася. А ў траўні я даведаўся, што Бабарыка падаецца на кандыдаты ў прэзыдэнты. І афігелі ўсё. Я калі даведаўся, я адразу ўключыўся, падумаў: я хачу.

Прэзыдэнцкія выбары — 2020 у Беларусі. Што важна ведаць

  • Шостыя ў гісторыі сувэрэннай Беларусі выбары прэзыдэнта прызначаныя на нядзелю, 9 жніўня 2020 году.
  • 65-гадовы Аляксандар Лукашэнка кіруе дзяржавай 25 гадоў. Ніводныя прэзыдэнцкія выбары (2001, 2006, 2010, 2015), апроч першых (1994 год), не прызналі свабоднымі і справядлівымі на міжнародным узроўні.
  • Старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына адхіліла прапановы праваабаронцаў аб дыстанцыйных прэзыдэнцкіх выбарах у час эпідэміі COVID-19, бо «часу для прыняцьця гэтых захадаў ужо няма». Лукашэнка ня бачыў падставаў пераносіць выбары праз пандэмію.
  • ЦВК зарэгістраваў 15 ініцыятыўных груп з 55 заявак.
  • Аўтару YouTube-канала «Страна для жизни» Сяргею Ціханоўскаму Цэнтральная выбарчая камісія адмовіла ў рэгістрацыі ініцыятыўнай групы, бо ён адбываў 15 сутак арышту і ня мог асабіста падаць дакумэнты. Тады сваю ініцыятыўную групу ў ЦВК заявіла жонка блогера Сьвятлана Ціханоўская.
  • 29 траўня на перадвыбарчым пікеце жонкі затрымалі Ціханоўскага і яшчэ 9 чалавек. Лукашэнка казаў пра акалічнасьці затрыманьня за 4 гадзіны да таго, як яно адбылося.
  • 11 чэрвеня ў «Белгазпрамбанку» і шэрагу іншых кампаній прайшлі ператрусы. У Камітэце дзяржкантролю заявілі, што завялі крымінальныя справы аб легалізацыі сродкаў, атрыманых злачынным шляхам, і аб ухіленьні ад сплаты падаткаў у асабліва буйным памеры. Старшыня КДК Іван Тэртэль сьцьвярджаў, што да гэтых спраў мае дачыненьне патэнцыйны кандыдат у прэзыдэнты Віктар Бабарыка. Роўна за 4 гадзіны да заявы Дзяржкантролю Аляксандар Лукашэнка расказаў пра акалічнасьці «справы „Белгазпрамбанку“».
  • 18 чэрвеня Віктара Бабарыку і яго сына, кіраўніка ініцыятыўнай групы Эдуарда Бабарыку затрымалі.
  • 14 ліпеня ЦВК зарэгістраваў кандыдатамі ў прэзыдэнты Аляксандра Лукашэнку, Сьвятлану Ціханоўскую, Ганну Канапацкую, Андрэя Дзьмітрыева і Сяргея Чэрачня. Не зарэгістравалі Віктара Бабарыку і Валера Цапкалу.
  • Ад пачатку выбарчай кампаніі праваабаронцы налічылі больш за 1300 затрыманых: удзельнікі «ланцугоў салідарнасьці», сябры ініцыятыўных груп, актывісты, палітыкі, блогеры, журналісты і проста мінакі на вуліцы. Сотні чалавек пакаралі адміністрацыйнымі арыштамі і аштрафавалі.