У Менску вулічную перадвыбарчую агітацыю сёлета дазволілі толькі ў 6 месцах: гэта паркі і сквэры, усе яны знаходзяцца ня ў цэнтры гораду. Паглядзелі, ці не праводзяць цяпер на пляцоўках, якія вылучылі кандыдатам для мітынгаў, іншых імпрэзаў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Менску ў 6 месцах дазволілі вулічную агітацыю на выбарах. Гэта паркі і сквэры. На мінулых выбарах можна было амаль паўсюль. МАПА3 жніўня стала вядома, што ў парку Дружбы народаў, дзе на 6 жніўня быў заплянаваны вялікі мітынг-канцэрт кандыдаткі ў прэзыдэнты Сьвятланы Ціханоўскай, у гэты ж дзень і час сабраліся сьвяткаваць Дзень чыгуначных войскаў.
Штаб Ціханоўскай падаў скаргі ў Менгарвыканкам і ЦВК, запатрабаваўшы адмяніць рашэньне адміністрацыі Савецкага раёну Менску аб арганізацыі на названай пляцоўцы мерапрыемстваў, якія не адносяцца да перадвыбарчай агітацыі. Адказу пакуль не атрымалі, мітынг адмяняць не зьбіраюцца. Паглядзелі, ці вольныя ў перадвыбарчыя дні іншыя пляцоўкі для агітацыі за кандыдатаў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ціханоўская не адмовілася ад мітынгу 6 жніўня ў Менску, нягледзячы на суседзтва з «Днём чыгуначных войскаў»Саладуха і «Песьняры» на Бангалоры
На пляцоўцы ў парку Дружбы народаў штовечар да дня выбараў заплянаваныя розныя імпрэзы.
- 5 жніўня — праект «Клясыка бязь межаў»
- 6 жніўня — Дзень чыгуначных войскаў — з выступамі кінолягаў, спартовымі конкурсамі і спаборніцтвамі, палявой кухняй, выставай спэцыяльнай чыгуначнай, аўтамабільнай і дарожнай тэхнікі, а таксама канцэртам, на якім выступяць Аляксандар Саладуха, ансамбль «Песьняры», арт-гурт «Беларусы», вайсковы аркестар, акадэмічны ансамбль песьні і танцу Ўзброеных Сілаў і іншыя.
- 7 жніўня — урачыстасьці да Дня будаўніка, выступы духавога аркестру ГУУС Менгарвыканкаму, фальклёрнага гурту «Купалінка», дзяржаўнага камэрнага хору, канцэртная праграма «Люблю наш край», акадэмічная харавая капэля імя Шырмы.
- 8 жніўня выступяць «Minsk Music Orchestra», гурт «Купалінка», харавая капэля імя Рыгора Шырмы, будзе канцэртная праграма «Той самы Уцёсаў».
Парк імя Грэкавай (Серабранка, Ленінскі раён)
У парку імя Грэкавай з 3 па 8 жніўня штодня праходзяць раённыя сьвяты «Фарбы лета», паведамляе сайт адміністрацыі Ленінскага раёну Менску. Час правядзеньня: 15.00 — 21.30.
- 5 жніўня — «Лета — пара творчасьці»
- 6 жніўня — «Дакраніся да прыроды сэрцам»
- 7 жніўня — «Дасягненьні раёну»
- 8 жніўня — «Субота спартыўная»
Сьвята кожны дзень у Тучынскім сквэры (Фрунзенскі раён)
Пляцоўка Тучынскага сквэру надзвычай запатрабаваная ў гэтыя дні: 6 і 8 жніўня сьвяточныя імпрэзы пачынаюцца а 10-й раніцы, 5 і 7 жніўня — па абедзе, у 15.30. Заканчваюцца шматлікія мерапрыемствы ў 21 –21.30 вечара.
- 5 жніўня ў сквэры — сьвята «Фарбы лета»
- 6 жніўня — сьвята здароўя і спорту
- 7 жніўня — сьвята сьмеху і весялосьці
- 8 жніўня — сьвята «Лета — маленькае жыцьцё»
У межах сьвятаў пройдуць гульні і спартовыя спаборніцтвы, музычныя выступы, конкурсы, дыскатэкі і іншае.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Улады не даюць памяшканьняў пад «народныя сходы» перад выбарамі
Парк імя 50-годзьдзя Кастрычніка (Заводзкі раён)
На 6 жніўня тут заплянавалі моладзевую акцыю # Разам, піша мясцовая адміністрацыя. Пройдзе канцэрт. На іншыя дні пакуль нічога не анансуецца.
Кіеўскі сквэр (Цэнтральны раён) і сквэр Жукава (Маскоўскі раён)
На сайце адміністрацый Цэнтральнага і Маскоўскага раёнаў пакуль няма ніякай інфармацыі пра сьвяточныя імпрэзы ў гэтыя дні.
Аднак, як паведамілі «Еўрарадыё» ў адміністрацыі раёнаў, прынамсі 6 жніўня (калі каманда Ціханоўскай плянуе вялікі мітнг-канцэрт) Кіеўскі сквэр і сквэр Жукава таксама будуць занятыя. У Кіеўскім сквэры плянуюць правесьці «Дзень адчыненых дзвярэй установаў дадатковай адукацыі», а ў сквэры Жукава плянуецца спартова-аздараўленчае сьвята «Беларусіяда».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Напярэдадні выбараў па ўсёй Беларусі пройдуць канцэрты зорак расейскай эстрады
Прэзыдэнцкія выбары — 2020 у Беларусі. Што важна ведаць
- Шостыя ў гісторыі сувэрэннай Беларусі выбары прэзыдэнта прызначаныя на нядзелю, 9 жніўня 2020 году.
- 65-гадовы Аляксандар Лукашэнка кіруе дзяржавай 25 гадоў. Ніводныя прэзыдэнцкія выбары (2001, 2006, 2010, 2015), апроч першых (1994 год), не прызналі свабоднымі і справядлівымі на міжнародным узроўні.
- Старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына адхіліла прапановы праваабаронцаў аб дыстанцыйных прэзыдэнцкіх выбарах у час эпідэміі COVID-19, бо «часу для прыняцьця гэтых захадаў ужо няма». Лукашэнка ня бачыў падставаў пераносіць выбары праз пандэмію.
- ЦВК зарэгістраваў 15 ініцыятыўных груп з 55 заявак.
- Аўтару YouTube-канала «Страна для жизни» Сяргею Ціханоўскаму Цэнтральная выбарчая камісія адмовіла ў рэгістрацыі ініцыятыўнай групы, бо ён адбываў 15 сутак арышту і ня мог асабіста падаць дакумэнты. Тады сваю ініцыятыўную групу ў ЦВК заявіла жонка блогера Сьвятлана Ціханоўская.
- 29 траўня на перадвыбарчым пікеце жонкі затрымалі Ціханоўскага і яшчэ 9 чалавек. Лукашэнка казаў пра акалічнасьці затрыманьня за 4 гадзіны да таго, як яно адбылося.
- 11 чэрвеня ў «Белгазпрамбанку» і шэрагу іншых кампаній прайшлі ператрусы. У Камітэце дзяржкантролю заявілі, што завялі крымінальныя справы аб легалізацыі сродкаў, атрыманых злачынным шляхам, і аб ухіленьні ад сплаты падаткаў у асабліва буйным памеры. Старшыня КДК Іван Тэртэль сьцьвярджаў, што да гэтых спраў мае дачыненьне патэнцыйны кандыдат у прэзыдэнты Віктар Бабарыка. Роўна за 4 гадзіны да заявы Дзяржкантролю Аляксандар Лукашэнка расказаў пра акалічнасьці «справы „Белгазпрамбанку“».
- 18 чэрвеня Віктара Бабарыку і яго сына, кіраўніка ініцыятыўнай групы Эдуарда Бабарыку затрымалі.
- 14 ліпеня ЦВК зарэгістраваў кандыдатамі ў прэзыдэнты Аляксандра Лукашэнку, Сьвятлану Ціханоўскую, Ганну Канапацкую, Андрэя Дзьмітрыева і Сяргея Чэрачня. Не зарэгістравалі Віктара Бабарыку і Валера Цапкалу.
- Ад пачатку выбарчай кампаніі праваабаронцы налічылі больш за 1300 затрыманых: удзельнікі «ланцугоў салідарнасьці», сябры ініцыятыўных груп, актывісты, палітыкі, блогеры, журналісты і проста мінакі на вуліцы. Сотні чалавек пакаралі адміністрацыйнымі арыштамі і аштрафавалі.