Прынамсі тры дзясяткі замежных карэспандэнтаў, якія хацелі прыехаць у Беларусь, каб асьвятляць прэзыдэнцкія выбары, дагэтуль не атрымалі акрэдытацыю. Прычынай назвалі каранавірус, празь які камісія па акрэдытацыі ня можа сабрацца.
«Хто падаваў дакумэнты ў траўні, яшчэ пасьпелі, хто ў чэрвені і ліпені — ужо не»
Намесьнік старшыні Беларускай асацыяцыі журналістаў Барыс Гарэцкі кажа, што ў БАЖ са скаргамі зьвяртаецца шмат замежных калег, якіх МЗС Беларусі дагэтуль не акрэдытаваў на выбары.
«Мы ведаем прынамсі пра 25 такіх фактаў. Дакладней, на 25-м мы перасталі лічыць. Краіны, зь якіх зьвяртаюцца калегі, самыя розныя: Нямеччына, Францыя, Швайцарыя, скандынаўскія, Польшча, Чэхія...
Тыя, хто падаваў дакумэнты ў траўні, яшчэ пасьпелі атрымаць акрэдытацыю, хто ў чэрвені, ліпені — ужо не. А потым, мабыць было нейкае палітычнае рашэньне — не даваць акрэдытацыі. Хтосьці яшчэ спадзяецца, але ж да выбараў засталося 4 дні. Некаторыя замежныя СМІ шукаюць у Беларусі журналістаў, якія б маглі даваць інфармацыю ім», — кажа Барыс Гарэцкі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Назіральнікі налічылі 23 выбарцаў. Бюлетэняў у скрыні аказалася 57Афіцыйнае тлумачэньне МЗС — эпідэміялягічная сытуацыя
Здымачнай групе аднаго ўкраінскага тэлеканалу прапанавалі прайсьці двухтыднёвы карантын, калі яны хочуць працаваць на выбарах у Беларусі.
Польскі журналіст Міхал Патоцкі пісаў у фэйсбуку 27 ліпеня:
«Сёньня я пачуў ад прадстаўніка Міністэрства замежных спраў, што пакуль праз эпідэмію не зьбіраецца камісія па акрэдытацыі. На пытаньне, калі зьбярэцца, ён адказаў: „Ня ведаю“. Вось так вось. Я не прапусьціў ніводных парлямэнцкіх або прэзыдэнцкіх выбараў у Беларусі з 2008 году Было б тым сумней, калі б мне не ўдалося гэтым разам, беручы пад увагу ўсё тое, што там цяпер адбываецца».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ініцыятыва «Честные люди» зафіксавала 2056 парушэньняў у першы дзень датэрміновага галасаваньняЧэскі журналіст, рэдактар замежнай рубрыкі Lidové noviny Томаш Влах 1 жніўня напісаў:
«Сьцьвярджаецца, нібыта „камісія ня можа сабрацца з прычыны каранавірусу“. Калі так і застанецца, то за беларускімі выбарамі ня будзе назіраць ніхто з іншаземцаў».
Праз каранавірус не атрымалі акрэдытацыі француская журналістка Клэр Гацінуа, журналістка са Славаччыны Крысьціна Чрэнкава, польскі фотарэпартэр Якуб Каміньскі і іншыя.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: На выбарчых участках затрымліваюць незалежных назіральнікаў. Сьпіс«Заканадаўства ж ніхто не адмяняў»
Парадак акрэдытацыі журналістаў замежных СМІ ў Рэспубліцы Беларусь, зацьверджаны Саветам Міністраў 25.12.2008 году, прадугледжвае, што заяўкі для часовай акрэдытацыі журналістаў павінны быць разгледжаныя не пазьней як за 20 дзён з дня атрыманьня.
«З прычыны каранавірусу быццам бы ня можа сабрацца камісія. Але ж заканадаўства ніхто не адмяняў — у 20-дзённы тэрмін МЗС павінен разгледзець заявы. Але ёсьць жа Zoom, можна ж і дыстанцыйна правесьці паседжаньне», — кажа намесьнік старшыні БАЖ Барыс Гарэцкі.
Атрымаць апэратыўны камэнтар у МЗС Свабодзе не ўдалося — прэс-сакратар другі дзень «на мерапрыемствах у кіраўніка дзяржавы».
Прэзыдэнцкія выбары — 2020 у Беларусі. Што важна ведаць
- Шостыя ў гісторыі сувэрэннай Беларусі выбары прэзыдэнта прызначаныя на нядзелю, 9 жніўня 2020 году.
- 65-гадовы Аляксандар Лукашэнка кіруе дзяржавай 25 гадоў. Ніводныя прэзыдэнцкія выбары (2001, 2006, 2010, 2015), апроч першых (1994 год), не прызналі свабоднымі і справядлівымі на міжнародным узроўні.
- Старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына адхіліла прапановы праваабаронцаў аб дыстанцыйных прэзыдэнцкіх выбарах у час эпідэміі COVID-19, бо «часу для прыняцьця гэтых захадаў ужо няма». Лукашэнка ня бачыў падставаў пераносіць выбары праз пандэмію.
- ЦВК зарэгістраваў 15 ініцыятыўных груп з 55 заявак.
- Аўтару YouTube-канала «Страна для жизни» Сяргею Ціханоўскаму Цэнтральная выбарчая камісія адмовіла ў рэгістрацыі ініцыятыўнай групы, бо ён адбываў 15 сутак арышту і ня мог асабіста падаць дакумэнты. Тады сваю ініцыятыўную групу ў ЦВК заявіла жонка блогера Сьвятлана Ціханоўская.
- 29 траўня на перадвыбарчым пікеце жонкі затрымалі Ціханоўскага і яшчэ 9 чалавек. Лукашэнка казаў пра акалічнасьці затрыманьня за 4 гадзіны да таго, як яно адбылося.
- 11 чэрвеня ў «Белгазпрамбанку» і шэрагу іншых кампаній прайшлі ператрусы. У Камітэце дзяржкантролю заявілі, што завялі крымінальныя справы аб легалізацыі сродкаў, атрыманых злачынным шляхам, і аб ухіленьні ад сплаты падаткаў у асабліва буйным памеры. Старшыня КДК Іван Тэртэль сьцьвярджаў, што да гэтых спраў мае дачыненьне патэнцыйны кандыдат у прэзыдэнты Віктар Бабарыка. Роўна за 4 гадзіны да заявы Дзяржкантролю Аляксандар Лукашэнка расказаў пра акалічнасьці «справы „Белгазпрамбанку“».
- 18 чэрвеня Віктара Бабарыку і яго сына, кіраўніка ініцыятыўнай групы Эдуарда Бабарыку затрымалі.
- 14 ліпеня ЦВК зарэгістраваў кандыдатамі ў прэзыдэнты Аляксандра Лукашэнку, Сьвятлану Ціханоўскую, Ганну Канапацкую, Андрэя Дзьмітрыева і Сяргея Чэрачня. Не зарэгістравалі Віктара Бабарыку і Валера Цапкалу.
- Ад пачатку выбарчай кампаніі праваабаронцы налічылі больш за 1300 затрыманых: удзельнікі «ланцугоў салідарнасьці», сябры ініцыятыўных груп, актывісты, палітыкі, блогеры, журналісты і проста мінакі на вуліцы. Сотні чалавек пакаралі адміністрацыйнымі арыштамі і аштрафавалі.