За каго Пуцін на выбарах у Беларусі?

Чаму крызіс з затрыманьнем байцоў ПВК Вагнэра дагэтуль ня вырашаны? Як рэагуе на яго Расея і пра што сьведчыць гэтая рэакцыя? Ці паўплывае на хаду выбарчай кампаніі зварот Валера Цапкалы да прэзыдэнта Расеі?

Гэтыя тэмы ў Праскім акцэнце абмяркоўваюць палітычны аглядальнік Свабоды Валер Карбалевіч і экспэрт у пытаньнях бясьпекі, кіраўнік праекту Belarus security blog Андрэй Паротнікаў.

Справа «вагнэраўцаў»

Паротнікаў: Тры бясспрэчных факты ў справе «вагнэраўцаў». 1) Былі затрыманыя 33 чалавекі. 2) Яны прынамсі ў мінулым былі датычныя да ПВК Вагнэра 3) Большасьць зь іх ваявалі супраць Украіны.

Усё астатняе — гэта тое, што нам паведамляюць зацікаўленыя бакі — беларускі і расейскі, зыходзячы з уласных інтарэсаў. Абодва бакі абыходзяць аспэкты справы, якія для іх нязручныя.

Абодва бакі недагаворваюць наконт рэальных абставінаў гэтага крызісу і імкнуцца маніпуляваць аўдыторыяй.

Я мяркую, што дэ-факта гэта была пастка, якая была створаная беларускімі ўладамі, каб завабіць іх у Беларусь, затрымаць і выкарыстаць у прапагандысцкіх палітычных мэтах. Калі яны ехалі ў Беларусь, яны былі ўпэўненыя, што знаходзяцца ў бясьпецы.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Гардон расказаў пра здароўе Лукашэнкі і «зялёнае сьвятло» на выдачу баевікоў Украіне

Карбалевіч: У Расеі крытычныя рэзкія заявы на адрас Менску ў сувязі са справаў «вагнэраўцаў» робяць ня самыя ўплывовыя і адказныя людзі. Заявы дэпутатаў Дзярждумы — усе разумеюць, што такое Дума. А на вышэйшым узроўні назіраецца пэўная стрыманасьць, асьцярожнасьць.

У Маскве добра разумеюць сэнс недружалюбнай адносна Расеі рыторыкі Аляксандра Лукашэнкі. Яна мае ўнутрыпалітычны перадвыбарчы характар. Масква даволі спакойна прарэагавала на захоп расейскага банку. Пасьля гэтага Лукашэнка з сынамі езьдзіў на парад Перамогі, з Пуціным там абдымаўся, потым у Ржэў на адкрыцьцё мэмарыяльнага комплексу, дзе ён быў з Пуціным удвох.

І цяпер гэтак жа. Мы маем заяву Пяскова, заяву Захаравай. Але гэта ня самыя ўплывовыя людзі. Масква ўпэўненая, што скончацца выбары, Лукашэнка застанецца ва ўладзе і праблема будзе спушчаная на тармазах. Банк вернуць Газпрому, «вагнэраўцаў» вызваляць. І я ня думаю, што гэты скандал моцна паўплывае на далейшае разьвіцьцё двухбаковых адносінаў. Колькі такіх скандалаў было.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Замежныя карэспандэнты ня могуць трапіць на выбары. Нібыта праз каранавірус

Паротнікаў: Я хачу заўважыць, Захарава — гэта не прыватная асоба, а прэсавы сакратар МЗС РФ. І яе заява была даволі жорсткая.

Я згодны, што банк вернуць. Але з «вагнэраўцамі» сытуацыя іншая. Масква выдатна разумее, што для афіцыйнага Менску было б здабыткам, калі б Крэмль уцягнуўся ў дыскусію на гэты конт. Менск «прадаваў» бы гэтае «супрацьстаяньне расейскай агрэсіі» і на Захад, і ўнутранаму спажыўцу.

Сытуацыя з «вагнэраўцамі» будзе мець вельмі далёкасяжныя наступствы. Абвінавачваньне ПВК Вагнэра ў намерах ўчыніць тэрарыстычныя дзеяньні ў Беларусі — гэта абвінавачваньне ў гэтым кіраўніцтва Расеі. Такія абвінавачваньні нікому ня будуць спускацца з рук, чым больш саюзьніку, залежнаму ад Расеі.

Зварот Цапкалы да Пуціна

Паротнікаў: Ёсьць меркаваньне ў беларускім палітыкуме, што любы наступны кіраўнік дзяржавы з прычыны высокай залежнасьці эканомікі ад Расеі будзе вымушаны неяк дамаўляцца з Крамлём.

Праявай гэтага было і тое, што Цапкала да кіраўнікоў 32 дзяржаваў разам, а да Пуціна — асобна. Гэта праява нейкай лісьлівасьці, спроба спадабацца Крамлю.

Але ёсьць і больш практычны момант. З гэтых выбараў Лукашэнка выйдзе вельмі слабым. І палітычна, і фізычна. Апошняе мы бачылі падчас яго ўчорашняга выступу.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Цапкала зьвярнуўся да Пуціна, каб той асудзіў «антырасейскую палітыку Лукашэнкі»

У яго ня будзе падтрымкі большасьці, і падтрымка ўвесь час будзе зьніжацца. Эканамічная сытуацыя будзе пагаршацца. І пасьля 9 жніўня пачнецца «вялікая гульня». Праз слабасьць «правадыра» зьнешняе ўмяшальніцтва пойдзе з усіх бакоў. Усе хочуць не атрымаць непрыемных сюрпрызаў, калі пачнецца транзыт улады ў Беларусі. І з боку Цапкалы гэты зварот да Пуціна можа быць заяўкай на будучыню.

Карбалевіч: Я ня думаю, што зварот Цапкалы да Пуціна будзе мець нейкае значэньне для электаральнай кампаніі, гэта ніяк не паўплывае на гатоўнасьць ці негатоўнасьць галасаваць за Сьвятлану Ціханоўскую.

Нейкая частка нацыянальна-арыентаванай публікі, якая «тусуецца» у Фэйсбуку, у любым выпадку і не зьбіралася галасаваць за Ціханоўскую зь вядомых прычынаў, бо лічыць, што ўсё гэта — праект Масквы.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «У парадку ў Беларусі няма заслугі Лукашэнкі». Што піша заходні друк пра выбары ў Беларусі

Што тычыцца матываў Цапкалы, я згодны, што ён спрабуе выбудоўваць сваю палітычную будучыню. Значная частка людзей, якія цяпер далучыліся да палітычнага жыцьця, раней былі апалітычнымі. Як мы ведаем, насельніцтва Беларусі мае большыя сымпатыі да Расеі, чым да Захаду. І таму зварот Цапкалы — гэта апэляцыя да гэтай самай беларускай большасьці, якая цяпер спрабуе заявіць пра сябе.

І для гэтай большасьці апэляцыя да Пуціна — хутчэй плюс. Але я хачу зьвярнуць увагу, што, паводле беларускага досьведу, палітыкі, якія зьяжджаюць у эміграцыю, губляюць палітычную вагу ўнутры краіны. Можна прыгадаць і Пазьняка, і Саньнікава. Я ня ўпэўнены, што адʼезд Цапкалы за мяжу — найлепшы крок, калі ён хоча быць заўважнай фігурай у палітычным жыцьці Беларусі пасьля 9 жніўня.