Сабаку прывялі дахаты суседзі.
Адміністрацыйны арышт прысудзіў Фрунзэнскі раённы суд беларускаму барду і пісьменьніку Анатолю Кудласевічу. Гэта пацьвердзілі ў цэнтры ізаляцыі правапарушальнікаў на Акрэсьціна, але тэрмін арышту не назвалі. «Такі адбывае ў нас адміністрацыйны арышт», — сказаў дзяжурны ЦІП.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: 2907 сутак арышту, 285 тысяч рублёў штрафаў з пачатку выбарчай кампаніі. Сёньня новыя затрыманьні і «суткі»За што арыштавалі Анатоля Кудласевіча, пакуль ня ведае і ягоная жонка Вераніка.
«У яго быў суд у чэрвені, за ўдзел у несанкцыянаванай масавай акцыі. Далі 10 сутак, але не забралі. Гарадзкі суд пастанову адмяніў і вярнуў справу на разгляд у той жа Фрунзэнскі раённы суд. У мінулы аўторак мусіў быць працэс, але не адбыўся, бо не прыйшоў сьведка.
Анатоль спадзяваўся на справядлівы разгляд. Ён ня думаў, што схопяць на вуліцы. Учора раніцай пайшоў гуляць з сабачкам і не вярнуўся. Ужо суседзі злавілі сабачку і прывялі дамоў, ад Анатоля зьвестак ніякіх няма», — расказала карэспандэнту Свабоды жонка Анатоля Кудласевіча Вераніка.
7 чэрвеня Анатоль Кудласевіч быў на пікеце для збору подпісаў за Сьвятлану Ціханоўскую ды іншых альтэрнатыўных прэтэндэнтаў у кандыдаты на прэзыдэнта, які праходзіў каля Камароўскага рынку. Пасьля пікету затрымалі Паўла Севярынца, Вольгу Мікалайчык ды іншых актывістаў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Павал Севярынец перадаў, калі выйдзе на волюМяркуецца, барда Анатоля Кудласевіча, які сьпяваў свае песьні для ўдзельнікаў пікету, таксама прыцягнулі да адказнасьці за гэтую акцыю. Удакладніць у Фрунзэнскім раённым судзе пакуль не ўдаецца — тэлефон супрацоўніцы, якая адказвае за сувязі з мэдыя, маўчыць.
2 жніўня пра зьнікненьне Анатоля Кудласевіча падчас прагулкі паведаміў у «Фэйсбуку» ягоны сябра, паэт Валер Пазьнякевіч. Сёньня стала вядома, што міліцыянты прыйшлі і да аўтара гэтага паведамленьня.
«Сёньня Пазнякевіч напісаў: «Толькі што, у 9:40, да пад’езду майго дома падʼехаў міліцэйскі „УАЗ“ і яшчэ адзін легкавы аўтамабіль. Будуць браць». «У кватэры Пазьнякевіча старэнькая мама на мыліцах», — напісала на сваёй старонцы сябра Беларускага саюзу пісьменьнікаў Тацяна Нядбай. Тэлефонная сувязь з Валерам Пазьнякевічам цяпер адсутнічае.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Асноўны супернік за кратамі, 700 затрыманых і мэм «Саша 3%». Выбары-2020 у лічбах і фактахПрэзыдэнцкія выбары — 2020 у Беларусі. Што важна ведаць
- Шостыя ў гісторыі сувэрэннай Беларусі выбары прэзыдэнта прызначаныя на нядзелю, 9 жніўня 2020 году.
- 65-гадовы Аляксандар Лукашэнка кіруе дзяржавай 25 гадоў. Ніводныя прэзыдэнцкія выбары (2001, 2006, 2010, 2015), апроч першых (1994 год), не прызналі свабоднымі і справядлівымі на міжнародным узроўні.
- Старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына адхіліла прапановы праваабаронцаў аб дыстанцыйных прэзыдэнцкіх выбарах у час эпідэміі COVID-19, бо «часу для прыняцьця гэтых захадаў ужо няма». Лукашэнка ня бачыў падставаў пераносіць выбары праз пандэмію.
- ЦВК зарэгістраваў 15 ініцыятыўных груп з 55 заявак.
- Аўтару YouTube-канала «Страна для жизни» Сяргею Ціханоўскаму Цэнтральная выбарчая камісія адмовіла ў рэгістрацыі ініцыятыўнай групы, бо ён адбываў 15 сутак арышту і ня мог асабіста падаць дакумэнты. Тады сваю ініцыятыўную групу ў ЦВК заявіла жонка блогера Сьвятлана Ціханоўская.
- 29 траўня на перадвыбарчым пікеце жонкі затрымалі Ціханоўскага і яшчэ 9 чалавек. Лукашэнка казаў пра акалічнасьці затрыманьня за 4 гадзіны да таго, як яно адбылося.
- 11 чэрвеня ў «Белгазпрамбанку» і шэрагу іншых кампаній прайшлі ператрусы. У Камітэце дзяржкантролю заявілі, што завялі крымінальныя справы аб легалізацыі сродкаў, атрыманых злачынным шляхам, і аб ухіленьні ад сплаты падаткаў у асабліва буйным памеры. Старшыня КДК Іван Тэртэль сьцьвярджаў, што да гэтых спраў мае дачыненьне патэнцыйны кандыдат у прэзыдэнты Віктар Бабарыка. Роўна за 4 гадзіны да заявы Дзяржкантролю Аляксандар Лукашэнка расказаў пра акалічнасьці «справы „Белгазпрамбанку“».
- 18 чэрвеня Віктара Бабарыку і яго сына, кіраўніка ініцыятыўнай групы Эдуарда Бабарыку затрымалі.
- 14 ліпеня ЦВК зарэгістраваў кандыдатамі ў прэзыдэнты Аляксандра Лукашэнку, Сьвятлану Ціханоўскую, Ганну Канапацкую, Андрэя Дзьмітрыева і Сяргея Чэрачня. Не зарэгістравалі Віктара Бабарыку і Валера Цапкалу.
- Ад пачатку выбарчай кампаніі праваабаронцы налічылі больш за 1300 затрыманых: удзельнікі «ланцугоў салідарнасьці», сябры ініцыятыўных груп, актывісты, палітыкі, блогеры, журналісты і проста мінакі на вуліцы. Сотні чалавек пакаралі адміністрацыйнымі арыштамі і аштрафавалі.