Старшыня ЦВК Беларусі Лідзія Ярмошына пракамэнтавала Tut.by паведамленьні пра затрыманьні незалежных назіральнікаў наўпрост на выбарчых участках.
Паводле Ярмошынай, назіральнікаў выдаляюць з участкаў з прыцягненьнем міліцыі ў выпадках, калі яны «парушаюць грамадзкі парадак». Інфармацыя пра гэтыя інцыдэнты па ўсёй краіне ёсьць у ЦВК, запэўніла Ярмошына: там, апроч іншага, значацца выпадкі знаходжаньня на ўчастку ў стане алькагольнага ап’яненьня, пагрозаў іншым назіральнікам, вядзеньня фота- і відэаздымкі без дазволу старшыні камісіі і стварэньня перашкодаў для выбарнікаў.
«У нас тут ёсьць ад іншых назіральнікаў падрабязная даведка, нават сёньня на 14 гадзін. Там, дзе яны дэбашыраць, выдаленьні з дапамогай міліцыі ёсьць. Усё астатняе — гэта ўзаемаадносіны і разборкі «камісія-назіральнік», — заявіла Ярмошына.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Старшыня камісіі ўвяла прапускны рэжым». Незалежных назіральнікаў масава не пускаюць на выбарчыя ўчасткіПаводле яе, ЦВК атрымлівае гэтую інфармацыю «дзякуючы супрацоўніцтву з Фэдэрацыяй прафсаюзаў Беларусі», бо «ўчастковым камісіям гэта некалі пісаць». Прафсаюзы даручылі ўсім сваім назіральнікам паведамляць пра такія выпадкі, стварылі кол-цэнтар, які зьбірае гэтыя паведамленьні ад назіральнікаў на ўчастках, і далей паведамляе ўсё ў ЦВК.
На думку Ярмошынай, заявы некаторых незалежных назіральнікаў аб неабгрунтаваным выдаленьні іх з памяшканьняў для галасаваньня або ў цэлым з тэрыторыі ўчасткаў «не адпавядаюць рэчаіснасьці і ў большасьці выпадкаў зьвязаныя з захаваньнем ліміту ў тры назіральнікі, устаноўленага ў сувязі з пандэміяй каранавірусу».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: На выбарчых участках затрымліваюць незалежных назіральнікаў. СьпісПаводле старшыні ЦВК, на ўчастках, дзе склалі графік знаходжаньня на іх назіральнікаў на ўвесь пэрыяд датэрміновага галасаваньня, такая праблема адсутнічае.
«Там, дзе рабілі гэта строга па акрэдытацыі (яны маюць права гэта зрабіць, проста мы прасілі зьнізіць напал і рабіць графікі), натуральна, атрымліваецца, што першая тройка трапляе, а астатніх не відаць. Першыя, хто атрымаў акрэдытацыю — яны і прысутнічаюць. А калі сыходзяць, то запрашаюцца наступныя», — сказала Ярмошына.
Пасьля пачатку датэрміновага галасаваньня 4 жніўня незалежныя назіральнікі з розных гарадоў Беларусі пачалі паведамляць, што іх затрымліваюць наўпрост на ўчастках, а таксама ствараюць перашкоды іх працы і пазбаўляюць магчымасьці сачыць за ходам выбарчага працэсу.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Назіральнікі налічылі 23 выбарцаў. Бюлетэняў у скрыні аказалася 57Раней ЦВК Беларусі прыняў рашэньне абмежаваць магчымую колькасьць назіральнікаў, якія могуць адначасова знаходзіцца на ўчастку для галасаваньня, матываваўшы гэта эпідэміяй каранавірусу: падчас датэрміновага галасаваньня ў памяшканьні цяпер могуць знаходзіцца толькі тры назіральнікі, а ў асноўны дзень — пяць.
Прэзыдэнцкія выбары — 2020 у Беларусі. Што важна ведаць
- Шостыя ў гісторыі сувэрэннай Беларусі выбары прэзыдэнта прызначаныя на нядзелю, 9 жніўня 2020 году.
- 65-гадовы Аляксандар Лукашэнка кіруе дзяржавай 25 гадоў. Ніводныя прэзыдэнцкія выбары (2001, 2006, 2010, 2015), апроч першых (1994 год), не прызналі свабоднымі і справядлівымі на міжнародным узроўні.
- Старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына адхіліла прапановы праваабаронцаў аб дыстанцыйных прэзыдэнцкіх выбарах у час эпідэміі COVID-19, бо «часу для прыняцьця гэтых захадаў ужо няма». Лукашэнка ня бачыў падставаў пераносіць выбары праз пандэмію.
- ЦВК зарэгістраваў 15 ініцыятыўных груп з 55 заявак.
- Аўтару YouTube-канала «Страна для жизни» Сяргею Ціханоўскаму Цэнтральная выбарчая камісія адмовіла ў рэгістрацыі ініцыятыўнай групы, бо ён адбываў 15 сутак арышту і ня мог асабіста падаць дакумэнты. Тады сваю ініцыятыўную групу ў ЦВК заявіла жонка блогера Сьвятлана Ціханоўская.
- 29 траўня на перадвыбарчым пікеце жонкі затрымалі Ціханоўскага і яшчэ 9 чалавек. Лукашэнка казаў пра акалічнасьці затрыманьня за 4 гадзіны да таго, як яно адбылося.
- 11 чэрвеня ў «Белгазпрамбанку» і шэрагу іншых кампаній прайшлі ператрусы. У Камітэце дзяржкантролю заявілі, што завялі крымінальныя справы аб легалізацыі сродкаў, атрыманых злачынным шляхам, і аб ухіленьні ад сплаты падаткаў у асабліва буйным памеры. Старшыня КДК Іван Тэртэль сьцьвярджаў, што да гэтых спраў мае дачыненьне патэнцыйны кандыдат у прэзыдэнты Віктар Бабарыка. Роўна за 4 гадзіны да заявы Дзяржкантролю Аляксандар Лукашэнка расказаў пра акалічнасьці «справы „Белгазпрамбанку“».
- 18 чэрвеня Віктара Бабарыку і яго сына, кіраўніка ініцыятыўнай групы Эдуарда Бабарыку затрымалі.
- 14 ліпеня ЦВК зарэгістраваў кандыдатамі ў прэзыдэнты Аляксандра Лукашэнку, Сьвятлану Ціханоўскую, Ганну Канапацкую, Андрэя Дзьмітрыева і Сяргея Чэрачня. Не зарэгістравалі Віктара Бабарыку і Валера Цапкалу.
- Ад пачатку выбарчай кампаніі праваабаронцы налічылі больш за 1300 затрыманых: удзельнікі «ланцугоў салідарнасьці», сябры ініцыятыўных груп, актывісты, палітыкі, блогеры, журналісты і проста мінакі на вуліцы. Сотні чалавек пакаралі адміністрацыйнымі арыштамі і аштрафавалі.