У выніку выбухаў у Бэйруце загінулі 78 чалавек, параненыя амаль 4000

Выбух у Бэйруце, 4 жніўня

Колькасьць загінулых у выніку выбухаў у Бэйруце дасягнула 78, раненьні атрымалі амаль 4000 чалавек, піша Reuters са спасылкай на афіцыйных асобаў Лібану. Гэтыя лічбы могуць вырасьці.

Паводле лібанскага Чырвонага Крыжа, многія знаходзіліся паблізу эпіцэнтру і ў дамах, пашкоджаных у выніку выбухаў.

Два магутныя выбухі адбыліся вечарам 4 жніўня ў порце Бэйруту. Іх прычынай маглі стаць выбуховыя матэрыялы, канфіскаваныя шмат гадоў таму, выказаў здагадку кіраўнік спэцслужбы Лібану Абас Ібрагім, якога цытуе агенцтва France-Presse.

Прэзыдэнт Лібану Мішэль Аун склікаў экстранае пасяджэньне Вышэйшай рады абароны краіны.

Раней прэзыдэнт агучваў зьвесткі аб тым, што выбухнулі 2750 тонаў нітрату амонію, які выкарыстоўваюць як ва ўгнаеньнях, так і ў выбухоўцы. Рэчыва захоўвалася шэсьць гадоў бяз захадаў засьцярогі. Прычыну выбуху афіцыйныя асобы пакуль не называюць.

Прэм'ер-міністар Хасан Дыяб папрасіў «дружалюбныя краіны» дапамагчы. Такую дапамогу ўжо прапанавалі Турэччына, Францыя ды іншыя краіны. Таксама пра гатоўнасьць дапамагчы заявіў Ізраіль, хоць гэтая краіна знаходзіцца ў вельмі напружаных стасунках зь Лібанам, дзе значны ўплыў на ўладу мае групоўка «Хэзбала» (яе ў Ізраілі лічаць тэрарыстычнай).

Серада, 5 жніўня, абвешчана днём жалобы ў Лібане.