Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Назіральнікі налічылі 23 выбарцаў. Бюлетэняў у скрыні аказалася 57


Назіральнік падае скаргу ў раённую камісію
Назіральнік падае скаргу ў раённую камісію

Паводле назіральнікаў, на 27 участку, што ў сталічнай школе № 70, у першы дзень датэрмінова прагаласавалі 23 чалавекі, бюлетэняў жа ў скрыні аказалася 57. Назіральнікаў не дапускаюць на аплямбаваньне і ўскрыцьцё скрыняў для галасаваньня, не знаёмяць з пратаколамі.

Карэспандэнтка Свабоды прыйшла ў Першамайскую раённую выбарчую камісію на дамоўленую на 13.30 сустрэчу са старшынём камісіі Вячаславам Кузьняцовым. У прызначаны час старшыні Кузьняцова на месцы не аказалася — кажуць, паехаў у камісію. Затое чарадой ішлі назіральнікі са скаргамі.

Назіральнік NN працуе на ўчастку № 47, што ў школе № 191 у мікрараёне Ўручча. Старшыня ўчастковай выбарчай камісіі Міхаіл Камінскі не дапусьціў назіральнікаў на ўскрыцьцё скрыні.

«У Пастанове № 11 ЦВК прапісана, што колькасьць назіральнікаў абмежаваная толькі ў час галасаваньня — 3 чалавекі ў дні датэрміновага галасаваньня і 5 — у асноўны дзень. А ўскрыцьцё урнаў ажыцьцяўляецца да пачатку галасаваньня. Мне было адмоўлена прысутнічаць старшынём камісіі Камінскім», — сказаў назіральнік.

Віталь акрэдытаваны назіральнікам на выбарчым участку № 27, што ў сярэдняй школе № 70 імя Гурцьева на вуліцы Каліноўскага.

«Старшыня ўчастковай камісіі Аляксандар Палякоў мяне не дапусьціў на ўчастак, схапіў за руку, выцягнуў сілай з кабінэту. Я нават напісаў заяву ў міліцыю. І вось зараз прыйшоў падаваць скаргу ў раённую камісію».

Кацярына, назіральніца з суседняга 28-га ўчастку, які месьціцца ў той самай школе № 70, расказала, што на яе ўчастку іх запрасілі на апячатваньне урнаў у перапынку на абед, ставяцца да назіральнікаў больш-менш нармальна.

А вось на суседнім 27-м участку, дзе назірае Віталь, пастаянна зачыненыя дзьверы, хоць паводле санітарных рэкамэндацый трымаць дзьверы пажадана адчыненымі, кажа Кацярына.

«Сябры 27-й камісіі ўчора засталіся ў памяшканьні і пасьля 14-й гадзіны, калі быў перапынак на абед, выставіўшы назіральнікаў. Пасьля 14-й гадзіны яны зачыніліся ў кабінэце, але потым выйшлі і здалі ключ міліцыянту. Назіральнікі іх чакалі пад дзьвярыма. Сябры камісіі здалі ключ міліцыянту. Усе разышліся, а я пайшла ў прыбіральню.

Калі я вярталася з прыбіральні, то пабачыла, як старшыня камісіі Аляксандар Палякоў узяў ключ у міліцыянта і ўвайшоў у памяшканьне для галасаваньня з грудай папер. Яўка замест 23 чалавек (якую зафіксавалі назіральнікі) склала 57 — гэта на 27-м участку», — сказала Кацярына.

Свабода датэлефанавалася да старшыні ўчастковай выбарчай камісіі № 27 Аляксандра Андрэевіча Палякова, але той адмовіўся ад камэнтароў.

Віталь напісаў скаргі ў раённую выбарчую камісію, Кацярына прыйшла пацьвердзіць яго словы.

Прэзыдэнцкія выбары — 2020 у Беларусі. Што важна ведаць

  • Шостыя ў гісторыі сувэрэннай Беларусі выбары прэзыдэнта прызначаныя на нядзелю, 9 жніўня 2020 году.
  • 65-гадовы Аляксандар Лукашэнка кіруе дзяржавай 25 гадоў. Ніводныя прэзыдэнцкія выбары (2001, 2006, 2010, 2015), апроч першых (1994 год), не прызналі свабоднымі і справядлівымі на міжнародным узроўні.
  • Старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына адхіліла прапановы праваабаронцаў аб дыстанцыйных прэзыдэнцкіх выбарах у час эпідэміі COVID-19, бо «часу для прыняцьця гэтых захадаў ужо няма». Лукашэнка ня бачыў падставаў пераносіць выбары праз пандэмію.
  • ЦВК зарэгістраваў 15 ініцыятыўных груп з 55 заявак.
  • Аўтару YouTube-канала «Страна для жизни» Сяргею Ціханоўскаму Цэнтральная выбарчая камісія адмовіла ў рэгістрацыі ініцыятыўнай групы, бо ён адбываў 15 сутак арышту і ня мог асабіста падаць дакумэнты. Тады сваю ініцыятыўную групу ў ЦВК заявіла жонка блогера Сьвятлана Ціханоўская.
  • 29 траўня на перадвыбарчым пікеце жонкі затрымалі Ціханоўскага і яшчэ 9 чалавек. Лукашэнка казаў пра акалічнасьці затрыманьня за 4 гадзіны да таго, як яно адбылося.
  • 11 чэрвеня ў «Белгазпрамбанку» і шэрагу іншых кампаній прайшлі ператрусы. У Камітэце дзяржкантролю заявілі, што завялі крымінальныя справы аб легалізацыі сродкаў, атрыманых злачынным шляхам, і аб ухіленьні ад сплаты падаткаў у асабліва буйным памеры. Старшыня КДК Іван Тэртэль сьцьвярджаў, што да гэтых спраў мае дачыненьне патэнцыйны кандыдат у прэзыдэнты Віктар Бабарыка. Роўна за 4 гадзіны да заявы Дзяржкантролю Аляксандар Лукашэнка расказаў пра акалічнасьці «справы „Белгазпрамбанку“».
  • 18 чэрвеня Віктара Бабарыку і яго сына, кіраўніка ініцыятыўнай групы Эдуарда Бабарыку затрымалі.
  • 14 ліпеня ЦВК зарэгістраваў кандыдатамі ў прэзыдэнты Аляксандра Лукашэнку, Сьвятлану Ціханоўскую, Ганну Канапацкую, Андрэя Дзьмітрыева і Сяргея Чэрачня. Не зарэгістравалі Віктара Бабарыку і Валера Цапкалу.
  • Ад пачатку выбарчай кампаніі праваабаронцы налічылі больш за 1300 затрыманых: удзельнікі «ланцугоў салідарнасьці», сябры ініцыятыўных груп, актывісты, палітыкі, блогеры, журналісты і проста мінакі на вуліцы. Сотні чалавек пакаралі адміністрацыйнымі арыштамі і аштрафавалі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG