На выходных, 1 і 2 жніўня ў Пінску прайшлі перадвыбарчыя пікеты ў падтрымку Аляксандра Лукашэнкі. Раней, адзначае Tut.by, пікетаў у горадзе не дазволілі кандыдатцы Сьвятлане Ціханоўскай — адзінае месца для агітацыі было занята пікетамі за Лукашэнку.
Выданьне «Мэдыя-Палесьсе» зрабіла відэарэпартаж зь пікетаў у падтрымку Лукашэнкі. Сам кандыдат на іх не прыяжджаў.
Як адзначае Tut.by, пляцоўку ў парку культуры і адпачынку занялі пікетамі ў падтрымку Лукашэнкі кожны дзень ад 24 ліпеня да 8 жніўня, з 8 раніцы да 10 вечара. Пляцоўку зарэзэрвавала давераная асоба Лукашэнкі Тацяна Лугіна. Мясцовыя ўлады прапануюць прыхільнікам Ціханоўскай дамаўляцца зь ёй пра магчымасьць агітацыі на адзінай дазволенай у горадзе пляцоўцы, але кантактаў не даюць, як не даюць і іншай пляцоўкі.
Да 1 жніўня пляцоўку не выкарыстоўвалі пад пікеты або іншыя імпрэзы перадвыбарчай кампаніі. Мітынгі-канцэрты 1 і 2 жніўня не анансаваліся ў інтэрнэце.
Гэтыя імпрэзы сталі фактычна першымі люднымі вулічнымі акцыямі ў падтрымку Лукашэнкі пасьля рэгістрацыі кандыдатаў. Ранейшыя пікеты за Лукашэнку былі бязьлюднымі, але давераныя асобы Лукашэнкі праводзілі сустрэчы з выбарнікамі ў закрытых памяшканьнях.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Як выглядаюць пікеты за Аляксандра Лукашэнку. ФАТАФАКТПаводле Tut.by, на канцэрт у нядзелю асноўная маса людзей прыйшла каля 17 гадзінаў — гэта былі мэдыкі, кіраўнікі прадпрыемстваў і арганізацыяў. Некаторым зь іх там давалі ганаровыя граматы і лісты падзякі. Усе апытаныя сьцьвярджалі, што прыйшлі дабраахвотна.
На акцыі ў нядзелю выступіла і Тацяна Лугіна, але за час выступу не назвала імя чалавека, за якога агітавала, і на пытаньні наведнікаў ня стала адказваць — пакінула сцэну адразу пасьля выступу, на якім заклікала пайсьці на ўчасткі і «зрабіць слушны выбар».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Праваабаронцы пра няроўныя ўмовы для кандыдатаў: на Лукашэнку працуе адміністрацыйны рэсурс ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Воршы забаранілі мітынг у падтрымку Ціханоўскай, бо не было заяўніцы ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Да 20 тысяч чалавек. У Берасьці мітынг Ціханоўскай правялі ў сасновым бары. ФотарэпартажПрэзыдэнцкія выбары — 2020 у Беларусі. Што важна ведаць
- Шостыя ў гісторыі сувэрэннай Беларусі выбары прэзыдэнта прызначаныя на нядзелю, 9 жніўня 2020 году.
- 65-гадовы Аляксандар Лукашэнка кіруе дзяржавай 25 гадоў. Ніводныя прэзыдэнцкія выбары (2001, 2006, 2010, 2015), апроч першых (1994 год), не прызналі свабоднымі і справядлівымі на міжнародным узроўні.
- Старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына адхіліла прапановы праваабаронцаў аб дыстанцыйных прэзыдэнцкіх выбарах у час эпідэміі COVID-19, бо «часу для прыняцьця гэтых захадаў ужо няма». Лукашэнка ня бачыў падставаў пераносіць выбары праз пандэмію.
- ЦВК зарэгістраваў 15 ініцыятыўных груп з 55 заявак.
- Аўтару YouTube-канала «Страна для жизни» Сяргею Ціханоўскаму Цэнтральная выбарчая камісія адмовіла ў рэгістрацыі ініцыятыўнай групы, бо ён адбываў 15 сутак арышту і ня мог асабіста падаць дакумэнты. Тады сваю ініцыятыўную групу ў ЦВК заявіла жонка блогера Сьвятлана Ціханоўская.
- 29 траўня на перадвыбарчым пікеце жонкі затрымалі Ціханоўскага і яшчэ 9 чалавек. Лукашэнка казаў пра акалічнасьці затрыманьня за 4 гадзіны да таго, як яно адбылося.
- 11 чэрвеня ў «Белгазпрамбанку» і шэрагу іншых кампаній прайшлі ператрусы. У Камітэце дзяржкантролю заявілі, што завялі крымінальныя справы аб легалізацыі сродкаў, атрыманых злачынным шляхам, і аб ухіленьні ад сплаты падаткаў у асабліва буйным памеры. Старшыня КДК Іван Тэртэль сьцьвярджаў, што да гэтых спраў мае дачыненьне патэнцыйны кандыдат у прэзыдэнты Віктар Бабарыка. Роўна за 4 гадзіны да заявы Дзяржкантролю Аляксандар Лукашэнка расказаў пра акалічнасьці «справы „Белгазпрамбанку“».
- 18 чэрвеня Віктара Бабарыку і яго сына, кіраўніка ініцыятыўнай групы Эдуарда Бабарыку затрымалі.
- 14 ліпеня ЦВК зарэгістраваў кандыдатамі ў прэзыдэнты Аляксандра Лукашэнку, Сьвятлану Ціханоўскую, Ганну Канапацкую, Андрэя Дзьмітрыева і Сяргея Чэрачня. Не зарэгістравалі Віктара Бабарыку і Валера Цапкалу.
- Ад пачатку выбарчай кампаніі праваабаронцы налічылі больш за 1300 затрыманых: удзельнікі «ланцугоў салідарнасьці», сябры ініцыятыўных груп, актывісты, палітыкі, блогеры, журналісты і проста мінакі на вуліцы. Сотні чалавек пакаралі адміністрацыйнымі арыштамі і аштрафавалі.