Расейскі апазыцыйны палітык Уладзімір Мілоў не выключае драматычнага разьвіцьця падзей у Беларусі, мяркуе, што для Пуціна лепшы Лукашэнка, чым зьмена ўлады праз народны пратэст, і называе Сьвятлану Ціханоўскую, Марыю Калесьнікаву і Вераніку Цапкалу «будучыняй Беларусі».
Хто такі Мілоў
- 48-гадовы Ўладзімір Мілоў — расейскі апазыцыйны палітык, грамадзкі дзеяч, блогер.
- У 2012–2015 гадах узначальваў партыю «Дэмакратычны выбар».
- Разам з Барысам Нямцовым апублікаваў брашуру «Пуцін. Вынікі», у якой рэзка скрытыкаваў дзеяньні расейскай улады.
- У 2002 годзе быў намесьнікам міністра энэргетыкі Расеі.
- Адзін са стваральнікаў кааліцыі «За Расею без самавольства і карупцыі».
- Вядзе на сваім youtube-канале штотыднёвую перадачу пра міжнародную палітыку «Обнимашки с диктаторами», многія выпускі якой прысьвячае сытуацыі ў Беларусі.
Сьцісла
- Пуціна хацеў бы атрымаць у Менску больш згаворлівага лідэра, але ёсьць больш небясьпечная для яго рэч, чым незгаворлівы Лукашэнка. Гэта зьмена ўлады зьнізу ўверх з масавым удзелам народу.
- Мы чакаем вельмі складанага супрацьстаяньня бліжэйшым часам. На жаль, бачна, што ўпарты дыктатар гатовы ісьці на многае.
- Гэтых «прыгожынцаў» ужо выкарыстоўваюць ня толькі як гарматнае мяса на Блізкім Усходзе і ў Афрыцы, імі пачалі ўжо гандляваць — хочаце намаляваць вайсковы пераварот, каб скасаваць выбары, мы вам падкінем нашых хлопчыкаў.
- Беларусь рэальна знаходзіцца на перадавым краі барацьбы за перамены на дыктатарскай постсавецкай прасторы.
- Гэта ваша будучыня, а не калгасная намэнклятура з нанятым эскортам, ня гэтыя «ражаныя» фэльдмаршалы.
- Многія палітыкі ў Беларусі знайшлі ў сабе мужнасьць і сілы гэта зрабіць, і мы бачым вельмі моцную прэзыдэнцкую кампанію Сьвятланы Ціханоўскай.
«Пакуль гэта выкарыстоўваюць для таго, каб зрабіць перашкоды з допускам людзей на мітынгі»
— Уладзімір, у той момант, калі мы з вамі размаўляем, у Менску праходзіць агітацыйны мітынг кандыдаткі на прэзыдэнта Святланы Ціханоўскай. У сувязі затрыманымі ў Беларусі наёмнікамі ЧВК «Вагнэр», якія, як заявілі беларускія спэцслужбы, прыбылі ў Беларусь дэстабілізаваць абстаноўку напярэдадні выбараў, улады ўвялі на мітынгу беспрэцэдэнтныя захады бясьпекі. Як вам бачыцца з Масквы, што цяпер адбываецца ў Беларусі? З чым гэта можна параўнаць?
— Я вельмі ўважліва сачу за сытуацыяй апошнія месяцы. Многія з нас вельмі сымпатызуюць барацьбе беларусаў за свабоду ад гэтай дыктатуры, якая надакучыла і струхлела. Мы падтрымліваем адзінага кандыдата ад народу Сьвятлану Ціханоўскую і жадаем ёй посьпеху. Мы паміж сабой усё гэта абмяркоўваем і чакаем вельмі нэрвовага разьвіцьця падзей. Лукашэнка, з аднаго боку, разумее, што ён цалкам згубіў папулярнасьць у краіне. Для гэтага дастаткова паглядзець на беспрэцэдэнтныя акцыі ў падтрымку Ціханоўскай па ўсёй краіне апошнія тыдні. З другога боку, ён зусім ня мае намеру аддаваць уладу, пра што і гаворыць. Таму такая дылема, і, на жаль, не абыдзецца без таго, што Лукашэнка пойдзе на жорсткія захады. Па тым энтузіязьме, зь якім беларусы выходзяць падтрымліваць перамены, я таксама бачу, што яны не зьбіраюцца здавацца, на шчасьце. Адзінае, што гэта можа прывесьці да драматычных сцэнараў. Вельмі складана прадказаць, што гэта будзе.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Беларусь — прахадны двор для расейцаў». Расейскія СМІ пра затрыманьні ў МенскуЗ гісторыі з «вагнэраўцамі» бачна, што Лукашэнка гатовы на абсалютна ідыёцкія схемы. Шчыра кажучы, я не зразумеў, навошта ён гэта ўсё задумаў. Мы ўсе, калі пайшлі паведамленьні пра затрыманьні «вагнэраўцаў», думалі, што гэта стане падставай для адмены ці пераносу выбараў. Кшталту — спроба перавароту з замежным удзелам. Але пакуль гэта выкарыстоўваюць для таго, каб зрабіць перашкоды з допускам людзей на мітынгі. Паглядзім. Мы чакаем вельмі складанага супрацьстаяньня бліжэйшым часам. На жаль, бачна, што ўпарты дыктатар гатовы ісьці на многае і ня хоча сыходзіць. Ня хочацца рабіць змрочных прагнозаў, але я думаю, што далей сытуацыя можа разьвівацца па даволі жорсткім сцэнары.
«Адзінае рацыянальнае тлумачэньне — гэта нейкі „договорняк“ з Крамлём»
— Перад выбарамі або падчас масавых пратэстаў спэцслужбы ў Беларусі раскрываюць змовы — то дохлых пацукоў апазыцыя ў водаправод хоча падкінуць, то Лукашэнка заяўляе ў 2017 годзе, што празь мяжу прарваўся ўкраінскі джып, а потым арыштоўваюць дзясяткі чалавек па справе арганізацыі, якая спыніла існаваньне вельмі даўно. Цяпер у Беларусі арыштавалі баевікоў ПВК «Вагнэр», і упершыню перад выбарамі беларускія спэцслужбы знаходзяць расейскі сьлед. Якая ваша ацэнка?
— Я знаходжу гэтаму адзінае рацыянальнае тлумачэньне — гэта нейкі «договорняк» з Крамлём. Так публічна тузаць Расею за нібыта спробу вайсковага ўмяшаньня ў суседняй краіне... І гэта ня проста суседняя краіна. Расея дэманструе асаблівыя адносіны зь Беларусьсю як вянец свайго геапалітычнага посьпеху. Ня тое што кажуць пра магчымае паглынаньне Беларусі, на цяперашняй стадыі лічыцца, што ў нас ёсьць адна краіна, якая нам сябар заўсёды, нягледзячы ні на што. Гэта вельмі сур’ёзны ўдар па іміджы Крамля, што яны паслалі нібыта наймітаў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Лукашэнка дае сыгнал Захаду, што Расея хоча яго скінуць». Расейскія экспэрты пра затрыманьне «расейскіх баевікоў»І тое, што расейскі бок гэты трывае, на маю думку, сьведчыць пра тое, што гэта, найхутчэй, папярэдняя дамоўленасьць. Я адчуваю, што гэтых «прыгожынцаў», «вагнэраўцаў» ужо выкарыстоўваюць ня толькі як гарматнае мяса на Блізкім Усходзе і ў Афрыцы, імі пачалі ўжо гандляваць... Хлопцы, хочаце намаляваць вайсковы пераварот, каб скасаваць выбары — давайце мы вам падкінем нашых хлопчыкаў, вы іх арыштуеце, пасадзіце, і яны будуць ляпіць «переваротчыкаў». У мяне адчуваньне, што група «Вагнэр» перайшла на зарабляньне яшчэ і такім спосабам.
Я ня вельмі веру, што Лукашэнка можа з такімі рэзкімі рэчамі выступаць без папярэдняга абмеркаваньня з Пуціным і Масквой. І рэакцыя Масквы вельмі спакойная. У нас жа ўзбуджаюцца ў адказ на абсалютна мінімальныя рэчы. Нехта ў брытанскай газэце артыкул пра Сталіна і пакт Молатава-Рыбэнтропа напісаў, а расейскі МЗС бяжыць і пачкамі робіць заявы. А тут такая гісторыя — і нічога. Гэта першая прыкмета, што яны ў курсе і не зьбіраюцца нічога рабіць. Я думаю, што за гэтым стаіць пэўная дамоўная аснова.
«Крэмль ня проста хоча, але і відавочна ўмешваецца ў беларускія выбары»
— Уладзімір, як вам бачыцца, ці зьбіраецца Крэмль неяк уплываць, умешвацца ў выбары прэзыдэнта Беларусі? У Беларусі практычна нацыяналізаваны газпромаўскі банк, былы старшыня рады дырэктараў якога, прэтэндэнт на пасаду прэзыдэнта цяпер у турме. Якой вам бачыцца пазыцыя Крамля? Вельмі невыразная пакуль...
— Я абсалютна перакананы, што Крэмль ня проста хоча, але і відавочна ўмешваецца ў беларускія выбары, таму што Пуціна, безумоўна, дастаў Лукашэнка. Ён хацеў бы атрымаць больш згаворлівага лідэра, больш слабога лідэра ў Менску. Але ёсьць больш небясьпечная для Пуціна рэч, чым незгаворлівы Лукашэнка. Гэта зьмена ўлады зьнізу ўверх з масавым удзелам народу, калі народ выходзіць і заяўляе: «Я тут гулец, я вырашаю, хто будзе лідэрам, ня нейкія закулісныя дамоўленасьці ўнутры эліты ці паміж Менскам і Масквой, а вось мы, беларускі народ, вырашым, хто будзе краінай кіраваць». Гэта для Пуціна страшная сытуацыя, страшэнная атрута. І пры ўсім тым нэгатыве, які існуе ў Пуціна да Лукашэнкі, вядома, ён хацеў бы неяк сытуацыяй скарыстацца, каб яго зьмяніць, але чаго Пуцін не гатовы рабіць — гэта мяняць Лукашэнку шляхам народнай рэвалюцыі. Гэта горшая опцыя, чым калі Лукашэнка застаецца на месцы.
— Усе, хто ўдзельнічае ў гэтых выбарах, і тыя, хто ня змог удзельнічаць, не зьяўляюцца антырасейскімі кандыдатамі. І Віктар Бабарыка, і Валер Цапкала на пытаньне «Чый Крым?» ніколі не давалі адказу, што Крым украінскі...
— Безумоўна, ніхто з кандыдатаў не настроены сварыцца з Расеяй, якая зьяўляецца галоўным эканамічным партнэрам. Амаль палова беларускага экспарту ідзе ў Расею. Беларуская залежнасьць калясальная. Але размова не пра кандыдатаў на прэзыдэнта, размова пра тое, што для Пуціна нават унутрыпалітычна вельмі небясьпечная ў бліжэйшай краіне зьмена ўлады праз народную рэвалюцыю. Нават калі разглядаць варыянт розных камбінацый, пры якіх Лукашэнка проста ціха сыдзе з улады — там Крэмль быў бы гатовы пагуляць. Але калі выбіраць паміж Лукашэнкам і народнай рэвалюцыяй, тут Пуцін, сьціснуўшы кулакі, будзе граць на баку Лукашэнкі. Народныя рэвалюцыі для Пуціна — самы страшэнны вораг, які б слабы і арыентаваны на Расею палітык ні прыйшоў у выніку да ўлады.
«Абʼяднаньне адбываецца, калі зьяўляецца рэальная сіла, за якой відаць падтрымка народу»
— У сераду апазыцыйная расейская партыя ПАРНАС у адкрытым звароце падтрымала грамадзян Беларусі ў іх барацьбе за перамены, падкрэсьліла, як важная для расейскіх дэмакратычных сілаў незалежнасьць Беларусі, і нават сказала, што «і нам бы павучыцца ад вас» у пляне абʼяднаньня. Барыс Нямцоў часта казаў, што Беларусь раней за Расею стане дэмакратычнай краінай. Наколькі ўважліва расейскія дэмакратычныя сілы сочаць за тым, што адбываецца ў Беларусі? Памятаю часы, калі расейскія апазыцыянэры прыяжджалі на мітынгі ў Менск.
— Мы вельмі ўважліва сочым. Я хацеў бы сказаць вельмі простую рэч. Мы пабачылі, што абʼяднаньне адбываецца, калі зьяўляецца рэальная сіла, якая мае падтрымку народу. Вельмі здорава, заслугоўвае вялікай павагі і аплядысмэнтаў, што зьнятыя кандыдаты без усялякіх умоваў абʼядналіся са штабам Сьвятланы Ціханоўскай у адзіную кампанію. Але гэтаму папярэднічала тое, што зьявіўся муж Сьвятланы, Сяргей Ціханоўскі, зь якога ўсё і пачалося, ягоны супэрпапулярны youtube-канал, які расказваў праўду пра тое, што ў краіне адбываецца. Ён езьдзіў па краіне, размаўляў зь людзьмі, гэта ператварылася ў нацыянальны фэномэн. І гэта стварыла базу для такога абʼяднаньня.
Я ў тым ліку і расейскім многім сваім калегам па апазыцыі хачу сказаць — вельмі просты выбар, які мы бачым на прыкладзе Беларусі — проста падтрымлівайце моцных, тых, хто працуе зь людзьмі, не спрабуйце сабе вытаргаваць месца за нейкім сталом у «палітбюро», як у нас многія «старыя» дэмакраты прывыклі рабіць. У вас вялікая гісторыя апазыцыі ў Беларусі, вы зразумееце, пра што я. Калі зьяўляецца новая, моцная сіла, якую падтрымлівае народ, падтрымайце яе.
Многія палітыкі ў Беларусі знайшлі ў сабе мужнасьць і сілы гэта зрабіць, і мы бачым вельмі моцную прэзыдэнцкую кампанію Сьвятланы Ціханоўскай. Я сваім расейскім калегам кажу — бярыце прыклад з гэтага, і мы будзем рухацца па тым жа шляху, як Беларусь, якая, як я лічу, рэальна знаходзіцца на перадавым краі барацьбы за перамены на дыктатарскай постсавецкай прасторы.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Нам ёсьць чаму павучыцца ў вас» — расейская партыя ПАРНАС падтрымала «барацьбу за свабоду» ў Беларусі«Гэты вобраз новай Беларусі ўжо нікуды ня сыдзе і будзе натхняць людзей яшчэ гады наперад»
— Аляксандар Лукашэнка зь дзяўчатамі са службы пратаколу ці жанчынамі, якія аддана служаць на важных пасадах, кшталту Лідзіі Ярмошынай, — гэта патрыярхальная карцінка, з аднаго боку, і тры сьмелыя, адважныя, цудоўныя жанчыны — абсалютна іншая карцінка, з другога. Ці слушна гэтым жанчынам сыходзіць, калі яны дасягнуць пастаўленай мэты — пераменаў, новых выбараў і вызваленьня палітвязьняў?
— Гэта проста неверагодная карцінка. Вашая будучыня — гэта, а не калгасная намэнклятура з нанятым эскортам, ня гэтыя «ражаныя» фэльдмаршалы, якія, акрамя карупцыйных, ніякіх іншых войнаў не вялі. Вось гэта вашая будучыня. Тут пытаньне ня ў тым, ці застануцца яны ў палітыцы. Яны ўжо ўвайшлі ў гісторыю як сымбаль новай Беларусі і беларускага грамадзтва, якое хоча разьвівацца, хоча свабоды, хоча быць сучасным, перадавым, эўрапейскім.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Гэтыя жанчыны нікім не прызначаныя. Яны самі рызыкуюць». Псыхоляг, філёзаф і сацыёляг пра фэномэн жаночага трыёГэтая карціна, гэты вобраз новай Беларусі ўжо нікуды ня сыдзе і будзе натхняць людзей яшчэ гады наперад. Спадзяюся, што падзеі пойдуць па лепшым сцэнары. Таму тут пытаньне ня ў тым, хто канкрэтна будзе ўдзельнічаць у палітыцы, а што канкрэтна ўдалося зрабіць беларусам падчас гэтай кампаніі — паказаць усім новы вобраз будучыні і вобраз краіны. Гэта здорава. Гэта фантастыка. Я перакананы, што мы хутка пабачым Беларусь такой, а ня «ражанай», калгаснай, якой яе спрабуе зрабіць Лукашэнка.
«Мы ведаем, як гэта баліць, на сваім прыкладзе, і мы адчуваем гэты боль у вас»
— Ваш блог на youtube «Обнимашки с диктаторами» апошнім часам вы часта прысьвячаеце Беларусі. У свой час вы ўдзельнічалі ў спэцыяльным праекце «Белсату». Ці зьвязвае вас што-небудзь зь Беларусьсю, акрамя прафэсійнай цікавасьці?
— Я чалавек глябалісцкіх поглядаў. З маімі эўрапейскімі калегамі мы называем сябе «1989 kid», дзіця 1989 году, калі былі аксамітныя рэвалюцыі, зьнесьлі Бэрлінскі мур. Мы ўсе марым пра адзіную эўрапейскую прастору свабоды, праўды і прагрэсу, дзе ўсім будзе месца. Калі мы бачым суседнюю краіну, дзе мы часта бывалі, вельмі любім цудоўных людзей, якія там жывуць, зь якіх зьдзекуецца мафіёзная дыктатура, якая цягне іх у мінулае, — мы заўсёды падтрымліваем барацьбу гэтай краіны за свабоду. Ці гэта Ўкраіна, ці гэта Беларусь... У Армэніі нядаўна былі падобныя падзеі, і мы вельмі падтрымлівалі тыя перамены, якія прынёс Нікол Пашыньян.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Нямцоў: У Беларусі няма імпэрскага комплексу, вы — эўрапейцыГэта ня нешта ўнікальнае, проста мы хочам жыць з усімі нашымі суседзямі на раўнапраўных умовах у агульным эўрапейскім доме ва ўмовах свабоды і прагрэсу. І нас вельмі раздражняе, калі зьяўляецца такая дыктатура і мафія, якія гэты прагрэс і свабоду стрымліваюць. Мы ведаем, як гэта баліць, на сваім прыкладзе, і мы адчуваем гэты боль у вас. І заўсёды будзем падтрымліваць вашу барацьбу за свабоду. Жыве Беларусь!
Прэзыдэнцкія выбары — 2020 у Беларусі. Што важна ведаць
- Шостыя ў гісторыі сувэрэннай Беларусі выбары прэзыдэнта прызначаныя на нядзелю, 9 жніўня 2020 году.
- 65-гадовы Аляксандар Лукашэнка кіруе дзяржавай 25 гадоў. Ніводныя прэзыдэнцкія выбары (2001, 2006, 2010, 2015), апроч першых (1994 год), не прызналі свабоднымі і справядлівымі на міжнародным узроўні.
- Старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына адхіліла прапановы праваабаронцаў аб дыстанцыйных прэзыдэнцкіх выбарах у час эпідэміі COVID-19, бо «часу для прыняцьця гэтых захадаў ужо няма». Лукашэнка ня бачыў падставаў пераносіць выбары праз пандэмію.
- ЦВК зарэгістраваў 15 ініцыятыўных груп з 55 заявак.
- Аўтару YouTube-канала «Страна для жизни» Сяргею Ціханоўскаму Цэнтральная выбарчая камісія адмовіла ў рэгістрацыі ініцыятыўнай групы, бо ён адбываў 15 сутак арышту і ня мог асабіста падаць дакумэнты. Тады сваю ініцыятыўную групу ў ЦВК заявіла жонка блогера Сьвятлана Ціханоўская.
- 29 траўня на перадвыбарчым пікеце жонкі затрымалі Ціханоўскага і яшчэ 9 чалавек. Лукашэнка казаў пра акалічнасьці затрыманьня за 4 гадзіны да таго, як яно адбылося.
- 11 чэрвеня ў «Белгазпрамбанку» і шэрагу іншых кампаній прайшлі ператрусы. У Камітэце дзяржкантролю заявілі, што завялі крымінальныя справы аб легалізацыі сродкаў, атрыманых злачынным шляхам, і аб ухіленьні ад сплаты падаткаў у асабліва буйным памеры. Старшыня КДК Іван Тэртэль сьцьвярджаў, што да гэтых спраў мае дачыненьне патэнцыйны кандыдат у прэзыдэнты Віктар Бабарыка. Роўна за 4 гадзіны да заявы Дзяржкантролю Аляксандар Лукашэнка расказаў пра акалічнасьці «справы „Белгазпрамбанку“».
- 18 чэрвеня Віктара Бабарыку і яго сына, кіраўніка ініцыятыўнай групы Эдуарда Бабарыку затрымалі.
- 14 ліпеня ЦВК зарэгістраваў кандыдатамі ў прэзыдэнты Аляксандра Лукашэнку, Сьвятлану Ціханоўскую, Ганну Канапацкую, Андрэя Дзьмітрыева і Сяргея Чэрачня. Не зарэгістравалі Віктара Бабарыку і Валера Цапкалу.
- Ад пачатку выбарчай кампаніі праваабаронцы налічылі больш за 1300 затрыманых: удзельнікі «ланцугоў салідарнасьці», сябры ініцыятыўных груп, актывісты, палітыкі, блогеры, журналісты і проста мінакі на вуліцы. Сотні чалавек пакаралі адміністрацыйнымі арыштамі і аштрафавалі.