Як кандыдат у прэзыдэнты Андрэй Дзьмітрыеў грыз свойскія агуркі ды агітаваў за Чэрачня і Ціханоўскую — у рэпартажы з наваградзкага рынку.
«Такі маладзенькі?»
Кандыдат у прэзыдэнты Андрэй Дзьмітрыеў вырашыў сёлета не зьбіраць шматтысячных мітынгаў. Кажа: ягоны электарат — у інтэрнэце, онлайн яму шмат пішуць з падтрымкай. Офлайн ён абраў форму шпацыраў і спантанных сустрэчаў, у дзень па чатыры гарады. Ранак 1 жніўня ён пачаў з Наваградку.
Андрэй Дзьмітрыеў з камандай прыехалі на гадзіну раней, чым плянавалі. Каля цэнтру гарадзкога жыцьця — рынку — ужо няма дзе паставіць машыну. Паплечнікі кандыдата ў прэзыдэнты з улёткамі рушылі на рынак.
Сам Дзьмітрыеў застаўся ў мікрааўтобусе з надпісам «Андрэй Дзьмітрыеў» і пераслухоўваў свой выступ у тэлебачаньні. Праз пэўны час кандыдат і сам выйшаў да выбарнікаў.
«Мяне завуць Андрэй Дзьмітрыеў і я балятуюся ў прэзыдэнты», — казаў ён кожнаму на рынку і ўручаў улётку з сваёй праграмай.
«У прэзыдэнты?» — не дала веры сталая пакупніца.
«Так».
«Такі маладзенькі?»
«39 гадоў», — адказваў Дзьмітрыеў.
«Ведаем, ведаем у твар», — зарагатала жанчына зь белай пышнай фрызурай і таксама папрасіла праграмку.
«Мы вас пазналі, — адгукнуліся гандляркі зь іншага кута. — Глядзелі вас у тэлевізары».
«Я думаў, тэлевізар ужо ніхто і не глядзіць», — нібы зьдзівіўся кандыдат.
«Так, спадцішка паглядваем», — пажартавалі суразмоўцы.
«А чаму вы тут фатаграфуеце? У нас тут тавар», — занепакоіўся гандляр кавунамі.
«Я за Лукашэнку буду [галасаваць]», — зь небеларускім акцэнтам заявілі яшчэ два ягоныя калегі, і адмовіліся браць агіткі.
«Няважна — Дзьмітрыеў, Ціханоўская, Чэрачань»
Агітацыя ішла стрымана, адзін гандляр садавіной ня вытрымаў: «Дык скажыце хоць што».
«А што сказаць?» — спыніўся перад ягонай яткай Дзьмітрыеў. Палітык пачаў пералічваць пункты сваёй праграмы: правесьці новыя выбары цягам году, скараціць колькасьць чыноўнікаў, дазволіць прэзыдэнту быць ня больш за два тэрміны, а мясцовых кіраўнікоў абіраць самім людзям.
«Каб ня ўлада казала людзям, як жыць, а людзі казалі ўладзе, што рабіць», — перафразаваў ён Кастуся Каліноўскага.
«Добрыя, вядома, рэчы», — паківаў галавой гандляр і спытаў, як Дзьмітрыеў ставіцца да блогера Сяргея Ціханоўскага.
Дзьмітрыеў адказаў, што добра, як і да ўсіх альтэрнатыўных кандыдатаў, апрача Ганны Канапацкай.
«Я думаю, варта ісьці і галасаваць. Няважна — Дзьмітрыеў, Ціханоўская, Чэрачань. Гэта ўсё забірае галасы ў Лукашэнкі, каб у першым туры ён не атрымаў 50%», — працягваў агітаваць кандыдат.
На пытаньне «чаму не Канапацкая?» Дзьмітрыеў адказаў працяглым позіркам у вочы і дадаў: «Хіба гэта не зразумела?». На просьбу сфармуляваць тое, што зразумела, патлумачыў:
«Часам мне хочацца сказаць: „Ганна, калі цябе сілай недзе трымаюць, ты нам падміргні, калі ласка“», — адказаў палітык.
Дзьмітрыеў назваў два крытэры, паводле якіх вызначае альтэрнатыўнага кандыдата. Першы — такі кандыдат перадусім накіраваны на дыскусію зь дзейнай уладай, а не на крытыку тых, хто ідзе ў палітыку, каб быў новы прэзыдэнт. Другое — альтэрнатыўны кандыдат салідарны з усімі, хто пацярпеў ад палітыкі і за палітыку.
«Шмат з тых, хто сёньня за кратамі, для мяне ідэалягічна чужыя людзі. Мы па-іншаму бачым Беларусь з Паўлам Севярынцам, напрыклад. Калі б мы былі ў парлямэнце, думаю, мы б змагаліся. Але як толькі ён трапляе за краты, ці Статкевіч, ці ўсе астатнія, для мяне ідэалягічнае вымярэньне перастае існаваць. Ёсьць толькі адно — людзі цярпяць за свае меркаваньні. Такога ў Беларусі быць не павінна», — адзначыў Дзьмітрыеў.
«Пачастуйцеся. Гэта тыбэцкія маліны, тыбэцкія»
«А што будзе з пэнсіямі?» — кінуў зь месца насупраць гандляр бульбай.
Палітык выказаў думку, што нельга «зьмяняць умовы падчас гульні»: нельга дадаваць гады працы перад пэнсіяй або скасоўваць са стажу гады дэкрэту ці службы ў войску.
«Ня можа быць у краіне пэнсійны ўзрост крышку большы за сярэднюю працягласьць жыцьця, асабліва ў мужчын. Гэта ж зьдзек», — пракамэнтаваў Дзьмітрыеў.
Ён вярнуўся да сваёй праграмы. Свабоду палітзьняволеным. У першы дзень новага прэзыдэнта звольніць усю бескарысную ідэалягічную вэртыкаль. Скасаваць «дармаедзкі» дэкрэт і забыць яго як страшны сон. Потым 10 крокаў да рэформаў цягам году.
«Пачастуйцеся агурком», — прапанавала бабуля ў хустачцы.
«Дык я ж у Менск не павязу», — паспрабаваў адмовіцца палітык.
«А ў мяне менчукі бяруць», — з крыўдай паведаміла гандлярка.
Пасьля гутаркі з Ганнай Мікалаеўнай пра яе вялікую гаспадарку (Андрэй Дзьмітрыеў праз аднаго пытаўся ў людзей, як іх завуць) кандыдат усё ж ня змог адмовіць ёй і пачаставаўся агуркамі гаспадыні, а яна настаяла, каб Дзьмітрыеў узяў яшчэ і дзьве галоўкі часныку, які, як высьветлілася, палітык «абажае».
Маладая дзяўчына працягнула на пачастунак свае памідоры. Тут бабуля адкрыла дагэтуль незаўважны плястыкавы слоічак ад сьмятаны.
«Пачастуйцеся. Гэта тыбэцкія маліны, тыбэцкія», — па-змоўніцку працягнула яна ярка-чырвоныя ягады.
«Якая ў вас прыгожая палатка. Як вы маецеся?» — зрабіў Дзьмітрыеў камплімэнт маладой жанчыне з элегантнымі строямі.
Гандлярка расказала, што справы ня надта. На цэньніках 40, 35, 20 рублёў, але ў людзей няма грошай на сукенкі нават у такую цану.
«Хоча быць прэзыдэнтам — адразу два гады турмы»
Паволі рухаючыся паміж гандлёвымі шэрагамі, Дзьмітрыеў пасьпеў выказацца пра падатак на дарогі, заробкі ў чыноўнікаў і рабочых, дамовы з Расеяй на газ, эміграцыю моладзі, задачы сілавых структураў, пытаньне беларускай мовы.
Ён адразу пераходзіў на беларускую мову, калі пытаньне было па-беларуску. «Я проста так гавару», — сумелася жанчына, якая пачала гаварыць «па-простаму» і адкрыла, што, аказваецца, гаворыць па-беларуску, калі палітык адказаў ёй на тытульнай мове нацыі.
Дзьмітрыеў спыніўся на лапіку паміж палаткамі з сандалямі і торбачкамі, і паволі каля яго сабралася кола пакупнікоў. Нехта праходзіў, кідаючы: «Брыдка слухаць» або з пагардай: «От, адразу шмат грошай вам дадуць». Хтосьці апускаў галаву і прасьлізгваў міма, паказваючы, што гэта ўсё ня іхныя справы.
«Як так атрымалася, што ў беларусаў, самага талерантнага народу ў сьвеце, раптам аказалася, што самае вялікае злачынства — гэта мець сваю думку і балятавацца ў прэзыдэнты? Мне здаецца, неўзабаве гэта ўнясуць у Крымінальны кодэкс. Заявіў, што хоча быць прэзыдэнтам, — адразу два гады турмы; зарэгістраваў ініцыятыўную групу — да пяці; ня дай Бог, сабраў подпісы — усё, дзясятачка табе», — жартаваў Дзьмітрыеў.
«Нашая задача — другі тур выбараў»
Ён зноў заклікаў усіх галасаваць толькі 9 жніўня за якога-кольвек з трох альтэрнатыўных кандыдатаў: сябе, Сьвятлану Ціханоўскую або Сяргея Чэрачня.
«Можа, вам аб’яднацца зь Ціханоўскай?» — прапанавала стваральніца БНФ у Наваградку ў 1992 годзе Ларыса Іванаўна.
Дзьмітрыеў патлумачыў: іхняе аб’яднаньне ў тым, што штабы імкнуцца да адной мэты — памяняць прэзыдэнта. Ён дадаў, што ня будзе ўваходзіць у аб’яднаны штаб Ціханоўскай. На думку палітыка, яго кандыдатура павялічвае колькасьць альтэрнатыўных галасоў. Асабліва ў маленькіх гарадах ён чуе, што многія ня хочуць галасаваць за Ціханоўскую, бо жанчына, бо не палітык, бо не падабаецца. Калі Дзьмітрыеў здымецца на карысьць Ціханоўскай, яны ўвогуле ня прыйдуць галасаваць.
«Нашая задача — забраць разам як мага больш галасоў у Лукашэнкі і зладзіць другі тур выбараў. Калі вы прыходзіце на датэрміновае галасаваньне — вы галасуеце за Лукашэнку. Калі вы не прыходзіце на выбары — вы галасуеце за Лукашэнку. Калі вы галасуеце супраць усіх — вы галасуеце за Лукашэнку», — ў палітык.
Ён апавядаў людзям пра абарону галасоў на плятформе «Голас», паведаміў пра новы сайт zarobak.by, дзе зьбіраюць інфармацыю аб праўдзівых заробках беларусаў — ці маюць тыя «папяццот», як увесь час кажа Лукашэнка.
Напрыканцы людзі сталі ў чаргу да кандыдата па аўтограф. «У мяне вельмі неразборлівы почырк. Часам нешта напішу, і калі за дні ў кампутар не перанясу, то ўжо бессэнсоўна. Мог бы мэдыкам быць, але ня склалася», — жартаваў палітык, пакідаючы подпісы.
«Вы верыце ў сумленныя выбары?», — запыталася жыхарка Наваградку.
«Не, але я веру, што мы можам за гэта пазмагацца», — адказаў кандыдат.
На разьвітаньне Андрэй Дзьмітрыеў падзякаваў людзям і пажадаў ім добрага гандлю. «Вам таксама добрага гандлю», — пачуў ён у адказ.
Гэтая публікацыя падрыхтаваная з выкарыстаньнем інфармацыі БелаПАН.
Прэзыдэнцкія выбары — 2020 у Беларусі. Што важна ведаць
- Шостыя ў гісторыі сувэрэннай Беларусі выбары прэзыдэнта прызначаныя на нядзелю, 9 жніўня 2020 году.
- 65-гадовы Аляксандар Лукашэнка кіруе дзяржавай 25 гадоў. Ніводныя прэзыдэнцкія выбары (2001, 2006, 2010, 2015), апроч першых (1994 год), не прызналі свабоднымі і справядлівымі на міжнародным узроўні.
- Старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына адхіліла прапановы праваабаронцаў аб дыстанцыйных прэзыдэнцкіх выбарах у час эпідэміі COVID-19, бо «часу для прыняцьця гэтых захадаў ужо няма». Лукашэнка ня бачыў падставаў пераносіць выбары праз пандэмію.
- ЦВК зарэгістраваў 15 ініцыятыўных груп з 55 заявак.
- Аўтару YouTube-канала «Страна для жизни» Сяргею Ціханоўскаму Цэнтральная выбарчая камісія адмовіла ў рэгістрацыі ініцыятыўнай групы, бо ён адбываў 15 сутак арышту і ня мог асабіста падаць дакумэнты. Тады сваю ініцыятыўную групу ў ЦВК заявіла жонка блогера Сьвятлана Ціханоўская.
- 29 траўня на перадвыбарчым пікеце жонкі затрымалі Ціханоўскага і яшчэ 9 чалавек. Лукашэнка казаў пра акалічнасьці затрыманьня за 4 гадзіны да таго, як яно адбылося.
- 11 чэрвеня ў «Белгазпрамбанку» і шэрагу іншых кампаній прайшлі ператрусы. У Камітэце дзяржкантролю заявілі, што завялі крымінальныя справы аб легалізацыі сродкаў, атрыманых злачынным шляхам, і аб ухіленьні ад сплаты падаткаў у асабліва буйным памеры. Старшыня КДК Іван Тэртэль сьцьвярджаў, што да гэтых спраў мае дачыненьне патэнцыйны кандыдат у прэзыдэнты Віктар Бабарыка. Роўна за 4 гадзіны да заявы Дзяржкантролю Аляксандар Лукашэнка расказаў пра акалічнасьці «справы „Белгазпрамбанку“».
- 18 чэрвеня Віктара Бабарыку і яго сына, кіраўніка ініцыятыўнай групы Эдуарда Бабарыку затрымалі.
- 14 ліпеня ЦВК зарэгістраваў кандыдатамі ў прэзыдэнты Аляксандра Лукашэнку, Сьвятлану Ціханоўскую, Ганну Канапацкую, Андрэя Дзьмітрыева і Сяргея Чэрачня. Не зарэгістравалі Віктара Бабарыку і Валера Цапкалу.
- Ад пачатку выбарчай кампаніі праваабаронцы налічылі больш за 1300 затрыманых: удзельнікі «ланцугоў салідарнасьці», сябры ініцыятыўных груп, актывісты, палітыкі, блогеры, журналісты і проста мінакі на вуліцы. Сотні чалавек пакаралі адміністрацыйнымі арыштамі і аштрафавалі.