Прэзыдэнцкія выбары на ўчастках у пасольствах або консульствах Беларусі за мяжой будуць праходзіць у 34 краінах. На момант публікацыі беларусы замежжа ўжо ў 19 краінах стварылі ініцыятывы, каб правесьці апытаньні каля выбарчых участкаў — экзыт-полы (exit polls). Пра гэты праект расказаў адзін зь яго каардынатараў Міхаіл Рубін — IT-прадпрымальнік і сябра ўправы гарадзкой рады Франкфурту ў Нямеччыне ад правацэнтрысцкай Свабоднай дэмакратычнай партыі.
Сьцісла:
- Мы кансультаваліся з прафэсійнымі сацыёлягамі, у нас будуць апытальнікі прыблізнага аднаго тыпу і агульная база дадзеных
- Мы знаходзімся ў прававым полі тых краінаў, дзе ў пасольствах будзе праходзіць галасаваньне. Мы будзем уважліва сачыць за тым, каб валянтэры праводзілі апытаньне не на тэрыторыі, якая належыць пасольству альбо консульству
- Мы ня ставім задачу аналізаваць атрыманыя лічбы. Але мы дамо нашыя вынікі ў адкрытае карыстаньне, у тым ліку прэсе і ўсім зацікаўленым сацыялягічным арганізацыям
- Шкадую, што на выбарах у Беларусі ня будзе назіральнікаў ад АБСЭ. Я давяраю ім на 100 працэнтаў, блізка зь імі працаваў — там вельмі кампэтэнтныя людзі
- Я лічу вельмі важным працэс, які ідзе разам з выбарамі: нараджэньне грамадзянскай супольнасьці ў Беларусі. Важна, каб ён не спыняўся, незалежна ад вынікаў выбараў
«Няма каманды, якая б кіравала»
— Ідэя амаль адначасова зьявілася ў выхадцаў зь Беларусі, якія жывуць у Чэхіі, Польшчы, Нідэрляндах і Аўстраліі. Аўстралія — асабліва цікавы выпадак. Там ня будзе выбарчых участкаў, і грамадзяне Беларусі, якія там жывуць, фактычна пазбаўленыя магчымасьці прагаласаваць. Яны ня могуць аддаць свой голас за нейкага кандыдата і таму ня будуць праводзіць экзыт-полаў там на месцы, але яны падтрымліваюць арганізацыю гэтага праекту па ўсім сьвеце.
Паралельна такі ж праект прэзэнтавалі пару тыдняў таму на онлайн-хакатоне, у якім удзельнічалі больш за 300 чалавек практычна з усяго сьвету.
Усё гэта дэцэнтралізавана, а наша ініцыятыўная група проста спрабуе троху скаардынаваць працу. Мы кансультаваліся з прафэсійнымі сацыёлягамі, у нас будуць апытальнікі прыблізнага аднаго тыпу і агульная база дадзеных, куды мы спрабуем сабраць усе найлепшыя напрацоўкі зь месцаў. Але няма каманды, якая б кіравала ці прымала агульныя рашэньні. Асноўныя пытаньні будуць вырашаць каардынатары і арганізатары на месцах.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Не пускалі, а потым сказалі — позна. Як беларусы замежжа спрабуюць стаць назіральнікамі«Не парушаць законаў Беларусі і краін, дзе будуць апытаньні»
— Каб правесьці экзыт-пол, у Беларусі трэба спэцыяльны дазвол. Але мы знаходзімся ў прававым полі тых краінаў, дзе ў пасольствах будзе праходзіць галасаваньне. Мы будзем уважліва сачыць за тым, каб валянтэры праводзілі апытаньне не на тэрыторыі, якая належыць пасольству альбо консульству. І нават не каля самага ўваходу, а троху ўбаку.
У асноўным ва ўсіх эўрапейскіх ды іншых дэмакратычных краінах на экзыт-полы ня трэба нейкіх дазволаў — іх можа праводзіць любая арганізацыя ці група людзей. У некаторых краінах ёсьць невялікія абмежаваньні. Напрыклад, у Нямеччыне вынікі экзыт-полаў на муніцыпальных, зямельных выбарах ці на выбарах у Бундэстаг нельга агучваць да моманту, калі зачыняцца выбарчыя ўчасткі.
Мы ў любым выпадку не зьбіраемся агучваць вынікі да закрыцьця выбарчых участкаў у Беларусі. Наш агульны прынцып — каб не было парушэньня ні законаў Рэспублікі Беларусь, ні законаў тых краін, дзе будуць праходзіць апытаньні. І сам працэс апытваньня павінен быць незалежны і празрысты.
Да прыкладу, наш каардынатар у Расеі сьпісваўся з такімі сацыёлягамі, як Грыгоры Юдзін (старшы навуковы супрацоўнік лябараторыі сацыялягічных дасьледаваньняў Вышэйшай школы эканомікі); Уладзімір Ягораў (каардынатар ініцыятывы «Галасы»); Алег Рэут (кіраўнік экспэртна-кансультацыйнай групы пры старшыні ЦВК у Карэліі) — і пытаўся пра законнасьць. Праводзіць экзыт-полы законна, бо яны робяцца не падчас выбараў у Расеі і не на тэрыторыі амбасады Беларусі. Экзыт-пол не зьяўляецца агітацыяй і пікетам, бо гэта апытаньне грамадзян бязь нейкай палітычнай агітацыі. Таксама наш каардынатар папярэдзіў полк паліцыі па ахове дыпляматычных прадстаўніцтваў і само пасольства.
«Ня ставім задачу аналізаваць атрыманыя лічбы»
— Мы хочам прытрымлівацца прынцыпаў клясычнага экзыт-полу і зьбіраць статыстычную інфармацыю. Мы ня ставім задачу аналізаваць атрыманыя лічбы ці параўноўваць іх з афіцыйнымі, якія будуць агучаныя па канкрэтных участках, дзе адбудуцца апытаньні. Але мы дамо нашыя вынікі ў адкрытае карыстаньне, у тым ліку прэсе і ўсім зацікаўленым сацыялягічным арганізацыям.
Я чуў, што паводле статыстыкі галасаваньне беларусаў за мяжой і ўнутры краіны моцна адрозьніваецца. Праз тыдзень мы пабачым, ці будзе так цяпер. Чамусьці мне здаецца, што гэтым разам ня будзе такога вялікага адрозьненьня.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Выбаркамы зарэгістравалі рэкордную колькасьць нацыянальных назіральнікаў, абсалютная бальшыня — праўладныяМы хочам быць на 100 працэнтаў нэўтральнымі, неперадузятымі, і мы не працуем супраць выбарчых камісій у пасольствах і консульствах. Наадварот — мы хочам працаваць разам зь імі і хочам нашымі зьвесткамі пацьвердзіць тыя лічбы, якія будуць агучаныя пасьля выбараў. Мы інфармуем іх усіх пра наш праект. У глыбіні душы я ўпэўнены, што ў нас ня будзе вялікага разыходжаньня, а мо і зусім ня будзе.
«Шкада, што ня будзе назіральнікаў ад АБСЭ»
— У Нямеччыне даволі рознае выбарчае заканадаўства ў залежнасьці ад таго, якія выбары праводзяцца — муніцыпальныя, зямельныя, у Бундэстаг ці ў Эўрапарлямэнт. У беларускім заканадаўстве няма магчымасьці дыстанцыйнага галасаваньня, а значная частка нямецкіх выбарнікаў гэтым карыстаецца. Па-другое, у Нямеччыне нават ня трэба зьбіраць подпісы, каб вылучыцца ў выбарчую камісію. Тут звычайна не хапае людзей у камісіі.
У Беларусі гэта прыгожа выглядае на паперы, але на практыцы, як я зразумеў, камісіі больш фармуюцца адміністрацыйным шляхам. Мне здаецца, што тут трэба ня столькі мяняць заканадаўства, а хутчэй яго дакладна прытрымлівацца, Само па сабе яно не такое і кепскае. У нямецкім заканадаўстве таксама не прапісана, што прадстаўнікі партый павінны ўдзельнічаць у выбарчых камісіях, але на практыцы так атрымліваецца, бо гэтыя людзі палітычна актыўныя і гатовыя працаваць.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Выбары ператвараюцца ў цалкам закрыты працэс», — заява «Права выбару» пра зьмяншэнне колькасьці назіральнікаўПытаньне назіральнікаў за выбарамі таксама вельмі важнае. Асабіста я вельмі шкадую, што на выбарах у Беларусі ня будзе назіральнікаў ад АБСЭ. Не ўдаючыся ў падрабязнасьці, хто там каго запрасіў ці не, мне вельмі шкада, што ня будзе незалежных назіральнікаў. Я давяраю назіральнікам АБСЭ на 100 працэнтаў, блізка зь імі працаваў — там вельмі кампэтэнтныя людзі.
«Грамадзянская супольнасьць павінна разьвівацца далей»
— Я нарадзіўся і вырас у Віцебску, зьехаў адтуль у Нямеччыну ў 24 гады. Якраз сёлета будзе паўжыцьця ў Нямеччыне. Я ніколі ня рваў сувязі зь Беларусьсю, зь сябрамі, вельмі часта там бываю. У мяне застаўся беларускі пашпарт, і я стараюся ніколі не прапускаць выбары. Сёлета мне яшчэ трэба будзе прыняць цяжкае рашэньне: ці ехаць галасаваць у пасольства ў Бэрлін або ў консульства ў Мюнхэне, ці цалкам прысьвяціць дзень галасаваньня каардынацыі гэтага вялікага цікавага праекту, які цяпер захапіў частку майго жыцьця.
Мне б хацелася, каб у палітычна актыўных людзей першая думка пра Беларусь не была: «А, гэта тая самая краіна, празь якую ў Эўропе дагэтуль ужываецца сьмяротнае пакараньне». Каб такой думкі не было ў маіх партыйных калегаў, калегаў па бізнэсе, калі я ім расказваю пра сваю радзіму. Я вельмі спадзяюся, што Беларусь увядзе мараторый, а яшчэ лепш — скасуе яго. І тады ўся Эўропа будзе вольная ад сьмяротных пакараньняў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Пагрозы і перасьлед. Як жывуць сваячкі асуджаных на сьмяротнае пакараньне братоў з ЧэрыкаваЯ лічу вельмі важным працэс, які ідзе разам з выбарамі: нараджэньне грамадзянскай супольнасьці ў Беларусі. Важна, каб ён не спыняўся, незалежна ад вынікаў выбараў. Грамадзянская супольнасьць павінна разьвівацца далей, і я ўпэўнены, што Беларусь зойме годнае месца сярод дэмакратычных эўрапейскіх краін.
Сьпіс краін, дзе ёсьць ініцыятывы правесьці экзыт-полы:
- Аўстрыя
- Бэльгія
- Вялікая Брытанія
- Гішпанія
- Грузія
- ЗША
- Ізраіль
- Італія
- Канада
- Літва
- Нідэрлянды
- Нямеччына
- Польшча
- Расея
- Украіна
- Фінляндыя
- Францыя
- Чэхія
- Швайцарыя
- Швэцыя
- Эстонія