Менгарвыканкам і ЦВК пакуль не адрэагавалі на пададзеныя напярэдадні скаргі штабу кандыдаткі ў прэзыдэнты Сьвятланы Ціханоўскай на арганізацыю іншых мерапрыемстваў у парку Дружбы народаў — адным з 6 месцаў, адведзеных у Менску для правядзеньня перадвыбарчай агітацыі, паведаміла БелаПАН прадстаўніца штабу Ганна Красуліна.
«Наша пазыцыя пакуль застаецца такой жа: мы праводзім наша мерапрыемства там, дзе мы заявілі, пра што мы цалкам законна падалі апавяшчэньне ў Менгарвыканкам», — адзначыла Ганна Красуліна і дадала, што гэта пазыцыя актуальная на гэты момант, але яна не выключае, што ўсё можа зьмяніцца.
Красуліна адзначыла, што ў штабе спрабавалі абмеркаваць гэта пытаньне з чыноўнікамі асабіста, прасілі аб сустрэчы, на якой ім бы «далі нейкую пэўную, хаця б адносна законную пазыцыю», аднак адказу не атрымалі, таму наўрад ці будуць «другі, пяты раз грукацца», бо кандыдатка ў прэзыдэнты не павінна «стаяць пад дзьвярыма».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Са спэцтэхнікай і сабакамі. У Мінабароны расказалі, якое шоў плянуюць 6 жніўня на месцы мітынгу Ціханоўскай3 жніўня на сайце адміністрацыі Савецкага раёну Менску зьявілася інфармацыя, што з 3 па 8 жніўня ў парку Дружбы народаў па вечарах будуць канцэрты і сьвяточныя імпрэзы, увечары 6 жніўня — сьвяткаваньне Дня чыгуначных войскаў, якое арганізуе Міністэрства абароны. У гэты ж дзень і час у парку плянаваўся вялікі мітынг-канцэрт у падтрымку Сьвятланы Ціханоўскай.
Прадстаўніца штабу Ціханоўскай Вольга Кавалькова сказала Свабодзе, што ў іх «ёсьць відэазапіс, які пацьвярджае, што яны першымі пасьля рэгістрацыі Сьвятланы падалі заяўкі на ўсе пляцоўкі і даты, у тым ліку на 6 жніўня». Паводле яе, сьвяткаваньне Дня чыгуначных войскаў на адной з пляцовак, прызначаных для агітацыі, парушае выбарчае заканадаўства.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Штаб Ціханоўскай паскардзіўся ў ЦВК і гарвыканкам на перашкоду мітынгу 6 жніўня ў Менску4 жніўня штаб Ціханоўскай падаў у ЦВК і Менгарвыканкам скаргі, запатрабаваўшы адмяніць рашэньне адміністрацыі Савецкага раёну аб арганізацыі на названай пляцоўцы мерапрыемстваў, якія не адносяцца да перадвыбарчай агітацыі. Акрамя таго, штаб папрасіў адрасатаў правесьці навучаньне для кіраўнікоў адміністрацый па выбарчым заканадаўстве.
У апошнія дні штаб Сьвятланы Ціханоўскай быў вымушаны адмяніць некалькі агітацыйных пікетаў у розных гарадах Беларусі: 3 жніўня адмянілі заплянаваны пікет у Стоўпцах, 4 жніўня — у Слуцку і Салігорску. У Слуцку і Салігорску 4 жніўня людзей, якія прыйшлі на сустрэчу зь Ціханоўскай, затрымлівалі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Праваабаронцы: У Слуцку пасьля адмены пікета Ціханоўскай затрымалі больш за паўтара дзясятка чалавекВа ўсіх выпадках прычынай адмены пікетаў сталі экстраныя рамонтныя работы на месцы іх правядзеньня. 4 жніўня актывістам каманды Ціханоўскай з прычыны раптоўных рамонтных работ не ўдалося сустрэцца з прадстаўнікамі штабу ў Мядзеле, Мар’інай Горцы, Чэрвені і іншых гарадах.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Салігорску ўлады сарвалі мітынг Ціханоўскай. Яна павітала людзей з машыны і паехала ў Салігорскі РАУС