Намесьнік памочніка дзяржсакратара ЗША ў справах Эўропы і Эўразіі Джордж Кент даў эксклюзіўнае інтэрвію Радыё Свабода па шырокім спэктры амэрыканска-беларускіх дачыненьняў і прэзыдэнцкай выбарчай кампаніі ў Беларусі.
Гутарку вёў дырэктар Беларускай службы Радыё Свабода Аляксандар Лукашук.
— У Беларусі адбываюцца выбары, — і мы назіраем рост цікавасьці да іх з боку ЗША — заява дзяржсакратара Пампэо 3 ліпеня, заява трох сэнатараў Дэрбіна, Рубіё і Кардына, — але ў Менску ўсё яшчэ няма амэрыканскага амбасадара. Як вы атрымліваеце інфармацыю пра тое, што адбываецца, што вы бачыце пазытыўнага і нэгатыўнага ў гэтай кампаніі?
— Перш за ўсё, я хацеў бы сказаць, што мы чакаем абмену амбасадарамі ў найбліжэйшым часе. У нас не было амбасадараў ад 2008 году. А намесьнік міністра замежных справаў Беларусі Краўчанка ўжо прызначаны і мае прыляцець у Вашынгтон у сярэдзіне жніўня. На наступным тыдні, 5 жніўня, у Сэнаце ЗША пройдзе слуханьне аб зацьвярджэньні кандыдатуры Джулі Фішэр.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Прэзыдэнт Трамп намінаваў амбасадара ЗША ў Беларусі пасьля 12 гадоў адсутнасьціТак што ў найбліжэйшым часе мы будзем мець амбасадараў у абедзьвюх сталіцах упершыню за 12 гадоў. Хоць у нас не было амбасадара ад 2008 года, у нас у Менску ёсьць амбасада ЗША. У нас ёсьць павераны ў справах, і ён якраз зьмяніўся два тыдні таму. Так што ёсьць амбасада, яны сустракаюцца зь беларускімі чыноўнікамі, яны сустракаюцца з прадстаўнікамі беларускай грамадзянскай супольнасьці, бізнэсу і іншымі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Трэба, каб стасункі былі ўстойлівымі», — першая заява Краўчанкі на пасадзе амбасадара Беларусі ў ЗШАЁсьць актыўнае ўзаемадзеяньне. Вядома ж, яно пашырыцца і паглыбіцца, як толькі амбасадар зьявіцца ў Менску. Што да інфармацыі, дык акрамя амбасады і яе справаздачаў, ёсьць шмат сяброў Беларусі і людзей, якія сочаць за падзеямі ў Беларусі, і мы, вядома, таксама слухаем іх голас.
— Спадар Кент, пакуль мы з вамі гаворым, цалкам імаверна, што беларускія ўлады вядуць допыт кантрактнікаў расейскай прыватнай вайсковай кампаніі «Вагнэр», арыштаваных у сераду, якія, як сьцьвярджаецца, плянавалі перашкодзіць выбарам, пагражалі бясьпецы і парадку. Вы падчас вашай ранейшай працы ва Ўкраіне напэўна ня раз чулі пра гэтую кампанію і яе дзеяньні. Як вы ацэньваеце гэтую сытуацыю?
— Злучаныя Штаты выказвалі занепакоенасьць спробамі ўмяшаньня ў выбарчы працэс ва ўсіх краінах. Гэта датычыць і Беларусі. Гэта датычыць і нашай уласнай краіны — ЗША — дзе выбары маюць адбыцца ў лістападзе. Гэта будзе датычыць і іншых краін рэгіёну, напрыклад Грузіі, дзе таксама будуць выбары.
Думаю, што адносна кампаніі Вагнэра, якую часам называюць «прыватнай вайсковай кампаніяй», — ясна што яе выкарыстоўваюць як інструмэнт расейскіх уладаў. Крэмль выкарыстоўвае яе як недарагі і надзейны інструмэнт дасягненьня сваіх мэтаў у розных месцах.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Вагнэраўцы» ў Беларусі: напад ці спэктакль?Мы ўсе сочым за навінамі, і інфармацыя, пра якую згадалі і беларускія ўлады і на якую зьвярнулі ўвагу ўкраінскія ўлады — што частка арыштаваных учора ваявалі на ўсходзе Ўкраіны супраць Украіны. І таму беларускія ўлады сёньня запрасілі ня толькі расейскага амбасадара, але і ўкраінскага паверанага ў справах.
— Гэтыя выбары досыць незвычайныя ў двух сэнсах: два верагодныя лідэры, банкір Бабарыка і блогер Ціханоўскі, сядзяць у турмах, сотні чалавек затрыманыя, ёсьць два дзясяткі актывістаў, якім пагражаюць крымінальнай справай. Звычайна ў Беларусі такія рэчы здараюцца пасьля выбараў. Другі аспэкт — упершыню ня будзе назіральнікаў АБСЭ. Ці гэта азначае, што гэтыя выбары ўжо пазбавіліся даверу і легітымнасьці — з гледзішча ўраду ЗША?
— Нам вельмі шкада, што ў АБСЭ ня будзе магчымасьці накіраваць назіральнікаў на гэтыя выбары. Сёньня прайшла штотыднёвая сэсія на пленарным пасяджэньні АБСЭ, падчас якой гаварылася аб сытуацыі ў Беларусі. Мы, безумоўна, узьнялі пытаньне аб назіральніках, а таксама выказалі жаданьне бачыць, што выбары праходзяць свабодна і справядліва, у адпаведнасьці з тымі самымі прынцыпамі — прынцыпамі АБСЭ, якія дзейныя для Беларусі, як і ЗША. І я думаю, што сябры Беларусі, якія хочуць, каб краіна дамаглася посьпеху, таксама хочуць, каб беларускія грамадзяне мелі магчымасьць мець свой голас у цяперашнім выбарчым працэсе.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Назіральнікаў ад АБСЭ на выбарах у Беларусі ня будзе, бо іх не запрасілі— Дык гэта ўжо перадвызначаная выснова?
— Наша роля ня ў тым, каб выносіць прысуд, калі працэс яшчэ не закончыўся і вынікі яшчэ не абвешчаныя. Але мы далучылі свой голас у тым сэнсе, што некалькі тыдняў таму амбасада выступіла з заявай, дзе заклікала беларускія ўлады забясьпечыць як мага больш свабодны і справядлівы выбарчы працэс, маючы на ўвазе вартыя шкадаваньня падзеі апошніх тыдняў, пра якія вы згадалі.
— Я б хацеў запытацца ў вас пра адзін асаблівы момант у гэтых выбарах. Пасьля арышту банкіра Бабарыкі беларускія ўлады правялі брыфінг для амбасадараў, на якім была і часовая павераная ў справах Джэніфэр Мур. Міністэрства фінансаў ЗША згадвалася ў абвінаваўчых доказах. Аднак наконт гэтага не было ніякіх заяваў з амэрыканскага боку — ці можна іх чакаць? Можаце сказаць нам — што ж там такое было?
— Ня ведаю дакладна, на што там спасылаліся, але я магу сказаць, што адным з асноўных элемэнтаў палітыкі ЗША ў дачыненьні да Беларусі, нават цяпер, калі мы вяртаем амбасадара і пашыраем сваю дзейнасьць у краіне, як у палітычным, дыпляматычным, так і ў эканамічным пляне, ёсьць Акт аб дэмакратыі ў Беларусі, прыняты Кангрэсам у 2004 годзе і абноўлены некалькі разоў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У МЗС абмеркавалі з амбасадарамі заходніх краін узаемадзеяньне ў расьсьледаваньні «справы „Белгазпрамбанку“»І ў рамках рэалізацыі гэтага Акту, які вызначае і наш юрыдычны падыход да Беларусі, застаюцца некаторыя санкцыі, якія былі ўведзеныя яшчэ ў 2008 годзе і датычаць як асобаў, так і кампаніяў. Гэта ёсьць часткай нашых двухбаковых адносін ад 2008 году.
Раней сёлета мы былі рады бачыць адгрузку першай партыі амэрыканскай нафты ў Беларусь, а другая партыя ўжо ў адкрытым моры і будзе пастаўленая ў наступным месяцы. Гэта магло адбыцца дзякуючы таму, што была магчымасьць адмовіцца ад пэўных санкцыяў, каб атрымаць ліцэнзію на экспарт. І так узьнікла магчымасьць, каб амэрыканская нафтавая кампанія пастаўляла нафту ў Беларусь.
Такія апэрацыі закліканыя дапамагчы Беларусі дывэрсіфікаваць крыніцы энэргіі і вызваліцца ад поўнай залежнасьці ад Расеі. Мы лічым, што гэта добра для Беларусі. Гэта добра для ЗША і нашых адносін.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Беларусь купіла ў ЗША яшчэ 80 тысяч тон нафтыАле санкцыі застаюцца, бо Акт патрабуе большай прасторы для грамадзянскай супольнасьці і магчымасьці палітычных выказваньняў у Беларусі. І там мы пасьлядоўна паўтараем беларускім сябрам і калегам, што для таго, каб рэалізаваць увесь патэнцыял амэрыканска-беларускіх адносін, а гэта, безумоўна, датычыць эканамічнага боку, мусяць быць зробленыя дадатковыя крокі ў справе адкрытасьці і дэмакратызацыі, каб даць беларусам шанец выказваць свае меркаваньні.
— Я хачу спытацца ў вас пра нешта дарагое сэрцу нашых чытачоў і слухачоў. Перад тым, як ісьці ў студыю, я глядзеў наш відэастрым зь перадвыбарчага мітынгу ў Менску — яго глядзела адначасова больш за 50 тысяч чалавек. Роля незалежных СМІ і сацыяльных сетак у гэтых выбарах беспрэцэдэнтная — там найперш зьяўляецца ўся інфармацыя, там можна пачуць незалежныя галасы, пабачыць лідэраў. Гэта ў сваю чаргу вядзе да беспрэцэдэнтнага ўзроўню перасьледу незалежных СМІ, прамых пагроз дзейнага прэзыдэнта на адрас Радыё Свабода, Бі-Бі-Сі і іншых. Журналісты Радыё Свабода зазналі нематываваныя затрыманьні, зьбіцьцё, цялесныя пашкоджаньні. Адзін з нашых калегаў Ігар Лосік ужо месяц застаецца за кратамі, яму пагражае турэмны тэрмін за дзейнасьць у сацыяльных сетках. Ці абмяркоўвае дзярждэпартамэнт гэтыя пытаньні зь беларускімі ўладамі? Калі так, як яны гэта тлумачаць?
— Мы ўзьнімаем гэтыя пытаньні, бо я лічу, што яны ляжаць у аснове любога пасьпяховага грамадзтва. Свабода мэдыяў, свабода друку, свабода выказваньня журналістаў мае вырашальнае значэньне для таго, каб грамадзяне атрымлівалі інфармацыю і прымалі рашэньні датычныя грамадзтва. Гэта быў галоўны прынцып амэрыканскага грамадзтва з моманту нашага заснаваньня ў 1776 годзе. Гэта галоўнае ядро агульных прынцыпаў АБСЭ, якія ўхваліла і Беларусь.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Улады спрабуюць спыніць нашу журналісцкую працу». Заява кіраўніцтва Радыё Свабодная Эўропа/Радыё СвабодаІ таму калі краіны, і ня толькі Беларусь, прымаюць меры, гэтае пытаньне ўзьнімаецца на самым высокім узроўні. Сёлета я ня быў у Беларусі з прычыны каранавірусу. Але я магу сказаць, напрыклад, што калі я быў у 2018 і 2019 гадах у Азэрбайджане, дзе падобная сытуацыя з карэспандэнтамі Радыё Свабода, я ўзьнімаў гэтае пытаньне з прэзыдэнтам Аліевым. Так што гэта пытаньне, якое мы ўспрымаем сур’ёзна, і амэрыканскія дыпляматы ўзьнімаюць яго ў сваіх кантактах на найвышэйшым узроўні.
— Дазвольце, я зацытую вашага папярэдніка на пасадзе — Ўэса Мічэла — ён заявіў, што «памежныя дзяржавы, такія як Украіна, Грузія і нават Беларусь — гэта самы надзейны бастыён супраць расейскага нэаімпэрыялізму». Шмат хто ў Беларусі з гэтым згодны, але многія бачаць тут унутраную супярэчнасьць паміж двума прынцыпамі: падтрымкай дэмакратычных каштоўнасьцяў і падтрымкай беларускага аўтарытарнага рэжыму...
— Мой былы начальнік Ўэс Мічэл вярнуўся ў прыватнае жыцьцё, так што вы можаце зь ім свабодна пагаварыць і ён падзеліцца з вамі сваімі думкамі, ён вельмі ўдумлівы аналітык.
Мы б ня бачылі супярэчнасьці паміж нашай падтрымкай агульных прынцыпаў і нашай падтрымкай права краінаў рабіць свой выбар. Нават калі ЗША імкнуцца нармалізаваць нашы адносіны, якія ад 2008 году былі не зусім нармальнымі, мы не чакаем ад Беларусі і ня цісьнем на яе, каб яна зрабіла выбар паміж Усходам і Захадам, гэта быў бы фальшывы выбар. У Беларусі, відавочна, ёсьць свая гісторыя і свае адносіны.
Так што я думаю, калі мы імкнемся палепшыць нашы адносіны і калі мы гаворым аб прынцыпах, такіх як свабода сходаў і свабода мэдыяў, дык гэта таму, што мы хочам, каб Беларусь дасягнула посьпеху. Мы хочам, каб Беларусь заставалася сувэрэннай, незалежнай краінай. І мы хочам, каб беларусы мелі магчымасьць ствараць працоўныя месцы, эканамічныя даброты, і жыць у сваім грамадзтве так, каб паважаліся правы грамадзянаў.
І тады ня нам вызначаць, якія рашэньні краіна павінна прыняць наконт яе геапалітычнай арыентацыі або яе адносін з навакольным сьветам. Свой шлях Беларусь сапраўды мусіць вызначаць сама. І таму мы таксама падтрымліваем гэтае права краінаў на свой выбар, нават калі іх выбар не абавязкова супадае з нашым.
Як разьвіваліся адносіны Беларусі і ЗША. Галоўнае
- ЗША прызналі Беларусь у 1992 годзе.
- У 1994 годзе ЗША, разам зь Вялікай Брытаніяй і Расеяй, падпісалі Будапэшцкі мэмарандум аб гарантыях бясьпекі для Беларусі ў абмен на перадачу Беларусьсю ядзерных узбраеньняў Расеі.
- Прэзыдэнт ЗША Біл Клінтан быў зь візытам у Беларусі ў 1994 годзе, падчас візыту ён наведваў Курапаты.
- Кіраўнік Беларусі Аляксандар Лукашэнка ніводнага разу ня быў з афіцыйным візытам у ЗША.
- Таваразварот гандлю паміж Беларусьсю і ЗША ў 2018 годзе склаў 711 мільёнаў даляраў.
- Аляксандар Лукашэнка неаднойчы казаў, што без ЗША канфлікт ва Ўкраіне ня можа быць вырашаны.
- У 2016 годзе кіраўнік Беларусі заяўляў, што прэзыдэнцкія выбары ў ЗША выйграе Дональд Трамп.
- У 2010-я гады Беларусь была адным са шляхоў невайсковага транзыту грузаў для амэрыканскай вайсковай групоўкі ў Аўганістане.
- У ЗША ў 2004 годзе быў прыняты закон «Акт аб дэмакратыі для Беларусі», які абмяжоўвае гандаль паміж дзьвюма краінамі і забараняе ўраду ЗША галасаваць у міжнародных фінансавых арганізацыях за выдзяленьне Беларусі крэдытаў.
- З 2006 году адносна беларускіх чыноўнікаў дзейнічаюць амэрыканскія візавыя санкцыі.
- У 2007 годзе ЗША ўвялі эканамічныя санкцыі адносна прадпрыемстваў беларускага канцэрну «Белнафтахім».
- У 2008 годзе Менск запатрабаваў ад‘езду з краіны пасла ЗША Карэн Ст’юарт.
- Адначасова штат амбасады быў скарочаны з 35 супрацоўнікаў да пяці.
З таго часу і дагэтуль ЗША ў Беларусі і Беларусь у ЗША прадстаўленыя на ўзроўні часовых павераных.
11 год без амбасадараў. Як мяняліся дыпляматычныя стасункі паміж ЗША і Беларусьсю
- У 2015 годзе ЗША віталі вызваленьне палітвязьняў у Беларусі і высілкі Менску па спрыяньні ўрэгуляваньню канфлікту на ўсходзе Ўкраіны.
- У 2015 годзе ўлады ЗША прыпынілі дзеяньне эканамічных санкцый адносна Беларусі. У далейшым дзеяньне санкцый прыпынялася кожныя паўгода.
- У 2019 годзе Менск і Вашынгтон дамовіліся аднавіць паўнавартасныя дыпляматычныя адносіны.