«Шэйман зь пісталетам езьдзіў па краіне, зьнішчаючы падонкаў». Лукашэнка расказаў, як змагаўся з бандамі

Віктар Шэйман, шматгадовы паплечнік Аляксандра Лукашэнкі

Падчас пасланьня да народу і парлямэнту Аляксандар Лукашэнка прывёў чарговыя падрабязнасьці, як пад ягоным кіраўніцтвам улада змагалася з арганізаванай злачыннасьцю.

32 банды зьнішчылі толькі ў Менску, прызнаўся ён. І калі беларусы зноў хочуць у 1990-я, то ён гэтага не дапусьціць.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Лукашэнка заявіў пра яшчэ адну групу баевікоў, якіх закінулі на поўдзень Беларусі

«Краіна кацілася ў бездань, народ на мяжы выжываньня. Банды арудавалі ад Масквы да мяжы з Польшчай, абабіраючы ўсіх. Але мы іх за паўгода ўсіх вычысіцілі, як некалі Жукаў у Адэсе. Сёньня засталіся Шэйман ды яшчэ пару чалавек, якія зь пісталетамі езьдзілі па краіне, зьнішчаючы падонкаў. Мы гэта прайшлі, і нам тады ніхто не дапамог. Вы хочаце ў 1990-я? Каб краіну падзялілі на сэктары і зьбіралі даніну? Пры мне такога ня будзе», — запэўніў Аляксандар Лукашэнка.

«Ліхія» дзевяностыя Лукашэнка наўпрост зьвязвае з ініцыятывай кандыдаткі ў прэзыдэнты Сьвятланы Ціханоўскай вярнуцца да Канстытуцыі 1994 году, якая сярод іншага абмяжоўвае знаходжаньне на найвышэйшай пасадзе двума тэрмінамі. У выніку рэвізій Асноўнага закону дзейны кіраўнік краіны атрымаў права перавыбірацца неабмежаваную колькасьць разоў.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Хто, як і чаму? 21 год таму выкралі экс-міністра ўнутраных справаў Захаранку

Супраць Віктара Шэймана, які з 1995 па 2000 год займаў пасаду дзяржсакратар Савету бясьпекі, выказвалі падазрэньні ў датычнасьці да зьнікненьняў палітычных апанэнтаў Лукашэнкі.

У траўні 1999 году невядомыя выкралі былога міністра ўнутраных спраў Юрыя Захаранку. У верасьні таго ж году выкралі былога старшыню Цэнтральнай выбарчай камісіі Віктара Ганчара і ягонага сябра, бізнэсоўца Анатоля Красоўскага.

У дачыненьні да Шэймана, а таксама да былога міністра ўнутраных справаў Юрыя Сівакова і былога камандзіра СОБРу Дзьмітрыя Паўлічэнкі з 2004 году дзейнічаюць санкцыі Эўразьвязу і ЗША.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «„Зьверху“ зрабілі ўсё, каб сапраўдных пошукаў не было». Былы міліцыянт расказаў, як шукалі Захаранку, Ганчара і Красоўскага
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Гараўскі, які прызнаўся ў саўдзеле ў забойствах крытыкаў Лукашэнкі, папрасіў прытулку ў Швайцарыі

17 цытатаў Лукашэнкі з пасланьня беларускаму народу