Пуцін правёў нараду са спэцслужбамі наконт «справы баевікоў» у Беларусі

Уладзімір Пуцін

Прэзыдэнт Расеі Ўладзімір Пуцін правёў у рэжыме відэаканфэрэнцыі апэратыўную нараду з пастаяннымі чальцамі Савету Бясьпекі Расейскай Фэдэрацыі, паведамляе сайт Крамля.

«Адбылася грунтоўная размова пра інцыдэнт з затрыманьнем расейскіх грамадзян у Беларусі. Выказаная надзея на тое, што ўжо бліжэйшым часам у гэтую сытуацыю будзе ўнесеная яснасьць і беспадстаўна затрыманыя расейскія грамадзяне будуць вызваленыя», — гаворыцца ў паведамленьні.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Джордж Кент: Крэмль выкарыстоўвае «Вагнэр» як інструмэнт дзеля сваіх інтарэсаў

У нарадзе ўзялі ўдзел прэм’ер-міністар Міхаіл Мішусьцін, старшыня Савету Фэдэрацыі Валянціна Матвіенка, старшыня Дзяржаўнай Думы Вячаслаў Валодзін, сакратар Савету бясьпекі Мікалай Патрушаў, міністар унутраных спраў Уладзімір Калакольцаў, міністар абароны Сяргей Шайгу, кіраўнік ФСБ Аляксандар Бортнікаў, дырэктар службы зьнешняй выведкі Сяргей Нарышкін і іншыя.

Сёньня прэс-сакратар Пуціна Дзьмітрый Пяскоў заявіў, што затрыманыя не рабілі нічога супрацьзаконнага, а іх знаходжаньне ў рэспубліцы ніяк не зьвязанае зь беларускімі справамі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Ляцелі транзытам». Крэмль чакае, што затрыманых у Беларусі расейцаў вызваляць

«Цяпер мы ўжо з высокай доляй упэўненасьці можам сказаць, што гэтыя расейскія грамадзяне прыехалі праездам у Беларусь, яны павінны былі ляцець транзытам у іншую краіну, іх знаходжаньне ніяк не зьвязанае з самой Беларусьсю ці зь беларускімі справамі», — сказаў прадстаўнік Крамля, адзначыўшы, што гэтыя расейцы — супрацоўнікі прыватнага ахоўнага прадпрыемства, яны спазьніліся на самалёт і чакалі вылету, «у іх былі білеты ў Стамбул», — заявіў Пяскоў.