Аляксандар Ярашук ад імя Беларускага кангрэсу дэмакратычных прафсаюзаў (БКДП) накіраваў адкрыты ліст кандыдатам у прэзыдэнты Беларусі Ганьне Канапацкай, Андрэю Дзьмітрыеву і Сяргею Чэрачню.
«Лічаныя дні да таго, калі ня толькі вызначыцца лёс нашай краіны, а і ваша будучыня. Калі вы не падтрымаеце Сьвятлану Ціханоўскую, паставіце крыж на сабе як палітыках. У вачах беларускага народу будзеце выглядаць як людзі, што сталі памагатымі Аляксандра Лукашэнкі, які імкнецца захаваць уладу. Зьняцьце ж на карысьць Ціханоўскай ня толькі пазбаўляе ўладу магчымасьці маніпуляцый з вашымі галасамі, але і будзе характарызаваць вас як дальнабачных палітыкаў, здольных адмовіцца ад імгненных выгадаў на карысьць доўгатэрміновых і стратэгічных», — гаворыцца ў лісьце.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Кандыдат у прэзыдэнты Сяргей Чэрачань ня будзе аб’ядноўваццаАляксандар Ярашук прызнае, што, нягледзячы на палітычную маладосьць, усе яны невыпадкова трапілі ў палітыку і маюць магчымасьць пражыць у ёй доўгае і пасьпяховае жыцьцё. Аднак гэтая магчымасьць зьявіцца не раней, чым у краіне адбудуцца дэмакратычныя перамены і цяперашняя ўлада сыдзе. А шанцы на перамены падвышаюцца «ня з вашым удзелам, а з вашым няўдзелам у выбарах», піша лідэр БКДП.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Пікеты праводзіць ня мае сэнсу». Ганна Канапацкая сустракаецца з калектывам птушкафабрыкі ў Столінскім раёне«Ваш удзел у выбарах не дадае вам аўтарытэту, наадварот, зьмяншае палітычны капітал. Разумееце вы гэта ці не, але сытуацыя менавіта такая. Выбар цяпер за вамі, як распарадзіцца ўласнай палітычнай будучыняй: бязглузда перакрэсьліць яе ці мудра адчыніць туды дзьверы. Застаецца адкрытым толькі пытаньне, дзе будзеце вы — у ліку пераможцаў разам са Сьвятланай Ціханоўскай і беларускім народам ці ў ліку тых, хто прайграў разам з Аляксандрам Лукашэнкам. Іншых варыянтаў няма», — падсумаваў у сваім адкрытым лісьце старшыня БКДП Аляксандар Ярашук.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Дзьмітрыеў патлумачыў, чаму ня будзе здымацца на карысьць Ціханоўскай і каго бачыць новым прэзыдэнтамУсе тры кандыдаты, да якіх зьвяртаецца прафсаюзны лідэр, раней заявілі, што ня будуць здымаць свае кандыдатуры на карысьць Сьвятланы Ціханоўскай.
Прэзыдэнцкія выбары — 2020 у Беларусі. Што важна ведаць
- Шостыя ў гісторыі сувэрэннай Беларусі выбары прэзыдэнта прызначаныя на нядзелю, 9 жніўня 2020 году.
- 65-гадовы Аляксандар Лукашэнка кіруе дзяржавай 25 гадоў. Ніводныя прэзыдэнцкія выбары (2001, 2006, 2010, 2015), апроч першых (1994 год), не прызналі свабоднымі і справядлівымі на міжнародным узроўні.
- Старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына адхіліла прапановы праваабаронцаў аб дыстанцыйных прэзыдэнцкіх выбарах у час эпідэміі COVID-19, бо «часу для прыняцьця гэтых захадаў ужо няма». Лукашэнка ня бачыў падставаў пераносіць выбары праз пандэмію.
- ЦВК зарэгістраваў 15 ініцыятыўных груп з 55 заявак.
- Аўтару YouTube-канала «Страна для жизни» Сяргею Ціханоўскаму Цэнтральная выбарчая камісія адмовіла ў рэгістрацыі ініцыятыўнай групы, бо ён адбываў 15 сутак арышту і ня мог асабіста падаць дакумэнты. Тады сваю ініцыятыўную групу ў ЦВК заявіла жонка блогера Сьвятлана Ціханоўская.
- 29 траўня на перадвыбарчым пікеце жонкі затрымалі Ціханоўскага і яшчэ 9 чалавек. Лукашэнка казаў пра акалічнасьці затрыманьня за 4 гадзіны да таго, як яно адбылося.
- 11 чэрвеня ў «Белгазпрамбанку» і шэрагу іншых кампаній прайшлі ператрусы. У Камітэце дзяржкантролю заявілі, што завялі крымінальныя справы аб легалізацыі сродкаў, атрыманых злачынным шляхам, і аб ухіленьні ад сплаты падаткаў у асабліва буйным памеры. Старшыня КДК Іван Тэртэль сьцьвярджаў, што да гэтых спраў мае дачыненьне патэнцыйны кандыдат у прэзыдэнты Віктар Бабарыка. Роўна за 4 гадзіны да заявы Дзяржкантролю Аляксандар Лукашэнка расказаў пра акалічнасьці «справы „Белгазпрамбанку“».
- 18 чэрвеня Віктара Бабарыку і яго сына, кіраўніка ініцыятыўнай групы Эдуарда Бабарыку затрымалі.
- 14 ліпеня ЦВК зарэгістраваў кандыдатамі ў прэзыдэнты Аляксандра Лукашэнку, Сьвятлану Ціханоўскую, Ганну Канапацкую, Андрэя Дзьмітрыева і Сяргея Чэрачня. Не зарэгістравалі Віктара Бабарыку і Валера Цапкалу.
- Ад пачатку выбарчай кампаніі праваабаронцы налічылі больш за 1300 затрыманых: удзельнікі «ланцугоў салідарнасьці», сябры ініцыятыўных груп, актывісты, палітыкі, блогеры, журналісты і проста мінакі на вуліцы. Сотні чалавек пакаралі адміністрацыйнымі арыштамі і аштрафавалі.